У Вільні пройдзе велікоднае набажэнства для праваслаўных беларусаў


Стала вядома месца і час правядзення святочнага набажэнства, якое пройдзе на Вялікдзень у Вільні ў праваслаўнай супольнасці ў юрысдыкцыі Усясветнага Патрыярхата. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал супольнасці. 

Запрашэнне на служэнне.
Фота: «Беларускі праваслаўны прыход у Вільні» / Telegram / ortovilnya

У нядзелю 16 красавіка ў Вільні пройдзе першае набажэнства праваслаўнай супольнасці ў юрысдыкцыі Усясветнага Патрыярхата. Літургія на беларускай мове адбудзецца ў 00:00 гадзін па адрасе: Vokiečiu g. 20, Вільня.

Аб правядзенні святочнага служэння расказаў на сваёй старонцы ў Facebook і протаіерэй Георгій Рой, які раней разам з іерэем Аляксандрам Кухтай перайшлі з-пад юрысдыкцыі Маскоўскай патрыярхіі пад юрысдыкцыю Усясветнага Патрыярха.

«Дарагія сябры! Набліжаецца Велікодная ноч Хрыстовага Уваскрасення. У Вільнюсе, дзе я цяпер служу, на Вялікдзень адбудзецца першая Літургія нашай беларускай абшчыны. Мы збіраемся ў Велікодную ноч па адрасе: Vokiečių g. 20. Пачатак Пасхальнай Ютрані ў 0.00 гадзін», – напісаў Георгій Рой.

Раней «Белсат» паведамляў 6 красавіка, што напярэдадні Дабравешчання Сусветны патрыярх Варфаламей разгледзеў прашэнні беларускіх святароў Георгія Роя і Аляксандр Кухты і і прыняў іх пад свой амафор. Пастанова прынятая на падставе 10-га канону VII Сусветнага сабору, а таксама правілаў 17 і 18 Трульскага сабору.

Наўздагон Мітрапаліт Беларускай праваслаўнай царквы Веніямін паспрабаваў забараніць у служэнні святароў Аляксандра Кухту і Георгія Роя.

Аднак затым у тэлеграм-канале хрысціянскіх праваабаронцаў «Хрысціянская візія», зʼявілася тлумачэнне, што Рой і Кухта былі прынятыя пад юрысдыкцыю Усясветнага Патрыярха ў адпаведнасці ў нормамі царкоўнага права, знаходзяцца пад амафорам Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея і ніякія рашэнні БПЦ іх ўжо не тычацца і ніяк да іх не адносяцца.

Каментар
Два святары БПЦ перайшлі ў Канстанцінопальскі патрыярхат. У Вільні будуць служыць па-беларуску
2023.04.07 20:39

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў