«Напішы на паперцы «дурні» і спалі яе». Разбіраемся ў спрэчках эмігрантаў і тых, хто застаўся ў Беларусі


Усё часцей узнікаюць спрэчкі паміж тымі, хто выехаў з Беларусі, і тымі, хто застаўся. Пераважна наконт таго, ці варта вяртацца ў Беларусь і ўвогуле там заставацца. Абвастраюцца непаразуменні пасля гучных затрыманняў, як у выпадку з музыкамі гурта «Nizkiz». Запыталіся ў псіхолага, чаму мы так рэагуем, у кіраўніка фонду «BYSOL» Андрэя Стрыжака – дык выязджаць ці не, у гісторыка – пра камунікацыю паміж дыяспарай і людзьмі ў краіны ў былыя часы. Таксама пагутарылі з беларусам, які застаецца на радзіме, пра тое, як усе гэтыя сваркі выглядаюць ссярэдзіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

«Адчуванне, нібыта ў Беларусі засталіся «ябацькі», дурні і палітвязні»

Наш суразмоўца Павел дасюль жыве ў Беларусі і не збіраецца з’язджаць. Кажа, апошнім часам тыя, хто ў краіне, заўважаюць, як змяняецца грамадская думка сярод тых, хто эміграваў. Яшчэ ў 2021 годзе шмат каму было няёмка за свой ад’езд, што не здолелі працягваць жыць у Беларусі. Цяпер жа да тых, хто застаецца, пачалі ставіцца нават з пагардаю.

«У каментарах стала адчувацца, што нібыта ў Беларусі засталіся толькі «ябацькі», дурні і палітвязні. А што чалавек можа з тых ці іншых прычынаў абсалютна свядома заставацца, рэдка прызнаецца, – адзначае Павел. – Асабліва пачасцілася гэта пасля затрыманняў тых, хто вярнуўся. Дзіўна гучыць, калі першая рэакцыя на беспадстаўнае затрыманне – негатыў у бок затрыманага».

На думку Паўла, непаразуменне паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, пагаршаецца праз адсутнасць дыялогу і пляцовак для яго. Нават у сацыяльных сетках камунікацыя не надта магчымая, бо большасць з тых, хто ў Беларусі, не гатовая адкрыта выказвацца на вострыя тэмы. Таму цяпер больш чуваць тых, хто з’ехаў, зазначае Павел.

Матывацыяў жа, каб заставацца ў Беларусі, можа быць шмат:

«Ёсць відавочныя: сваякі сядзяць ці хворыя і іх немагчыма вывезці. Але гэта можа быць і рашэнне праз перакананні – чалавек не хоча ў цяжкі час кідаць радзіму. Ці чалавек прывязаны да сваёй працы, ці дапамагае некаму – тым жа сем’ям палітвязняў. Ёсць яшчэ людзі, якім важна заставацца ў Беларусі і там штосьці рабіць».

Меркаванні
«Nizkiz» не апошнія. Пра што мы спрачаемся?
2024.01.10 15:18

«Заставацца – таксама форму супраціву»

Павел перакананы, што ад’езд кожнага актыўнага свядомага беларуса змяншае імавернасць пераменаў:

«Перамены не прыйдуць звонку. Нават калі гэта будзе наступ палка Каліноўскага – ім не разаб’еш усёй арміі Лукашэнкі, калі не будзе супраціву ссярэдзіны. Таму мяне здзіўляе, калі я чую заклікі з’язджаць усім ад людзей, якія звязваюць сваю будучыню з радзімаю, працуюць над пабудоваю новай Беларусі. Як можна не разумець, што ў Беларусі павінна быць дастатковая колькасць людзей, каб ціснуць на рэжым хаця б фактам свайго існавання? У момант, калі вакно магчымасцяў для пераменаў адчыніцца, менавіта яны і будуць ключавым фактарам».

У той жа час маладзён думае, што людзям, якія маюць грамадскую значнасць, сапраўды трэба з’язджаць:

«Напрыклад, Ціханоўская. Тое, што яна зрабіла за гэтыя гады за мяжою, непараўнальна з сімвалічным актам, калі б яна села ў турму ў Беларусі. У іншых выпадках якраз у Беларусі чалавек можа быць больш карысным, і слова людзей з Беларусі цяпер мае нашмат большую вагу, чымся выехалых. Акрамя таго, заставацца – гэта таксама форма супраціву».

На думку Паўла, масавая эміграцыя – не дадатковы эфект палітычных рэпрэсіяў, а мэта рэжыму, які ў 2020 годзе ўбачыў колькасць нязгодных і зразумеў, што пасадзіць усіх адразу не здолее. Таму разлік быў на тое, каб запалохаць і людзі самі пачалі з’язджаць.

Асабіста для Паўла пытанне, ці слушна ён зрабіў, калі застаўся, не стаіць:

«Паколькі я пратрымаўся тут ужо 3,5 года, я ў любым выпадку пераможца, бо за гэты час зрабіў столькі карыснага для сваёй сям’і і агульнай справы, што нават калі мяне цяпер арыштуюць, лік будзе на маю карысць. Ад іншых людзей вельмі хочацца разумення, што кожны мае права на свой выбар, права распараджацца сваім жыццём і выбіраць, рызыкаваць ім ці не».

«Ад’езд цалкам выключае рызыку арышту, калі вы не Раман Пратасевіч»

Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак перакананы, што кожны чалавек, які сёння застаецца ў Беларусі, – у зоне рызыкі. Сярод фактараў, якія ўзмацняюць рызыку, – актыўны ўдзел у пратэстах, падтрыманне рэпрэсаваных, ахвяраванні, подпісы пад петыцыямі, рэпосты, каментары, а таксама сваяцтва з «ключавымі экстрэмістамі-тэрарыстамі».

Паводле Андрэя, гэтыя рызыкі можна паспрабаваць выключыць, мінімізаваць ці ігнараваць. Пры гэтым ігнараванне – самы небяспечны шлях, бо «хутка прывядзе да развязання ў выглядзе пасадкі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У дзень «рэферэндуму» дзясяткі тысячаў чалавек па ўсёй краіне выйшлі на пратэст супраць вайны Расеі ва Украіне. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Выключэнне рызыкі – гэта ад’езд, і ён, паводле Андрэя Стрыжака, цалкам выключае магчымасць арышту, «калі вы не Раман Пратасевіч» ці не пастанавілі вярнуцца ў Беларусь, паверыўшы ўладам.

Мінімізаваць рызыкі часта імкнуцца тыя, хто застаецца ў Беларусі.

«Чалавек мяняе паводзіны, пачынае рабіць штосьці альбо не рабіць чагосьці, каб паказаць, што ён такі ціхі, спакойны і да таго падобнае, – адзначае кіраўнік «BYSOL». – Але гэта дае часовае пачуццё бяспекі, бо фактычна вашых дзеянняў ці бяздзеяння ў пэўных сітуацыях ніхто не адмяняў і ніхто не забыў. Акрамя таго, вы можаце цалкам зачысціць свае дэвайсы, павыдаляць з сяброў усіх «экстрэмістаў», нічога не лайкаць, не каментаваць, не падпісвацца. Але ніхто і ніколі не ведае, што і хто здымаў і рабіў у дачыненні вас без вашага ведама. Напрыклад, калі вы выходзілі на нейкія пратэсты, вы маглі трапіць на відэа ці фота кагосьці. І чалавек на пачысціў тэлефона, трапіў да міліцыянтаў, і гэтак яны знаходзяць вас».

«Калі пастанавілі застацца, вылечыце зубы і папраўце здароўе, якога ў турме не дадасца»

Адначасова, паводле Андрэя, кожны дарослы дзеяздольны чалавек мае права рабіць тое, што ён лічыць слушным, у тым ліку пастанаўляць – з’язджаць з Беларусі ці не. Калі чалавек вырашае застацца, кіраўнік «BYSOL» раіць падрыхтаваць сябе і сваякоў да імавернага арышту, бо вельмі часта людзі не ўяўляюць сабе развароту падзеяў, які можа пацягнуць за сабою затрыманне. Праваабаронца рэкамендуе:

  • абмеркаваць з роднымі, як будзе фармавацца сямейны бюджэт бліжэйшымі гадамі з улікам расходаў на перадачы ў турму, адвакатаў, у той час як вы самі не будзеце гэтага бюджэту папаўняць;
  • паклапаціцца, каб на распараджэнне вашаю маёмасцю мелі права сваякі;
  • не захоўваць удома гатоўкі, бо яе вымаюць падчас ператрусу;
  • пазнаёміць сваякоў з вашымі дактарамі, дамовіцца, каб яны маглі атрымліваць рэцэпты на вашае імя;
  • залячыць зубы, бо гэта першае, што «вылятае» ў турме;
  • агулам паправіць здароўе, «бо ў турме яго не дадасца»;
  • агаварыць палітыку публічнасці пасля вашага арышту – ці могуць вашыя блізкія казаць пра гэта і каму, якую пазіцыю агучваць; пазнаёміцца з Праваабарончым цэнтрам «Вясна» ды іншымі, хто можа публікаваць інфармацыю пра вас, вызначыцца, хто з сям’і стане вашым спікерам і будзе перадаваць звесткі пра вас.

«Практыка паказвае, што хаця б такая папярэдняя падрыхтоўка змякчае стрэс для сям’і. А калі вы «прагоніце» вашых родных па гэтым спісе, магчыма, вашая ўласная думка наконт таго, ці варта заставацца, зменіцца. Можа, вы зразумееце, што з вашымі хваробамі вы не выседзіце нават аднаго года ў турме. Альбо можа высветліцца, што без вашых грошай вашая сям’я пазбавіцца ўсяго. Так што гэта вельмі карыснае практыкаванне для тых, хто ў высокай зоне рызыкі застаецца ў Беларусі», – адзначае Андрэй Стрыжак.

Hавiны
Не менш як 207 асобаў затрыманыя па вяртанні ў Беларусь за год. Статыстыка праваабаронцаў
2024.01.11 14:16

«Людзі, якія прайшлі турму, наўрад ці будуць мець сілы на нейкі варушняк»

Праваабаронца не згодны з думкаю, што выезд беларусаў за мяжу змяншае пратэставы патэнцыял у краіне:

«На мой погляд, людзі, якія прайшлі турму, наўрад ці будуць мець дастаткова сілаў, каб рабіць яшчэ нейкі варушняк, асабліва калі яны адсядзяць больш за 5 гадоў. Ёсць такі сумны турэмны анекдот: усё, што не на «ь» – не турма. Гэта значыць, што адзін, два, тры, чатыры гады – яшчэ не турэмнае заключэнне, а вось з пяці пачынаюцца праблемы, бо чалавек цалкам губляе свае сацыяльныя сувязі, развучваецца жыць у грамадстве. Яму потым спатрэбіцца вельмі даўгі тэрмін, каб рэсацыялізавацца. Мы гэта бачым нават па тых асобах, якія адсядзелі меншы тэрмін – два-тры гады, але ў статусе экстрэмістаў. Яны выходзяць з вельмі моцна надламаным не толькі фізічным, але і псіхічным здароўем. І для мяне пытанне: гісторыя з людзьмі, што трапляюць у турмы і сядзяць з палітычных прычынаў, – гэта ўмацаванне пратэставага патэнцыялу Беларусі ці, наадварот, аслабленне?»

Датычна спрэчак, хто вінаваты ў арыштах тых, хто застаецца ў Беларусі, Андрэй Стрыжак кажа адназначна: віна заўсёды на гвалтаўніку. Аднак тым, хто ў зоне рызыкі, варта ўзважваць яе ступень, а таксама ўласную значнасць для грамадства і сям’і ды з’язджаць у тым ліку, каб не абцяжарваць блізкіх, сістэму дапамогу і пакінуць сабе магчымасці штосьці зрабіць у вольным свеце.

Калі чалавек пастанаўляе з’язджаць, кіраўнік «BYSOL» раіць не баяцца прасіць дапамогі. За 2023 год фонд адкрыў больш за 200 персанальных збораў, сярод іх шмат і такіх, дзе людзі не маюць крымінальных справаў, але з’ехалі, бо баяцца за сябе і свае сем’і. Такія зборы закрываюцца з мінімум 500 еўрамі.

«Глядзець сваймі вачыма на сітуацыю іншага – не лепшае рашэнне»

Чаму мы так эмацыйна рэагуем на гучныя затрыманні і вінавацім тых, каму і так кепска – затрыманых, ахвяраў рэпрэсіяў? Чаму называем людзей, якія засталіся, дурнямі ды інфантыламі? Адкуль гэтая агрэсія і непаразуменне ў спрэчках паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, застаўся ў Беларусі? Што з гэтым рабіць? Запыталіся ў псіхолага Наталлі Скібскай.

Спадарыня Наталля найперш падкрэслівае, што кожны чалавек мае права на ўласныя рашэнні, і іх трэба паважаць, а таксама памятаць, што ў кожнага чалавека могуць быць свае прычыны, пра якія мы можам не ведаць:

«Мы, людзі, шмат сваіх высноваў робім з праекцыяў. Праз эмпатыю мы атаясамліваем сябе з іншымі і часта праецыруем свае думкі, стаўленні, адносіны. Мы сваё бачым у іншых людзях. І таму ацэнка вельмі часта не адпавядае рэчаіснасці. Мы не ведаем, што там у іншага чалавека, якія ў яго думкі, на якой глебе ён зрабіў тыя ці іншыя высновы і на чым ён грунтаваў сваё рашэнне».

Каб заставацца ў Беларусі, у людзей можа быць вельмі шмат прычынаў, зазначае спадарыня Наталля. Некаторыя застаюцца, бо ім страшна з’язджаць у эміграцыю.

«І яны маюць рацыю, бо ў эміграцыі складана, – кажа экспертка. – Удома ёсць маёмасць, дах над галавой, уладкаванае жыццё, атачэнне, якое падтрымлівае. І людзі могуць аддаваць перавагу гэтаму, нават калі заставацца рызыкоўна. А могуць быць і іншыя прычыны: хворыя ці старыя бацькі, якіх трэба даглядаць. Таму глядзець сваймі вачыма на сітуацыю іншага – не найлепшае рашэнне».

Гісторыі
Пяць гісторыяў пра чаканні і рэальнасць эміграцыі беларусаў
2023.10.21 08:12

Калі мы спрабуем навязаць чалавеку свае рашэнні ці погляды, напрыклад, што трэба з’язджаць, а застаюцца цяпер толькі дурні, мы зневажаем выбар, які робіць іншы чалавек, падкрэслівае псіхолаг. Калі ж мы хочам, каб чалавек з’ехаў, бо вельмі перажываем за яго, найлепшым падтрыманнем будзе абяцанне дапамагчы.

«Не трэба шукаць вінаватых: вінаваты адзін – рэжым»

Казаць «самі ведалі, на што ішлі, вас папярэджвалі» і гэтак далей – класічны віктымблэймінг, зазначае псіхолаг:

«Чаму мы так сябе паводзім? Бо адчуваем страх і бяссілле. Мы ніяк не можам разлічыцца за затрыманне, збіццё, направіць шкоду. У нас узнікае пачуццё віны, што гэта мы не дарабілі штосьці чагосьці і ўвогуле зрабілі магчымым вось такое ў беларускім грамадстве. Мы адчуваем сваю адказнасць, і яна не вельмі нам падабаецца. Мы пачынаем злавацца на сябе, што таксама не надта прыемна. Тады нам прасцей перакінуць гэтую злосць на іншых – гэта яны дурныя. Так мы пачынаем вінаваціць ахвяру».

Паводле псіхолага, у гэтай сітуацыі трэба прызнаць сваю злосць і перажываць яе экалагічна, канструктыўна. А яшчэ зразумець, што не трэба шукаць вінаватых, бо вінаваты ў гэтай сітуацыі адзін, і ён ужо вядомы – лукашэнкаўскі рэжым.

«Таму можна, напрыклад, раздрукаваць скрыны затрыманняў і кідаць дроцікі ў амапаўцаў, калі злосць захлынае, каб не нарабіць шкоды іншым людзям. Бо вінаватыя яны, яны робяць зло, а не тыя, каго затрымліваюць», – кажа адмыслоўца.

Яшчэ ў такой сітуацыі можна дапамагаць тым, хто ў патрэбе. Не пісаць, што трэба ўсім тэрмінова з’язджаць, а знайсці сям’ю, якая нядаўна эвакуявалася, якой цяжка на новым месцы, і падтрымаць іх.

«Людзі ў Беларусі басанож па попеле ходзяць»

Непаразуменні паміж тымі, хто застаўся і хто з’ехаў, – натуральная рэч, мяркуе спадарыня Наталля, бо, па-першае, ніхто з нас не ў аднолькавых сітуацыях, нават суседзі, якія жывуць на адной лесвічнай пляцоўцы, а тым больш людзі ў розных краінах. Па-другое, па розныя бакі мяжы сапраўды можа быць рознае ўспрыняцце страху.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі чакаюць аўтобус на прыпынку ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Людзі, якія засталіся ў Беларусі, увесь час басанож па попеле ходзяць. Вядома, дзякуючы адаптацыйным механізмам арганізму адчувальнасць змяншаецца, бо немагчыма ўвесь час хадзіць і думаць пра небяспеку. Вядома, успрыняцце змяняецца, бо нам вельмі складана жыць у трывозе. Людзі адаптуюцца гэтак, што пачынаюць сябе пераконваць, што і так можна жыць. Заўсёды сітуацыя звонку і ссярэдзіны выглядае па-рознаму, але гэта не робіць тых людзей дурнямі», – кажа псіхолаг.

Акрамя таго, у беларусаў, якія з’ехалі, могуць быць розныя няпростыя пачуцці ў дачыненні тых, хто застаўся, тлумачыць экспертка. Напрыклад, зайздрасць: маўляў, я шмат страціў і быў вымушаны ўцякаць, цяпер плачу 1000 долараў за кватэру, а ён застаўся – магчыма, паводзіў сябе больш разумна, лепш хаваўся, жыве ў сваёй хаце. Адначасова гэта можа быць злосць і думкі – вось, калі б больш беларусаў выходзіла, мы б перамаглі, а тыя, што засталіся, не дарабілі, не дапамаглі ў патрэбны момант.

Аднак нам трэба не падкрэсліваць непаразуменняў, а «сшываць рэчаіснасці», будаваць масты, дапамагаць і падтрымліваць, звяртацца па дапамогу, каб не рэагаваць, як прызвычаіліся, не сварыцца і вінаваціць адно аднаго, а навучыцца разумець і перажываць свае эмоцыі, а таксама думаць, пра што мы пішам у інтэрнэт-спрэчках, перакананая спадарыня Наталля.

«Калі я хачу штосьці напісаць, то навошта? Каб проста адрэагаваць? Напішы сабе на паперцы «дурні, дурні, дурні» і спалі яе. Але не трэба быць у белым паліто і гэта пісаць добраму чалавеку, якога і так рве на часткі, ён перажывае. Мы гэтымі каментарамі толькі дапамагаем рэжыму раз’яднаць нас. Нам трэба арыентавацца на супрацу, дапамогу і яднанне», – рэзюмуе псіхолаг.

Спрэчкі з’ехалых і тых, хто застаўся, – з’ява інфармацыйнага грамадства

Як раней камунікавалі дыяспары і беларусы ўнутры краіны? Ці былі падобныя сваркі? Запыталіся ў гісторыка Аляксандра Пашкевіча.

«Раней, у часы, калі не існавала інтэрнэту, а вакол Савецкага Саюзу была жалезная заслона, вялікіх магчымасцяў для камунікацыі не было. Адпаведна, дыскусіі паміж з’ехалымі і тымі, хто застаўся, не маглі праводзіцца чыста тэхнічна. Таму нашыя сённяшнія спрэчкі – з’ява інфармацыйнага грамадства», – адзначае эксперт.

Разам з адсутнасцю камунікацыі не было раней і механізмаў падтрымання дыяспарамі беларусаў, якія засталіся, зазначае гісторык. Гэтак, эмігранты маглі, як і цяпер, спрабаваць ставіць беларускае пытанне на міжнародным парадку дня, але гэта не мела вялікага значэння, бо не было разумення асобнасці беларускай дзяржаўнасці, нацыі, а праблема СССР успрымалася ў свеце як расейская праблема.

«Амаль да перабудовы Гарбачова не было нават магчымасці перасылаць гуманітарную дапамогу. Толькі напрыканцы 1980-х гадоў дыяспары пачалі аб’ядноўвацца і дасылаць дапамогу суайчыннікам, асабліва ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС, – зазначае спадар Аляксандр. – Агулам жа раней эміграцыя азначала хуткі адрыў ад таго, што адбываецца на радзіме».

Гісторыі
Яны паверылі і вярнуліся. Топ-5 выбітных беларусаў, якіх па прыездзе рэпрэсавалі ў БССР
2024.01.07 18:19

«Стоадсоткавага вяртання не будзе – не кожны наважыцца вярнуцца на руіны»

Беларусь цягам ХХ стагоддзя перажыла некалькі хваляў эміграцыі, падчас якіх з’язджалі палітычна, эканамічна, сацыяльна актыўныя людзі, што, безумоўна, нанесла шкоду грамадству, зазначае гісторык.

Моцная эміграцыя з тэрыторыі Беларусі пачалася яшчэ ў час Расейскай імперыяй, але тады яна насіла пераважна эканамічны характар: людзі ехалі ў Еўропу ці Амерыку па лепшае жыццё.

Наступная хваля міграцыі адбылася пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі ў Расеі, потым – калі Беларусь была падзеленая на дзве часткі, і на адной з іх усталяваўся камуністычны рэжым. Тады стаў фармавацца беларускі палітычны рух у эміграцыі, ствараліся дыяспары, Рада БНР.

Найбольш масавая эміграцыя з Беларусі адбывалася пасля Другой сусветнай вайны, калі зноў прыйшлі бальшавікі, а людзі не хацелі жыць пад камуністычным рэжымам, таму выязджалі, кажа Аляксандр Пашкевіч. Акрамя таго, не вярнулася значная колькасць тых, каго вывозілі немцы на прымусовыя працы.

«З той буйной эміграцыі да часу, калі змяніўся рэжым і ўмоўна можна было вяртацца дамоў, прайшло вельмі шмат часу – паўстагоддзя. Беларусы, якія выехалі, у той час ужо былі ў сталым веку, уладкавалі жыццё за мяжою, мелі нерухомасць, дзяцей, унукаў, якія гадаваліся ў зусім іншай рэчаіснасці. Таму масавага вяртання не было не толькі ў Беларусь, але і ў іншыя краіны», – зазначае гісторык.

Пасля цяперашняй эміграцыі ў любым выпадку не будзе стоадсоткавага вяртання, агулам жа, колькасць тых, хто вярнуўся, будзе залежыць ад часу, які пройдзе да пераменаў, разважае спадар Аляксандр.

«Чым больш часу праходзіць, людзі старэюць, страчваюць мабільнасць, тым менш шанцаў на іхнае вяртанне. Асабліва калі ў Беларусі сваякі паміраюць, нерухомасць губляецца, сябры таксама выязджаюць – не кожны наважыцца вярнуцца на руіны», – рэзюмуе гісторык.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў