Праз данос аматаркі «русского мира» ў Горадні зачынілі выставу скульптуры


Выстава скульптуры ў Горадні праіснавала адзін дзень. З 30 красавіка яе зачынілі нібыта па тэхнічных прычынах, сёння стала канчаткова вядома, што яна не адчыніцца.

Афіша Гарадзенскай выставы

Што здарылася?

29 красавіка ў гарадзенскай галерэі «400 квадратаў» адчынілася выстава «Скульптура», дзе свае працы выставілі менскія скульптары – як вядомыя імёны, так і маладыя майстры. Гэтая выстава была куратарскім праектам аб’яднання секцыі скульптуры ГА «Беларускі саюз мастакоў». Яна павінна была працаваць да канца траўня, аднак ужо на наступны дзень, 30 красавіка, яе зачынілі на некалькі дзён нібыта па тэхнічных прычынах. Але сапраўдная прычына апынулася ў звароце мясцовай аматаркі Лукашэнкі і рускага свету Вольгі Бондаравай. Яна звярнулася да ўладаў (у прыватнасці да начальніка аддзелу культуры Гарадзенскага гарвыканкаму Дзяніса Чарняка) з патрабаваннем закрыць выставу. На яе думку, некаторыя аўтары, якія ўдзельнічаюць у ёй, вядомыя антыдзяржаўнымі выказваннямі. Пра гэта ўсё яна пісала ў сваім тэлеграм-канале.

Спачатку выставу зачынілі нібыта да 4 траўня, але ў гэты дзень яна так і не адчынілася. 11 траўня куратар выставы Іван Арцімовіч паведаміў, што выстава не адкрыецца. Па яго словах, улады патрабавалі зняць з выставы некаторыя творы, але ён і адміністрацыя галерэі на гэта не пайшлі.

«Прапанаваная нам форма далейшай работы экспазіцыі не задаволіла ні мяне, ні адміністрацыю галерэі, таму ўжо хутка ўсе працы вярнуцца да іх стваральнікаў. Я не лічу правільным выкрэсліваць з экспазіцыі любога з аўтараў, ці некаторыя іх працы па абсалютна надуманых прычынах, агучаных не прафесіяналамі. Я (думаю, як і многія з вас) хацеў бы, каб айчыннае мастацтва зберагала лепшыя свае дасягненні, напаўнялася цікавым зместам і новымі формамі, каб у нас быў СВОЙ уласны шлях і наша скульптура была рознай. У гэтай разнастайнасці я бачу ў будучыні магчымасць фармавання ўласнай мовы, якая будзе адрозніваць нас ад астатняга свету», – напісаў Арцімовіч у сваім Фэйсбуку.

Чым вядомая Вольга Бондарава?

Пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 хадзіла па горадзе разам з іншымі «актывістамі» і паведамляла органам пра ўсе развешаныя бел-чырвона-белыя сцягі і налепкі.

Фігурантка некалькіх палітычных справаў, што заводзіліся на людзей, якія развешвалі ў Горадні сцягі, стужкі ці вывешвалі сцягі на сваім балконе. За гэтае яны былі пакараныя рэальнымі тэрмінамі ці штрафамі.

Сама Бондарава калісьці таксама прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці – за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.

Прыходзіла з камерай на Кірава, 3, дзе размяшчаліся «Цэнтр гарадскога жыцця» і крама з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць». Пасля гэтага там прайшлі ператрусы.

Зараз актыўна займаецца пошукам новых «ворагаў»: адсочвае ў інтэрнэце і сацсетках людзей з бел-чырвона-белымі фотаздымкамі ці аватаркамі, ці актывістаў разнастайных грамадскіх ініцыятываў і арганізацыяў, і піша на гэтых людзей даносы. З-за такіх даносаў да людзей прыходзілі з ператрусамі, адмяняліся розныя культурніцкія імпрэзы і канцэрты з удзелам гэтых людзей.

Актыўна збірала подпісы за знясенне крыжоў у Курапатах, у прыватнасці – крыжа ў памяць Вацлава Ластоўскага.

Настойліва прапаноўвала гарадзенскім уладам знесці пахаванні польскіх жаўнераў, якія ў 1939 годзе ваявалі з саветамі, калі тыя прыйшлі ў Горадню.

Прыходзіла ў Фарны касцёл Горадні з камерай і спрабавала справакаваць ксяндза.

Прыходзіла ў галоўны праваслаўны храм Горадні – Свята-Пакроўскі сабор і абуралася іконамі, якія там вісяць з 2007 года. На абразах – выявы мучанікаў, якія загінулі ад пераследу савецкай улады, а таксама выявы салдат Чырвонай арміі.

Бондарава вядомая сваімі прарасейскімі поглядамі. Выходзіла на мітынгі са сцягам расейскага ўльтраправага руху НОД і «георгіеўскімі стужкамі». Пастаянна перапошчвае ў сваіх каналах суполкі кшталту «Пуцін – наш прэзідэнт» і падобнае.

Ганебна ставіцца да ўсяго беларускага. Бел-чырвона-белы сцяг Бондарава называе «бчб-анучай», прыхільнікаў пераменаў – «бчбесамі». Абражае беларускую мову. Так, у адным са сваіх відэаролікаў Бондарава абураецца тым, што дзяцей у дзіцячым садку вучаць казаць па-беларуску «дзякуй», «добры дзень», «дабранач», а таксама – тым, што ў школе прадмет «Мая Радзіма Беларусь» вывучаюць толькі на беларускай мове.

Hавiны
Кіберпартызаны зноў абнавілі Мапу даносаў
2022.05.11 18:40

Белсат

Стужка навінаў