За катаванні беларусаў адкажуць суддзі?


У рубрыцы «Ведай свае правы» праграмы «Маю права» юрыст Міхаіл Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі НАУ, распавёў, чым пагражае суддзям і сведкам удзел у закрытых судах.

Ці законна рабіць закрытыя суды без наведнікаў і журналістаў?

Законнасць закрытага суда залежыць ад мэты. Суд павінен быць закрыты, каб не распаўсюджваць інфармацыі аб прыватным жыцці, прыватнай інфармацыі, якая можа пашкодзіць ахвяры. Самы просты прыклад – справы ў злачынствах супраць палавой свабоды, справы, дзе ахвяра – непаўналетні.

Чаму палітычныя працэсы робяць закрытымі?

«Напэўна, самая верагодная мэта, з якой такія працэсы робяцца закрытымі, – каб не даць распаўсюдзіць інфармацыі аб сфальсіфікаваных доказах, каб зрабіць выкрыванне гэтых фальсіфікацыяў найбольш цяжкім», – мяркуе Міхаіл Кірылюк.

У якім выпадку ананімнасць сведкі апраўданая?

Ананімнасць сведкі апраўданая, калі ёсць нейкая арганізаваная злачынная група, мафія, якая можа пагражаць жыццю і здароўю сведкі.

На думку Міхаіла Кірылюка, у выпадку, калі сведкам выступае супрацоўнік міліцыі, вельмі цяжка ўявіць, каб у цяперашніх беларускіх рэаліях яму магло нешта пагражаць. Для юрыста гэта выглядае так: людзі разумеюць, што яны даюць фальшывыя доказы, фальшывыя паказанні, і таму не жадаюць раскрываць свайго імя і прозвішча, каб потым пазбегнуць адказнасці.

Што парушаюць такія ананімныя сведкі?

Ананімныя сведкі парушаюць Крымінальны кодэкс. Ёсць адказнасць за заведама ілжывае сведчанне ў судзе. Такія сведкі могуць атрымаць да 3 або да 5 гадоў пазбаўлення свабоды.

Ці лічацца нормай суды праз відэасувязь?

Найбольш верагодна, гэта робіцца, каб перашкодзіць незаконна асуджанай ахвяры камунікаваць са сваім адвакатам. «Іншых прычынаў для таго, каб гэта рабіць, мы не бачым», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Якая адказнасць чакае суддзяў за няпраўныя прысуды?

Cуддзя, якія выносіць вырак заведама нявіннай асобе, можа быць пакараны нават 10 гадамі пазбаўлення свабоды.

Ці ўзмацняецца адказнасць для аўтараў дзясяткаў палітычных прысудаў?

Існуе артыкул 128 «Катаванні», які прадугледжвае пакаранне да пажыццёвага пазбаўлення свабоды і да смяротнай кары.

Міхаіл Кірылюк звяртае ўвагу на тое, што пра катаванні палітвязняў у беларускіх турмах стала вядома ўжо ў першыя дні жніўня. «Цяпер немагчыма камусьці з суддзяў, якія выносілі выракі ўжо ў наступныя дні, сказаць, што ён не ведаў, што ў выніку ягонага прысуду чалавека ў турме, палітычнага зняволенага могуць катаваць. І гэта ўсё таксама дадае адказнасці», – кажа юрыст.

Ці магчыма даказаць катаванні, калі няма ніякіх дакументаў?

«Калі ўлада мяняецца, калі гэтых людзей саджаюць адзін насупраць другога, то яны пачынаюць даваць паказанні, бо яны разумеюць, што ім больш нічога не застаецца. Вось і ўсё, – тлумачыць Міхаіл Кірылюк. – І гэта будзе таксама вялікая-вялікая крыніца доказаў. Бо вядома, хто там працаваў, вядома, хто быў на якіх зменах, і ўсіх іх можна будзе расшукаць і дапытаць».

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Стужка навінаў