Затрыманне «Nizkiz». У чым схлусіла лукашэнкаўская прапаганда?


Трох з чатырох удзельнікаў беларускага рок-гурта «Nizkiz» затрымалі ў Магілёве. Пра гэта паведамілі праўладны тэлеграм-канал «Беларусь 4 Магілёў» ды іншыя прапагандысты. Як гэта атрымалася і ў чым схлусіла лукашэнкаўская прапаганда?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жорстка і гвалтоўна сілавікі Лукашэнкі ўрываюцца ў кватэры музыкаў гурта «Nizkiz». Праз імгненне на руках Аляксандра Ілліна, Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна зашчоўкнуцца кайданкі.

Дзяржаўная прапаганда рапартуе: «Музыкі пасля падзеяў 2020 года пакінулі Беларусь. І вось вырашылі вярнуцца. Ім бы да таго пастукацца ў камісію па вяртанні… Бо хто гэтага не робіць, рана ці позна будзе прыцягнуты да адказнасці. Як нашыя героі».

Аднак праваабаронцы і знаёмыя музыкаў пазней гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. Артысты працягвалі жыць у Беларусі, кажа радыёвядоўца, музычная журналістка Марына Савіцкая:

«Яны выязджалі выключна на канцэрты. Яны ніколі не з’язджалі на пастаяннае месца жыхарства за мяжой. Хаця трэба зазначыць, што канцэрты ў іх адбываліся ў розных кутках. Гэта не толькі Літва і Польшча. Гэта яшчэ і далей. І больш за тое, на канцэртах у іх вельмі часта гучала фраза пра тое, што яны будуць вяртацца на радзіму. Яны вельмі любяць Беларусь, і яны хацелі заставацца менавіта там».

Але навошта прапагандысты ў сваім сюжэце некалькі разоў настойваюць на тым, што музыкі «Nizkiz» з’ехалі з Беларусі?

«Трэба запалохваць тых, хто знаходзіцца за мяжой. Бо тыя, хто ўнутры краіны, – яны і так ужо запалоханыя. А вось тыя, хто знаходзіцца па-за тэрыторыяй Беларусі, – ім трэба нейкія месэджы, як кажуць, даваць. Вось гэта такі месэдж», – кажа псіхолаг Наталля Скібская.

Затрыманне музыкаў з гурта «Nizkiz» не першая такая справа ў лукашэнкаўскай Беларусі. Летась ад 8 да 10 гадоў пазбаўлення волі прысудзілі чальцам рагачоўскага гурта «Tor Band». Што ж рабіць творцу, калі яму за гэтую самую творчасць пагражае турма? З’язджаць ці заставацца?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Іллін выступае на канцэрце ў цэнтры Варшавы ў межах заключнай часткі фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 19 чэрвеня 2022 года.
Фота: Volha Shukaila / Zuma Press / Forum

«У дадзеным выпадку трэба вырашаць, што для цябе больш важна. Ну, як бы застацца і ціха адсядзецца – ці займацца там далей канцэртнай і іншай творчасцю. Я ведаю адно, што калі б я, напрыклад, паехаў, сеў, то я нічым бы потым не дапамог ні сваім родным, ні блізкім. І таму я выехаў», – распавядае музыка Алесь Дзянісаў.

У прапагандысцкім сюжэце ёсць і так званыя пакаянныя відэа з удзельнікамі гурта. На іх пад ціскам музыкі прызнаюцца, што ў 2020 годзе стваралі песні і кліпы нібыта на загад з-за мяжы. Пры гэтым паводле якога менавіта артыкулу затрымалі музыкаў і ў чым яны абвінавачваюцца, ані прапагандысты, ані сілавікі Лукашэнкі не кажуць.

«Nizkiz» – беларускі рок-гурт, заснаваны ў Магілёве ў 2008 годзе. Выконвае песні на беларускай і расейскай мовах. Удзельнік шматлікіх музычных фестываляў. У сваім актыве мае 4 альбомы і 13 сінглаў. Папулярным у Беларусі «Nizkiz» зрабіўся ў 2020-м, калі выйшаў кліп на песню «Правілы». Ён стаўся адным з сімвалаў беларускага пратэсту.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»