Беларускія святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой прынятыя ў Сусветны патрыярхат


Два беларускія праваслаўныя святары пайшлі з юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і перайшлі ў Сусветны патрыярхат з цэнтрам у Стамбуле. Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія». 

Аляксандр Кухта і Георгій Рой.
Фота: «Хрысціянская візія» / Telegram / christianvision

6 красавіка стала вядома, што напярэдадні Дабравешчання Сусветны патрыярх Варфаламей разгледзеў прашэнні беларускіх святароў Георгія Роя і Аляксандр Кухты і і прыняў іх пад свой амафор. Адзначаецца, што пастанова прынятая на падставе 10-га канону VII Сусветнага сабору, а таксама правілаў 17 і 18 Трульскага сабору.

На Вялікдзень 2023 года ў Вільні адбудзецца першае набажэнства для праваслаўных беларусаў, што здзейсняць беларускія святары Сусветнага патрыярхату. Дэталі пра месца і час набажэнства паведамяць пазней.

Протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта – святары Беларускай праваслаўнай царквы, вымушаныя зʼехаць ад пераследаў уладаў у Літву ў сувязі з пазіцыяй, заяўленай імі ў кантэксце беларускага палітычнага крызісу і расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пасля адʼезду яны звярнуліся да патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея, бо з меркаванняў сумлення яны не могуць заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату.

Сусветны патрыярхат Канстанцінопалю (Канстанцінопальская праваслаўная царква, яшчэ адна назва – Рымскі праваслаўны патрыярхат) – першая ў дыптыху (першая паводле гонару) аўтакефальная праваслаўная царква. У грэцкай літаратуры таксама называецца Вялікай царквой Хрыстовай. З 22 кастрычніка 1991 года яе ўзначальвае архіепіскап Канстанцінопалю – Новага Рыму і Сусветны патрыярх Варфаламей. Адміністрацыйны цэнтр патрыярхату, рэзідэнцыя і кафедральны сабор Георгія Пераможца месцяцца ў Фэнэры (частка Стамбулу).

Як пісаў раней «Белсат», Сусветны патрыярх і архіепіскап Канстанцінопалю Варфаламей 20 сакавіка 2023 года наведаў Вільню з візітам. Ягоны візіт стаў чарговым крокам дзеля стварэння новай праваслаўнай юрысдыкцыі на тэрыторыі краіны, паралельнай мясцовай епархіі Расейскай праваслаўнай царквы. Ствараецца гэтая структура ў тым ліку і дзеля мясцовай беларускай грамады.

Аналітыка
Канстанцінопальскі патрыярхат вяртаецца ў Літву. Беларусь – наступная?
2023.03.23 13:36

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў