«Оскар-2024»: фільмы «на касцях» і распаўсюд талерантнасці

У інтэрв’ю на тэму беларускага кіно часта гучыць пытанне, калі беларусы нарэшце атрымаюць «Оскар». Гэта пытанне – мэм, настолькі яно нагнала аскому. З  сумнай усмешкай успомніла яго пасля словаў рэжысёра Мсціслава Чэрнова з «Оскарам» у руках. Чэрноў прынёс украінскаму кіно першую залатую статуэтку – за «20 дзён у Марыупалі», якія Амерыканская кінаакадэмія ўганаравала як найлепшы дакументальны фільм. «Мне хацелася б, каб я ніколі не здымаў гэтага фільму», – сказаў рэжысёр.

А гледачы, вядома, хацелі б ніколі такога фільму не бачыць. Многія, я ведаю, не наважваюцца нават глядзець – глядзець на паступовы захоп і знішчэнне Марыупалю і брацкія магілы гараджанаў. Тым больш сёння, калі горад засяляецца акупантам. Адразу некалькі пераможцаў сёлетняга «Оскару» – выключныя мастацкія творы, якія, скарыстаюся выхапленай з вулічнага апытання метафарай, «паўсталі на касцях». Не толькі «20 дзён у Марыупалі», проста гэтая карціна створаная на касцях найбольш літаральным чынам.

Гэта і іншыя пераможцы, якіх можна было прадказаць, хаця ў апошнія гады цырымонія «Оскару» давала рады здзівіць і прыўнесці драйву ў жыццё. Чаго каштавалі трыумф фільму «Усё паўсюль і адразу» летась або 4 статуэткі, у тым ліку за найлепшы фільм, карэйскім «Паразітам» у 2020-м. Сёлетняя ж кінапрэмія плявала на драйвовасць і сюрпрызы, бо заклапочаная сусветным крызісам. Добра, што гэтую заклапочанасць можна было выказаць праз сапраўды выкшталцонае кіно.

«Опэнгаймэр» Крыстафэра Ноўлана, які быў названы найлепшым гэтым разам, не паказвае знішчэння Хірасімы і Нагасакі непасрэдна, але ўсё роўна ён пра косці і яшчэ шмат пра што. Пра тое, што чалавек роўнавялікі богу і здольны знішчыць свет, пра персанальную адказнасць у віхуры гістарычных падзеяў, пра генія, які становіцца маленькім чалавекам перад дзяржаўнай сістэмай, і пра тое, як гэты геній мяняецца ад усведамлення таго, што стварыў.

Гэта адзін з самых грандыёзных фільмаў Крыстафэра Ноўлана, які дарэчна паўстаў у час чарговай усюдыіснай ядравай трывожнасці. Творы пра пагрозу ядравай вайны былі прыкметай перыяду халоднай вайны, іх час вярнуўся. «Опэнгаймэра» можна глядзець-чытаць і так, і сяк, але пры любым раскладзе ён застанецца рэхам паўсюдных чаканняў таго самага выбуху на фоне расейскіх пагрозаў. Для беларусаў гэтыя чаканні ўжо не рэхам гучаць, а грымяць: калі ядравыя боегалоўкі, як сцвярджаецца, размешчаныя ў Беларусі, нашая краіна – сярод цэляў удару, так што можа свіснуць, не заўважыш. На жаль, геніям не заўсёды наследуюць такія ж геніі.

А найлепшым фільмам на замежнай мове прызнаная «Зона інтарэсаў» Джонатана Глэйзэра, за якую я моцна заўзімалася і галасавала на «Залатым глобусе», але яе перамогі дачакалася толькі на «Оскары». «Залаты глобус» аддаў узнагароду ў адпаведнай катэгорыі «Анатоміі падзення» Жустын Трые, што таксама добры выбар – адсунуты ад сусветнага крызісу добры выбар.

У «Зоне інтарэсаў» – дарэчы, і тут, і ў «Анатоміі падзення» галоўную ролю грае нямецкая акторка Зандра Гюлер – камендант канцэнтрацыйнага лагеру Аўшвіц з сям’ёй жыве проста праз плот ад месца працы. Яны з імпэтам развіваюць сваю прыгожую і насычаную гаспадарку, не звяртаючы ўвагі на гукі смерці, што ўвесь час чуваць з таго боку плоту. Затое перыядычна цягаюць у дом здабыткі ад забітых вязняў. Фільм, дарэчы, атрымаў яшчэ і ўзнагароду за найлепшы гук, гэта галоўны інструмент, якім у фільме паказаны Аўшвіц – мы яго амаль не бачым, прынамсі, не бачым так, каб атрымаць пра яго ўяўленне, але чуем. Паказаць бы гэты фільм функцыянерам у Беларусі, якія «чуюць гукі» з нашых турмаў, а спакойна развіваюць свае кар’еры і гаспадаркі за кошт рэжымных грошай. Або тым, хто купляе вырабленыя ў турмах, фактычна, прымусоваю працаю, тавары, ды кампаніі «IKEA», якая, калі верыць журналісцкім даследаванням, супрацоўнічае з вытворчасцю, што выкарыстоўвае працу беларускіх вязняў. Або, ізноў жа, тым, хто замаруджвае дапамогу Украіне. Жыць, заткнуўшы вушы, шмат каму камфортна і выгадна.

Я спадзяюся, перамога фільму «20 дзён у Марыупалі» дапаможа камусьці дзесьці прыняць важную пастанову датычна Украіны, бо нідзе не мусяць паўставаць такія фільмы і гледачы не мусяць іх глядзець, гэта дэвіяцыя, анамалія, вар’яцтва.

Мсціслаў Чэрноў застаўся ў Марыупалі на 20 дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Мы прыкладна ведаем, што адбываецца ў гэтым кіно. Калі глядзелі навіны, канешне. Але ў сканцэнтраваным выглядзе карціна становіцца адным з найважнейшых дакументаў часу – вось як выглядае цывілізаванае XXI стагоддзе, вось да якой ступені «развілося» чалавецтва і можа сабой ганарыцца.

Першая ўзнагарода ўкраінскаму кіно, першая намінацыя прадстаўніцы карэннага насельніцтва ЗША за жаночую ролю (Лілі Глэдстоўн за «Забойцаў кветкавага месяца» Марціна Скарсэзэ), трое з пяцярых намінантаў у катэгорыі «Найлепшы рэжысёр» – еўрапейскія аўтары. Дый Крыстафэр Ноўлан не толькі амерыканскі, але і брытанскі рэжысёр, так што тры з паловай. «Оскар», таксама як «Залаты глобус», робіцца ўсё больш разнастайным. Ці то гэта экспансія «Оскару», ці то экспансія еўрапейскага кіно на «Оскары», у любым разе жаданая разнастайнасць выглядае карыснай для распаўсюду талерантнасці. Сёлетняя цырымонія прасунула крызісны парадак дня, каб не забывалі паглядаць за плот са сваіх адсунутых развітых жыццяў. Паглядаць за плот – як жыццёвае крэда.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў