У Генштабе ЗСУ пракаментавалі начныя выбухі ў Зябраўцы пад Гомлем


Намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў пракаментаваў начныя выбухі на аэрадроме «Зябраўка» пад Гомлем. Ён адзначыў, што ўкраінскі бок можа апераваць толькі дадзенымі Мінабароны Украіны.

Аляксей Громаў, намеснік кіраўніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, брыгадны генерал.
Фота: Белсат

«Сапраўды, на аэрадроме «Зябраўка» былі выбухі. Напярэдадні былі такія ж, не такія ж, а падобныя выбухі на аэрадроме «Сакі». Вядома, што кожны вайсковец Збройных сілаў Украіны, кожнае падраздзяленне мела б мэту, імкнулася б сабе зорачку намаляваць. Але цяпер мы маем толькі тыя факты, якія каментуюць адпаведна Міністэрства абароны Беларусі і Міністэрства абароны Расеі.

Адносна таго, уступіць ці не ўступіць Беларусь у вайну, можна ладзіць розныя прагнозы, але калі так будзе працягваць развівацца сітуацыя, калі сілы дабра будуць дапамагаць, перамога будзе за намі, перамога будзе хутка», – сказаў Громаў.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», што займаецца адсочваннем расейскай вайсковай тэхнікі і яе актыўнасцю ў Беларусі, атрымала звесткі, што ў выніку сённяшніх выбухаў на аэрадроме «Зябраўка», магчыма, быў знішчаны шэраг тэхнікі, што дыслакавалася на вайсковым аэрадроме і побач з ім. Паводле непацверджаных звестак, ноччу загарэўся танк Т-72 і здэтанаваў боекамплект, што знішчыла каля 10 боепрыпасаў. Днём у напрамку Зябраўкі быў заўважаны рух вайсковых машынаў з надпісам «размінаванне».

Таксама падчас прэс-канферэнцыі намеснік начальніка Генштабу ЗСУ заўважыў, што агулам Расея надалей імкнецца ўцягнуць Беларусь у поўнамаштабную вайну супраць Украіны. «Паводле наяўных звестак, каля 12 тысяч асобаў з ліку дзейных і былых вайскоўцаў падраздзяленняў беларускіх Сілаў спецыяльных аперацыяў і АМАП падпісалі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны», – паведаміў Громаў.

На гэта тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» адказаў, што яны не маюць інфармацыі аб тым, што беларускія сілавікі падпісваюць згоду, каб ваяваць супраць Украіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў