«Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам». Украіна будуе сцяну на мяжы з Беларуссю


Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка паведаміў у сваім Telegram-канале, што ў Валынскай, Жытомірскай і Роўненскай вобласцях украінцы будуюць сцяну на мяжы з Беларуссю.

«Роў, насып, жалезабетонны плот з калючым дротам – гэта інжынерныя загароды, якія будуюць на Валыні. Такім чынам ужо забудаваныя каля 3 км мяжы, работы працягваюцца. Гэта яшчэ не ўсё, але падрабязнасцяў раскрываць не будзем», – паведаміў Цімашэнка.

Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі.
Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram

Паводле намесніка кіраўніка Офісу прэзідэнта, аналагічныя працы вядуцца на Жытоміршчыне і ў Роўненскай вобласці. Фартыфікацыйныя збудаванні таксама ствараюць у рэгіёнах, што мяжуюць з Расеяй.

Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі.
Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram
Жалезабетонны плот з калючым дротам на мяжы Украіны і Беларусі.
Фота: tymoshenko_kyrylo / Telegram

Цімашэнка падкрэсліў, што ўкраінскія памежнікі «маюць усё неабходнае абсталяванне для таго, каб убачыць ворага далёка ў тыле».

«Важна, што над уладкаваннем мяжы сістэмна працуе абласная ўлада і мясцовы бізнес. Мы ўсе жадаем абароны, мы робім усё, каб спыніць нават гіпатэтычнае пасоўванне ворага», – дадаў ён.

Hавiны
Генштаб ЗСУ: Беларусь і Расея сістэмна рыхтуюцца да эскалацыі
2022.10.27 15:58

Нагадаем, рэжым Аляксандра Лукашэнка выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. Цягам васьмі месяцаў Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны, а ў лютым–сакавіку адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў. Таксама беларускі бок перадае расейцам бранятэхніку і боепрыпасы.

Новая фаза эскалацыі пачалася 10 кастрычніка: у гэты дзень на нарадзе з сілавікамі Лукашэнка заявіў, што Украіна нібыта плануе нанесці ўдар па тэрыторыі Беларусі і паведаміў пра рашэнне разгарнуць сумесную расейска-беларускую групоўку войскаў.  Эшалоны з расейскімі вайскоўцамі пачалі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Афіцыйна заяўлена, з Расеі ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў прыбудуць 9 тысяч жаўнераў, 170 танкаў, да 200 бронемашынаў і каля 100 гарматаў і мінамётаў.  Пры гэтым у Менску не выключаюць, што склад расейскай групоўкі можа быць скарэктаваны.

Hавiны
Анатоль Лапо паскардзіўся, што ўкраінцы выставілі на мяжы з Беларуссю пудзіла ў расейскай форме
2022.10.30 22:03

У канцы кастрычніка начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што расейская групоўка ў Херсоне пасля адступлення можа быць часткова перакінутая ў Беларусь. Паводле Буданава, гэта павялічыць пагрозу ўдару з беларускай тэрыторыі па Заходняй Украіне.

Абноўлена
Украінскія вайскоўцы ўвайшлі ў Херсон
2022.11.11 16:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў