Афрыканскі саюз афіцыйна стаў пастаянным чальцом G 20


На саміце Вялікай дваццаткі, які 9 і 10 верасня праходзіць у Індыі, было прынята рашэнне аб прыняцці ў склад G 20 Афрыканскага саюза.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: vajiramandravi.com

Адпаведную заяву аб прыняцці зрабіў на адкрыцці саміту прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі.

«Запрашаю прадстаўніка Афрыканскага саюза заняць яго месца як пастаяннага чальца G 20», – сказаў індыйскі прэм’ер, выступаючы на першай сесіі саміту.

Пасля гэтага кіраўнік Мінстэрства замежных справаў Індыі падышоў да прэзідэнта Каморскіх астравоў, якія старшынююць зараз у Афрыканскім саюзе, Азалі Асумані і запрасіў яго заняць месца паміж іншых чальцоў Вялікай дваццаткі, усталяваўшы перад ім таблічку і сцяг Афрыканскага саюза.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Індыі таксама назваў гэтую падзею «ключавым вынікам» саміту.

Вядома, што з прапановай прыняць Афрыканскі саюз у якасці пастаяннага чальца G 20 індыйскі прэм’ер выступаў яшчэ ў чэрвені 2023 года. Такую ж прапанову ў тым жа месяцы зрабіў і расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Да гэтага моманту толькі Еўразвяз быў адзінай рэгіянальнай арганізацыяй, якая ўваходзіла ў склад Вялікай дваццаткі.

У Афрыканскі саюз уваходзяць 55 дзяржаваў афрыканскага кантыненту. Саюз паўстаў на базе Арганізацыі афрыканскага адзінства і з’яўляецца яе правапрыемнікам. Дзейнасць Афрыканскага саюза накіраваная на падтрымку і садзейнічанне міру і стабільнасці на афрыканскім кантыненце, а таксама на ажыццяўленне рэформ і стратэгій скарачэння беднасці. Адным з прыярытэтаў арганізацыі з’яўляецца развіццё і адраджэнне Афрыкі.

Агляд
У Індыі стартаваў саміт G20. Праз Украіну ён можа стаць самым безвыніковым і канфрантацыйным
2023.09.09 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў