«У госці прыйшоў дзядзя ў масцы і з аўтаматам». У арт-дырэктара менскага клубу «Бруге» правялі ператрус


Ператрус у Сяргея Палажанкі прайшоў у рамках крымінальнай справы аб масавых закалотах у мінулым годзе, па якой Сяргей праходзіць сведкам. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Сяргей Палажанка.
Фота: Сяргей Палажанка/Facebook

Сяргей распавядае, што сілавікі прыйшлі да яго, бо палічылі, што па ягоным адрасе «маглі знаходзіцца прылады злачынства, незарэгістраваная сімволіка, дакументы і каштоўнасці, якія мелі б значэнне для следства».

«Учора наведвалі майго аднагрупніка, сёння настала і мая чарга. <…> у госці прыйшоў дзядзя ў масцы і з аўтаматам і з ім яшчэ прадстаўнік следчага камітэту і АУС Менгарвыканкаму», – напісаў Сяргей.

Падчас ператрусу ў тэлефоне менчука глядзелі толькі тэлеграм.

«Магчыма, асабісты кантакты адраснай кнігі», – распавядае Сяргей.

Сілавікі хацелі атрымаць UserID Палажанкі.

«Паколькі я дапамог добраахвотна атрымаць доступ да воблачнага пароля, то неабходнасці забіраць тэхніку і мяне ў аддзяленне не было», – піша арт-дырэктар клубу. – Правялі кароткі і дастаткова павярхоўны ператрус, вельмі фармальна».

У Сяргея таксама ўзялі подпіс пад папярэджаннем, што ён не мае права ў будучыні ўдзельнічаць у незаконных масавых мерапрыемствах.

У сваім допісе Палажанка зазначае, што пасля таго, як сілавікі сышлі, ён заўважыў, што ў тэлеграме з’явілася новая актыўная сесія з невядомага адрасу. Мужчына змяніў воблачны пароль і аднавіў кантроль над сваім тэлеграм-акаўнтам.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў