news
Аналітыка
Расея задаволеная, Украіна – не. Якія яшчэ вынікі «сумнага» саміту «Вялікай дваццаткі»
Наколькі варта драматызаваць сітуацыю?
12.09.202308:00

9 і 10 верасня ў Індыі прайшоў саміт «Вялікай дваццаткі», які сабраў разам лідараў 20 найбуйнейшых эканомік свету. І ў той час як Украіна афіцыйна не задаволеная вынікамі падзеі, расейскі бок, наадварот, заяўляе пра пераломны момант. «Белсат» разбіраўся ў выніках саміту G20.

Саміт «Вялікай дваццаткі» прайшоў у Нью-Дэлі 9 і 10 верасня. Ён сабраў як краіны «Вялікай сямёркі» (Вялікую Брытанію, ЗША, Італію, Канаду, Нямеччыну, Францыю, Японію і Еўрапейскі Звяз), гэтак і іншыя дзяржавы, у тым ліку тыя, што з імі канфліктуюць: Аргентыну, Аўстралію, Бразілію, Індыю, Інданезію, Кітай, Мексіку, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Расею, Рэспубліку Карэю, Саудаўскаю Аравію і Турэччыну.

Адною з самых гучных падзеяў на саміце Групы дваццаці сталася далучэнне да яе Афрыканскага Звязу, што яднае ў сваіх шэрагах 55 краінаў. У МЗС Індыі нават назвалі гэта ключавым вынікам. Арганізацыя атрымала ў G20 такія сама правы, як і Еўрапейскі Звяз. Пагатоў існавала рызыка, што ўступ Афрыканскага Звязу перанясуць на наступны год.

Прынялі і супольную заяву «Вялікай дваццаткі», у якой удзельнікі саміту звярнулі ўвагу «на чалавечыя пакуты і дадатковыя негатыўныя наступствы вайны ва Украіне», аднак падкрэслілі, што ў арганізацыі існуюць розныя ацэнкі сітуацыі. У дакуменце нічога не гаворыцца пра тое, хто развязаў вайну і якое пакаранне павінен зазнаць агрэсар.

Замест гэтага зазначаецца, што «ўсе дзяржавы павінны дзеяць згодна з мэтамі і прынцыпамі Статуту ААН ува ўсёй яго паўнаце». То бок «устрымлівацца ад пагрозы або выкарыстання сілы для захопу тэрыторыяў, што парушае тэрытарыяльную цэласць і суверэнітэт або палітычную незалежнасць любой дзяржавы». Выкарыстанне або пагроза выкарыстання ядравай зброі названыя недапушчальнымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі службы бяспекі ідуць па калідоры на пляцоўцы G20 пасля закрыцця саміту. Нью-Дэлі, Індыя. 10 верасня 2023 года.
Фота: Money Sharma / AFP / East News

У выніку такой заявай пра Украіну засталася незадаволеная сама Украіна. Уладаў Кіева, дарэчы, на саміт не запрасілі, хоць там былі прадстаўнікі такіх краінаў, як Бангладэш, Егіпет, Нігерыя ці Маўрыкій, якія таксама не ўваходзяць у G20. Прадстаўнік украінскага МЗС Алег Ніколенка ўказаў, што ўдзельнікі саміту павінны былі асудзіць агрэсію РФ супраць Украіны і заклікаць Маскву неадкладна яе спыніць. Але гэтага не зрабілі.

У сваю чаргу Расея засталася задаволеная вынікамі саміту. Як заявіў міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў, які замест Уладзіміра Пуціна ўзначальваў расейскую дэлегацыю, «удалося перадухіліць спробы Захаду ўкраінізаваць парадак дня саміту». Таксама ён назваў саміт у Індыі пераломным, бо былі сфармуляваныя задачы рэформы Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнай гандлёвай арганізацыі, намаганні якой нібыта «стрымліваюцца» ЗША ды іх хаўруснікамі. Хоць ЗША яшчэ напярэдадні саміту абяцалі іх рэфармаваць.

Агляд
У Індыі стартаваў саміт G20. Праз Украіну ён можа стаць самым безвыніковым і канфрантацыйным
2023.09.09 08:00

Таксама Лаўроў пахваліўся, што ў дэкларацыі звярнулі ўвагу на неабходнасць выканання Захадам абавязкаў і абяцанняў, «якія не выконваюцца», пра перадачу тэхналогіяў у краіны глабальнага Поўдня (Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі).

Спробы знайсці пазітыў

Прадстаўнікі заходніх краінаў паспрабавалі былі зменшыць негатыўнае ўспрыняцце выніковай дэкларацыі, якая, як піша Санджыў Мігляні (Sanjeev Miglani) на старонках «Reuters», «была ўспрынятая як відавочнае змякчэнне пазіцыі, якую Група дваццаці заняла летась, калі асудзіла Расею за вайну і запатрабавала вывесці войскі з Украіны».

Старэйшы намеснік дарадцы ЗША ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Файнэр назваў дэкларацыю «вялікім патэнцыйным крокам наперад» у дачыненні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці. Ён падкрэсліў, што дакумент адлюстроўвае згоду буйных эканомік выконваць міжнароднае права, і Расея павінна паважаць яго.

Нямецкі канцлер Оляф Шольц пахваліў дэкларацыю за падтрыманне тэрытарыяльнай цэласці і суверэнітэту Украіны. Ён назваў поспехам тое, што РФ у рэшце адмовілася выступаць супраць такога рашэння, бо ўсе астатнія краіны падтрымалі гэта. А французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон наагул убачыў у дэкларацыі «ізаляцыю Расеі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон выступае на прэс-канферэнцыі ў канцы саміту G20 у Нью-Дэлі, Індыя. 10 верасня 2023 года.
Фота: Manish Swarup / AP Photo / East News

Але Лаўроў не тое каб пагадзіўся з такой інтэрпрэтацыяй, падкрэсліўшы: «У тэксце наагул не згадваецца Расея».

Чаму такая дэкларацыя

Лаўроў дзякаваў за прынятую адносна Украіны дэкларацыю краінам Глабальнага Поўдня, якія «не хочуць, каб ім казалі прытрымлівацца формулы Зяленскага». Канкрэтны іх спіс акрэсліла прадстаўніца РФ Святлана Лукаш. Паводле яе, свой унёсак у «збалансаваную» дэкларацыю зрабілі краіны BRICS – Бразілія, Індыя, Кітай і Паўднёвая Афрыка ды іншыя хаўруснікі.

«Мы не можам дапусціць, каб геапалітычныя пытанні ізалявалі парадак дня абмеркаванняў G20. Мы не зацікаўленыя ў падзеленай G20. Нам патрэбныя мір і супраца замест канфлікту», – заявіў у сваю чаргу прэзідэнт Бразіліі Луіс Лула да Сіўва.

Карэспандэнт «Al Jazeera» Джэймз Бэйз мяркуе, што слабая пазіцыя адносна Украіны можа быць тым коштам, які заходнія краіны пагадзіліся заплаціць, каб захаваць працаздольнасць «Вялікай дваццаткі» і даць магчымасць Індыі, галоўнаму рэгіянальнаму праціўніку Кітаю, адчуць свой поспех як арганізатара саміту.

«Вынік, відавочна, адлюстроўвае цвёрдую рашучасць Індыі не прымаць чыйго-кольвек боку ў вайне, але дзіўна, што большасць краінаў Групы дваццаці, якія сапраўды выступаюць супраць агрэсіўнай вайны Расеі, былі настолькі гатовыя да таго, што ім заткне рот меншасць, якая аддае перавагу адвесці погляд», – адзначае рэдактар «The Guardian» Патрык Ўінтэр (Patrick Wintour).

На думку Ўінтэра, змякчэнне фармулёвак ёсць яшчэ адным сігналам таго, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША «Украіна прыкметна скочваецца ўніз» у спісе вонкавапалітычных прыярытэтаў Джо Байдэна, бо «расце патрэба ў стварэнні альянсаў для стрымлівання Кітаю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне».

Гэта таксама паказала і «марнасць» дыпламатычных намаганняў Украіны, якая за апошнія месяцы спрабавала вывесці краіны Азіі ды Афрыкі «з пазіцыі чакання і прыстасавання, якая гуляе на руку Маскве», адзначаецца ў рэдактарскай калонцы «Le Monde».

«Вашынгтон, са свайго боку, адчувае, што калі хоча ізаляваць Пекін, то яму давядзецца набрацца цярплівасці», – адзначае Ўінтэр у «The Guardian».

Шлях у абыход Кітаю

Тым часам падчас саміту G20 лідары ЗША, Індыі і Саудаўскай Аравіі абвясцілі пра планы стварыць чыгуначныя і партовыя шляхі паміж Блізкім Усходам і Паўднёвай Азіяй і, у канчатковым выніку, з Еўропаю, а гэта, паводле Байдэна, «сапраўды вялікая справа».

«Адміністрацыя Байдэна імкнецца супрацьстаяць наступу Кітаю на глабальную інфраструктуру ў межах ініцыятывы «Пояс і шлях», рэпрэзентуючы Вашынгтон у якасці альтэрнатыўнага партнёра ды інвестара для краінаў Групы дваццаці, якія развіваюцца», – піша Мігляні ў «Reuters».

Аналітыка
Шматпалярная Індыя. Каго падтрымае ў глабальным супрацьстаянні Нью-Дэлі
2022.10.28 08:30

Раджэш Раджагапалян, прафесар міжнароднай палітыкі ва Універсітэце імя Джавагарляля Нэгру, мяркуе, што маштабы калідору Індыя – Блізкі Усход – Еўропа могуць «змяніць дыскурс вакол дапамогі ў развіцці ды інфраструктуры, вывеўшы барацьбу з Пекінам на міжнародную арэну».

Вітаў гэтую прапанову ў каментары індыйскаму CNBCTV18 і Рагуль Чабра, былы сакратар МЗС Індыі. Паводле яго, гэты калідор уяўляе сабою беспрэцэдэнтную супрацу паміж Індыяй і Злучанымі Штатамі ды абяцае не толькі геапалітычнае значэнне, але і эканамічныя магчымасці для Індыі. Праўда, пакуль няма нават даты запуску праекту.

У сваю чаргу генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш адзначыў у інтэрв’ю «Al Jazeera» засцярогі: наступствам саміту можа стацца сурʼёзны раскол свету на два блокі на чале з ЗША і Кітаем, дзе па абодва бакі гэтага водападзелу будуць існаваць дзве асноўныя валюты, два інтэрнэты і дзве розныя эканомікі. На ягоную думку, гэта будзе катастрофаю.

Сумная маладушнасць

Украінскае пытанне не было адзіным, у якім удзельнікі саміту не здолелі прыйсці да нейкага поспеху. Гэтак, міжнароднае агенцтва дапамогі «Oxfam» назвала саміт «сумным і засмучальным», бо не было зроблена ніякіх дзеянняў для барацьбы з галечаю, няроўнасцю і змяненнем клімату. Няма таксама ні тэрмінаў, ні плану рэфармавання глабальнай фінансавай сістэмы і глабальнага доўгу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лідары G20 аддаюць даніну павагі ў Радж-Гаце, мемарыяле Магатмы Гандзі, у Нью-Дэлі, Індыя. 10 верасня 2023 года.
Фота: Kenny Holston / Pool / AP Photo / East News

«У гэтых двух пытаннях [Украіна і змянення клімату. – Заўвага belsat.eu], ад якіх залежыць большая частка цяперашніх сусветных праблемаў, «Вялікая дваццатка» прадэманстравала сумную маладушнасць. Гэта асабліва сумна, калі ўлічваць, што Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў пагрузілася ў гнятлівы параліч. Настолькі, што яе штогадовую Генеральную асамблею будуць пазбягаць шмат якія кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў, у тым ліку кіраўнікі чатырох з пяці сталых чальцоў Рады бяспекі: Кітаю, Францыі, Вялікай Брытаніі ды Расеі», – піша Le «Monde».

Не трэба драматызаваць?

У каментары «Белсату» ўкраінскі палітолаг Дмытро Лэвусь заявіў, што ад саміту «Вялікай дваццаткі» не варта было з самога пачатку чакаць «чагосьці прарыўнога і чагосьці, што паўплывае на ўвесь свет». Паводле яго, G20 – гэта «надта аморфнае ўтварэнне» краінаў, якія не маюць паміж сабой ні аднаго ўзроўню развіцця, ні супольных дэмакратычных каштоўнасцяў.

У прыватнасці Лэвусь назваў галоўныя праблемы тыповага кіраўніка Глабальнага Поўдня: «Не ўбудаваны ў сусветны кантэкст, мае вельмі слабае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў свеце, больш за тое, ёсць пэўны ўплыў антызаходняга ўспрыняцця свету». І ў гэты кантэксце Расея часта ўспрымаецца як прыродны хаўруснік, хоць Крэмль «проста паразітуе» на антыкаланіялізме, адзначыў палітолаг.

Таму, заявіў суразмоўца, выніковы дакумент мог быць яшчэ больш прарасейскім, бо, напрыклад, РФ спрабавала «ўціснуць свае каментары адносна неабходнасці зняць з яе заходнія санкцыі».

«Вельмі добра, што нават нягледзячы на ​​адсутнасць Украіны заходнія партнёры прадэманстравалі адназначную аднадушнасць і адстойвалі пазіцыю Украіны», – сказаў Лэвусь.

І хоць у дакуменце наўпрост не гаворыцца пра агрэсію Расеі супраць Украіны, «драматызаваць не трэба».

«З гледзішча міжнароднага права гаворыцца, што ніхто не павінен парушаць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці. І ў гэтым кантэксце мы можам, маем права і павінны казаць пра тое, што мы ведаем, хто насамрэч агрэсар. Агрэсар – Расейская Федэрацыя. І мы самі гаворым пра неабходнасць выконваць Статут ААН. Таму я думаю, што ў прынцыпе гэты вынік пазітыўна нейтральны», – падкрэсліў палітолаг.

Таму, заключыў Лэвусь, паразы Украіны няма, а дакумент «у цэлым адпавядае рэчаіснасці з гледзішча міжнароднага права і статуту».

Макар Мыш belsat.eu