На станцыі маскоўскага метро сутыкнуліся два цягнікі. Як такое магчымае


Два цягнікі сутыкнуліся 11 кастрычніка на станцыі «Пячатнікі» Люблінска-Дзмітраўскай лініі маскоўскага метро. Пацярпелі трое.

Як піша Дэпартамент транспарту мэрыі Масквы, сутыкненне адбылося а 10:30. На цягнік на станцыі наехаў стары цягнік, які ішоў без пасажыраў у дэпо. Рух цягнікоў аднавілі менш як за гадзіну, прычыны здарэння будзе выяўляць спецыяльная камісія.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што сярод пасажыраў няма «сур’ёзна пацярпелых», але машыніст цягніка атрымаў траўму.

Аднак Telegram-канал «112» сцвярджае, што пацярпелі трое: машыніст і дзве пасажыркі, пры гэтым машыніста на момант публікацыі – праз гадзіну па здарэнні – не дасталі з кабіны. На станцыю высылалі 20 машынаў «хуткай дапамогі». Такія ж звесткі дае канал «Новости Москвы».

Выданне «112» таксама заяўляе, што папярэдняя версія прычынаў здарэння – зламаныя тармазы цягніка. А канал «Shot» піша, што калі адзін з цягнікоў рыхтаваўся адпраўляцца са станцыі, на яго наляцеў другі.

Абноўлена. Шпіталізаваныя пяць пацярпелых, пацвердзіў мэр Масквы. Выданне «112» назвала іхныя імёны.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў