У лідараў беларускага футболу – праблемы з грашыма, яшчэ год таму так не было


У лідараў беларускага футболу ўзніклі фінансавыя цяжкасці. Што здарылася і да чаго гэта можа прывесці?

Чэмпіён пачынае эканоміць?

Учора прайшло паседжанне Федэрацыі футболу, і аказалася, што ў беларускага футбольнага гегемона – салігорскага «Шахцёра» – праблемы з выплатай заробкаў футбалістам. У прыватнасці, абаронца Сяргей Паліцевіч падаў на свой былы клуб скаргу ў Федэрацыю з патрабаваннем выплаціць яму пазыкі. Клуб прызнаў пазыкі, і цяпер на патрабаванне АБФФ мусіць разлічыцца з гульцом на працягу месяца.

Сяргей Паліцевіч.
Фота: ФК «Шахцёр»

Чаму Паліцевіч агучыў праблему публічна? Бо яму няма чаго губляць, клуб не працягне з ім кантракту. І ўвогуле, калі яшчэ ў студзені-лютым сёлета найлепшы футбольны клуб Беларусі траціў шалёныя грошы на заробкі, то цяпер вымушаны значна скарачаць выдаткі – вядома, што ў «Шахцёры» не будзе яго найлепшага бамбардзіра Дэмба Дарбо (Dembo Darboe). У пачатку года за яго плацілі каля мільёна еўраў. Цяпер самы багаты клуб краіны вымушаны сабраць гульцоў папрасцей, Салігорск пакідаюць і іншыя дарагія легіянеры: Юліюс Сёке (Július Szőke) і Ныкола Антыч (Никола Антић), не будуць працягнуты кантракты з беларусамі Сяргеем Паліцевічам і Раманам Бегуновым. Пад пытаннем перабыванне ў клубе галкіпера Аляксандра Гутара.

Аналітыка
Салігорскі «Шахцёр» зноў чэмпіён Беларусі па футболе. Чаму ён і якім коштам
2021.10.28 17:22

Не працягнулі кантракту з галоўным трэнерам Аляксеем Багам, яго заменіць Іван Біёнчык, які з сабой з Гомля ўзяў другога бамбардзіра чэмпіянату Беларусі – Андрэя Салаўя.

У другога клубу краіны няма чым плаціць?

БАТЭ пакідае вялікая група гульцоў: Дзяніс Шчарбіцкі, Антон Чычкан, Яўген Яблонскі (дарэчы, падпісант праўладнага ліста), Александар Філыпавіч (Александар Филиповић), Павел Няхайчык. Праблемы не першы год – на працягу сезону з Барысава ў Салігорск пераехалі тры самыя дарагія гульцы БАТЭ – Ягор Філіпенка, Ігар Стасевіч і Максім Скавыш. Цяпер сітуацыя выглядае яшчэ горш, другі клуб краіны губляе амаль увесь асноўны склад. Відаць прымусовае падпісанне праўладных лістоў і паходы на тайныя інагурацыі Лукашэнкі не прыносяць грошай босу БАТЭ Андрэю Капскаму.

Дзяржаўны клуб хоча стрэсці грошы з гаманца Лукашэнкі Зайцава

Яшчэ год таму Аляксандр Зайцаў валодаў і берасцейскім «Дынама», і «Рухам», але на пачатку года вырашыў фінансаваць толькі «Рух». «Дынама» адышло на дзяржаўнае фінансаванне, «Рух» – на прыватнае, але цягам сезону і ў тых, і ў другіх былі праблемы з выплатаю заробкаў і прэміяльных. Цяпер «Дынама» хоча, каб «Рух» заплаціў ім за выхаванне маладых гульцоў, якія ў мінулым сезоне гулялі за другую каманду «Руху». Федэрацыя стала на бок дзяржаўнага клубу. Дарэчы, існаванне «Руху» таксама пад пытаннем, каманду ўжо пакінулі камерунец Кікі (Gaby Kiki, будзе гуляць у Ізраілі) і беларус Пячэнін (з’ехаў у Расею).

АС belsat.eu

Стужка навінаў