Адбыўся суд над музыкамі гурту «Nizkiz»


8 студзеня суд Ленінскага раёна горада Магілёва разгледзеў адміністратыўныя справы музыкаў гурту «Nizkiz» і, верагодна, прысудзіў усім траім адміністратыўны арышт.

Затрыманыя ўдзельнікі гурту .
Фота: калаж Зеркало

Праваабаронцы паведамляюць, што Аляксандр Ільін, Сяргей Кульша і Дзмітрый Халяўкін былі абвінавачаныя ў «распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ).

Паводле меркавання праваабаронцаў, хлопцаў маглі судзіць праз відэасувязь, пра што сведчыць, што суддзя Вольга Палякова мела не шмат часу на разгляд справы кожнага. Так, першым судзілі Сяргея Кульшу ў 14:45, апошнім – Аляксандра Ільіна ў 15:45.

Нагадаем, музыкаў затрымалі раніцай 5 студзеня. У сюжэце, які паказалі па дзяржаўным тэлебачанні, прапагандысты сцвярджалі, што «пасля падзеяў 2020 года музыкі пакінулі Беларусь і вось пастанавілі вярнуцца», аднак гэтую інфармацыю зняпраўдзілі праваабаронцы: удзельнікі гурта не з’язджалі з Беларусі пасля 2020 года, яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў