Стала вядома асоба ваяра, расстралянага за словы «Слава Украіне!». Гэта Аляксандр Маціеўскі


СБУ канчаткова пацвердзіла асобу ваяра, расстралянага за словы «Слава Украіне!» – гэта Аляксандр Маціеўскі. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба ведамства. Пасля паведамлення ён быў узнагароджаны званнем Героя Украіны.

Аляксандр Маціеўскі.
Фота: СБУ / Telegram / SBUkr

Служба бяспекі Украіны канчаткова пацвердзіла асобу вайскоўца, якога расстралялі за словы «Слава Украіне!». Следчыя высветлілі, што гэта быў снайпер 163 батальёна 119 асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны Чарнігаўскай вобласці Аляксандр Маціеўскі (Олександр Мацієвський).

Паведамляецца, што дзеля канчаткова пацверджання асобы ваяра быў праведзены комплекс следчых дзеянняў, падчас якіх следчыя звязваліся з роднымі і пабрацімамі загінулага, прапрацоўвалі фота- і відэаматэрыялы. Апроч таго, асобу Аляксандра Маціеўскага пацвердзіла ў сваім заключэнні судовая партрэтная экспертыза.

«Гэта сапраўдны Герой, які, нават гледзячы ў твар смерці, прадэманстраваў усяму свету, што такое ўкраінскі характар і нязломнасць. Менавіта такія абаронцы сёння абараняюць нашу зямлю, а значыць – вораг абавязкова будзе разбіты. Таму што Вялікая Перамога Украіны складаецца з гераічных учынкаў такіх людзей, як Аляксандр Маціеўскі. Герою слава! Героям слава! Украіне слава!»– заявіў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.

Паведамляецца таксама, што ўкраінская спецслужба займаецца ідэнтыфікацыяй расейскіх вайскоўцаў, якія здзейснілі гэтае паказальнае пакаранне.

Пра Аляксандра Маціеўскага вядома, што ён быў прызваны на службу ў сакавіку 2022 года, з канца снежня лічыўся зніклым без вестак паблізу населенага пункта Чырвоная Гара ў Данецкай вобласці.

СБУ высветліла, што Аляксандра Маціеўскага расстралялі 30 снежня 2022 года. Цела ваяра вярнулі дадому ў лютым 2023 года. Па факту яго расстрэлу вядзецца дасудовае расследаванне па 438 артыкуле Крымінальнага кодэксу Украіны («Парушэнне законаў і звычаяў вайны»).

Сёння ж стала вядома, што Аляксандру Маціеўскаму ўказам прэзідэнта прысвоена званне Героя Украіны. Аб гэтым Уладзімір Зяленскі паведаміў у сваім відэазвароце.

Раней паведамлялася, што 6 сакавіка спачатку ў тэлеграм-каналам, а затым у іншых сацыяльных сетках пачало хутка распаўсюджвацца відэа, дзе расейскія вайскоўцы расстрэльваюць невядомага ўкраінскага ваяра пасля таго, як ён сказаў на відэакамеру «Слава Украіне». Затым на публікацыі зрэагавала мноства СМІ, зʼявіліся каментары афіцыйных асобаў Украіны, якія выказваліся аб недапушчальнасці такія дзеянні ў дачыненні палонных – гэта парушэнне Жэнеўскай канвенцыі і вайсковае злачынства.  У той жа дзень Галоўны следчы дэпартамент СБУ зарэгістраваў крымінальную справу.

Hавiны
Афіцыйныя асобы Украіны пракаментавалі відэа з меркаваным расстрэлам украінскага ваеннапалоннага
2023.03.06 22:53

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў