news
Аналітыка
Улады Эквадору ўвязаліся ў вайну з наркакартэлямі. Але не факт, што змогуць перамагчы
Сілавы варыянт не дае доўгатэрміновых вынікаў.
11.01.202416:51

Супрацьстаянне ўладаў лацінаамерыканскага Эквадору са злачыннымі групоўкамі, паводле ўладаў краіны, набыло характар вайны. Прэзідэнт абяцае знішчыць злачынцаў, якіх называе не інакш як тэрарыстамі. Але толькі сілавы варыянт развязку можа і не даць чаканага выніку.

Салдаты патрулююць гістарычны цэнтр гораду пасля закалотаў праз дзень пасля таго, як прэзідэнт Эквадору Даньель Набоа абвясціў надзвычайнае становішча на 60 дзён пасля знікнення з турмы лідара злачыннай групоўкі «Los Choneros» Адольфа Масіяса. Кіта, Эквадор. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Karen Toro / Reuters / Forum

У Эквадоры з 8 студзеня праходзяць сутыкненні з мафіяй. Злачынцы бяруць у закладнікі паліцыянтаў. У шэрагу гарадоў краіны, у тым ліку ў сталіцы, прагучалі выбухі. Карыстальнікі сацыяльных сетак публікавалі відэа і фота збройных бандытаў на вуліцах, падпаленых аўтамабіляў і выбухаў. У найбуйнейшым горадзе Эквадору – Гуаякілі – паведамлялася пра захоп больніцаў, напад на ўніверсітэт. Збройныя людзі ў масках падчас жывога эфіру ўварваліся ў студыю тэлеканалу TC.

«Мы ў эфіры, каб вы ведалі, што з мафіяй гуляць нельга», – казаў адзін з нападнікаў.

У сутыкненнях загінулі сама меней 14 асобаў, сярод іх – двое паліцыянтаў і пяцёра злачынцаў. Скрадзеныя 94 асобы, у тым ліку 7 паліцыянтаў. 329 прадстаўнікоў злачынных груповак затрыманыя.

З чаго ўсё пачалося

Усё пачалося са знікнення 7 студзеня з вязніцы лідара групоўкі «Los Choneros» Адольфа Масіяса, які быў асуджаны на больш як 30 гадоў і меўся быць пераведзены ў іншую вязніцу. Раней ён абяцаў сур’ёзныя наступствы, калі яго паспрабуюць перавесці з турмы, якую ён кантраляваў. Затым і ў іншых турмах адбыліся закалоты, а з адной з іх уцёк лідар яшчэ адной мафіёзнай групоўкі – «Los Lobos» Фабрысьё Калён Піка. Яго арыштавалі 5 студзеня за рыхтаванне забойства генеральнага пракурора краіны. Масіяса і Піка пакуль не знайшлі.

У адказ на закалоты прэзідэнт Эквадору Даньель Набоа 8 студзеня ўвёў у краіне надзвычайнае становішча на 60 дзён. Яно прадугледжвае пашыраныя паўнамоцтвы паліцыі ды вайскоўцаў, каменданцкую гадзіну і забарону на публічныя сходы.

Пасля таго, як гвалт выйшаў за межы турмаў, Набоа 9 студзеня абвясціў 22 мафіёзныя групоўкі тэрарыстычнымі арганізацыямі і заявіў, што краіна цяпер у стане ўнутранага збройнага канфлікту.

«Мы ў стане вайны, і мы не можам здацца. Мы прынялі захады, якія мусілі быць прынятыя даўно і на якія мінулыя ўрады не наважваліся», – заявіў прэзідэнт.

У сваю чаргу, кіраўнік аб’яднанага камандавання Збройных сілаў Эквадору адмірал Хаймэ Вэля заявіў: усе злачынныя групоўкі, абвешчаныя тэрарыстычнымі, сталі ваеннымі цэлямі.

Ад выспы стабільнасці да забойства кандыдата ў прэзідэнты

Эквадор, заціснуты паміж Перу і Калумбіяй, дзе вырабляюць гераін і какаін, доўгі час лічыўся выспай стабільнасці. Як адзначае брытанская «Financial Times», мафія пачала квітнець у Эквадоры пры прэзідэнце Рафаэлю Карэа, які кіраваў у 2007–2017 гадах, калі ўлады глядзелі скрозь пальцы на наркатрафік праз эквадорскія парты на Ціхім акіяне. За наркатрафікам рушыў услед і бандытызм, і з ім пераемнікі Карэа не далі рады. Колькасць забойстваў у Эквадоры ў 2018–2022 гадах падскочыла ў чатыры разы. У 2022-м у 17-мільённай краіне былі забітыя 7800 асобаў. У тым жа годзе паліцыя сканфіскавала рэкордную колькасць наркотыкаў – 220 тонаў.

Асобную праблему сталі ствараць крывавыя разборкі ў турмах: з лютага 2021 года былі забітыя больш як 460 вязняў. А 9 жніўні 2023 года ў краіне нават застрэлілі кандыдата ў прэзідэнты Фэрнанда Віллявісэнсьё. Менавіта з абяцаннямі разабрацца з мафіяй і зрабіць Эквадор бяспечным і перамог у кастрычніку 2023 года дзейны прэзідэнт Набоа.

Паваротны этап гвалту

Ўіл Фрыман, палітолаг Рады міжнародных стасункаў з ЗША, заявіў, што апошнія падзеі адзначылі новы пік гвалту ў краіне.

Новы прэзідэнт Эквадору Даньель Набоа выступае падчас сваёй інаўгурацыі ў Нацыянальнай асамблеі ў Кіта, Сальвадор. 23 лістапада 2023 года.
Фота: Handout / Ecuador’s Presidency press office / AFP / East News

«Гэта паваротны момант, – сказаў Фрыман. – У залежнасці ад таго, як урад адрэагуе, ён створыць прэцэдэнт для працягу такіх інцыдэнтаў або скарыстаецца гэтым як каталізатарам і правядзе некаторыя вельмі неабходныя структурныя рэформы, каб дзяржава магла пачаць перамагаць у вайне са злачыннасцю».

На думку Фрымана, ураду Эквадору давядзецца знайсці спосабы кантраляваць турмы, адкуль лідары бандаў працягваюць кіраваць сваімі аперацыямі, і, магчыма, экстрадаваць некаторых галоўных злачынных лідараў у ЗША. Краіне, магчыма, таксама давядзецца правесці судовую рэформу, каб гарантаваць суддзям большую бяспеку і дазволіць ім ананімна выносіць выракі ў справах, звязаных з наркагандлем.

Якая стратэгія і мэты?

Нягледзячы на «амаль панічны характар» першых навінаў з Эквадору, кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін усё ж не бачыць перспектывы вялікай вайны ці тым больш усталявання наркакартэлямі свайго кантролю над краінай. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што паводле колькасці ахвяраў разборкі паміж групоўкамі ў 2021 годзе выглядаюць больш сур’ёзнымі за сённяшнія. Дый у выпадку з захопам тэлестудыі, што найбольш «узрушыла свет», журналісты неўзабаве былі вызваленыя паліцыяй, а нападнікі затрыманыя.

«Гэта падзея, звязаная з лакальным выпадкам, калі лідара адной з груповак хочуць перавесці на тэрыторыю, што кантралюецца варожымі групоўкамі. Праз гэта ўвесь сыр-бор. А маштабы і рэсурсы групоўкі не дазваляюць казаць пра далёкія наступствы і вялікую сур’ёзнасць таго, што адбываецца», – адзначыў Красулін.

Нацыянальная паліцыя ахоўвае затрыманых, якія ўварваліся 9 студзеня ў памяшканне грамадскага тэлеканалу ТС у Гуаякілі, Эквадор. 10 студзеня 2024 года.
Фота: Jose Sanchez Lindao / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Тым не менш, абвяшчэнне прэзідэнтам Эквадору вайны злачынным групоўкам, на думку гісторыка, ставіць пытанне: а што далей? Паводле яго, у дзеяннях уладаў краіны пакуль не відаць акрэсленых стратэгіі і мэты.

«Для таго, каб іх [злачынныя групоўкі. – рэд. Belsat.eu] знішчыць, трэба не толькі паліцэйскія і вайсковыя сілы задзейнічаць. Тут трэба змагацца з карупцыяй сярод уладаў, а гэта куды складаней, чым змагацца супраць злачынных груповак. Далей – гэта ўладкаванне сацыяльных пытанняў, пытання кантрабанды з тых жа Калумбіі і Перу, і гэта не толькі наркотыкі», – адзначыў Красулін.

Праблемай Эквадору, апроч росту цікавасці да яго з боку замежных злачынных груповак – з Калумбіі, Перу, Мексікі, Бразіліі ды нават Албаніі і Кітаю – ёсць таксама падзенне аўтарытэту і моцы паліцыі праз змяншэнне дзяржаўнага фінансавання і «некаторыя непрыемныя гісторыі, у якія ўляпалася паліцыя за апошнія гады».

«У вайну ён [прэзідэнт Набоа. – рэд. Belsat.eu], канечне, увязаўся, а што будзе далей?» – задаецца пытаннем гісторык.

На ягоную думку, можна абвясціць перамогаю арышты злачынцаў і, напрыклад, чарговы арышт уцеклага Масіяса, але застаецца пытаннем, наколькі гэта будзе сапраўды перамогай.

«Набоа сваімі гучнымі заявамі моцна драматызаваў для сябе сітуацыю. Цяпер яму трэба шукаць, як выйсці з яе з найменшымі стратамі. Можа, ён сапраўды пачне поўнамаштабную і бескампрамісную вайну супраць злачыннасці, але даволі цяжка ўявіць, на каго і на што ён будзе абапірацца і наколькі паспяхова ў яго гэта атрымаецца», – адзначыў Красулін.

У іншых краінах не нашмат лепш

Бразілія, Калумбія і Чылі выказалі сваё падтрыманне эквадорскаму ўраду. А ўлады Перу нават абвясцілі надзвычайнае становішча на мяжы з Эквадорам, паабяцаўшы паслаць туды вайскоўцаў і дадатковыя паліцэйскія аддзелы.

У сваю чаргу, улады Аргентыны заявілі пра гатовасць накіраваць працаўнікоў сілаў бяспекі ў Эквадор для дапамогі ў навядзенні парадку. У Буэнас-Айрэсе назвалі тое, што адбываецца, праблемай усяго кантыненту.

Чальцы банды «Mara Salvatrucha» і «Barrio 18» бачныя ў Цэнтры зняволення тэрарыстычных асобаў (CECOT) з умяшчальнасцю 40 000 асобаў у горадзе Сан-Вісэнтэ (San Vicente), Сальвадор. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Alex Pena / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Вялікія праблемы з наркамафіяй сапраўды маюць шмат краінаў Лацінскай Амерыкі. Напрыклад, у Сальвадоры, дзе з сакавіка 2022 года дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча, у лютым 2023 года адкрылася гіганцкая мегатурма для гангстараў. Станам на снежань 2023 года ўлады краіны затрымалі падчас вайны з бандамі больш як 74 тысячы асобаў, і не менш як 150 асобаў загінулі.

Яшчэ горшая сітуацыя ў Мексіцы, дзе вайна з наркакартэлямі цягнецца з 2006 года. Яе ахвярамі ўжо сталі не менш як 41 тысяча асобаў, у тым ліку – больш як 4 тысячы паліцыянтаў. З 2006 да 2021 года ад рук арганізаванай злачыннасці ў краіне загінулі ад 350 да 400 тысяч асобаў і яшчэ 60 тысяч зніклі. У студзені 2023 года там адбылася буйная страляніна пасля затрымання ўладамі краіны наркабарона – былі падбітыя нават тры гелікоптары. Сітуацыя ў Мексіцы ўжо спрычынілася да таго, што рэспубліканцы ў Злучаных Штатах заклікалі ўмяшацца ў тамтэйшую вайну з наркакартэлямі. Ідэю інтэрвенцыі падтрымліваюць прэтэндэнты ў прэзідэнты Доналд Трамп, Рон ДэСэнтыс і Нікі Гэйлі.

Вялікі выклік для ўсіх

Як адзначыў Яўген Красулін, войны супраць наркабізнесу ў Лацінскай Амерыцы ідуць ужо не адное дзесяцігоддзе. Іх пік прыпаў на 1980-ыя – пачатак 1990-х гадоў. І, нягледзячы на пэўныя поспехі, калі зліквідавалі шэраг наркакартэляў і іх лідараў, напрыклад, Паблё Эскабара, наркабізнес ізноў «ачуняў і вяртае ўплыў».

«Як паказвае практыка, сілавыя варыянты наўрад ці дадуць нейкі істотны плён», – падкрэсліў Красулін.

Паводле яго, у наркабізнес уцягнутыя вялікія масы насельніцтва, у якіх няма іншага варыянту для атрымання нейкага прыбытку. Напрыклад, у Перу ў сярэдзіне 1990-х гадоў, паводле розных ацэнак, з наркабізнесам былі звязаныя да 60 % насельніцтва.

Спробы замяніць наркатычныя расліны «агуркамі і кветкамі» не далі вялікага плёну, бо «кока прыносіць больш прыбытку». Як і выраб з наркатычных раслінаў, традыцыйных для Лацінскай Амерыкі, ненаркатычнай прадукцыі – цукерак, ёгуртаў ды іншага.

Адным з варыянтаў змагання з наркабізнесам ёсць легалізацыя лёгкіх наркотыкаў (марыхуаны і іншых) у Амерыцы і Еўропе, што знізіць тамтэйшы попыт на цяжкія наркотыкі. Але ў гэтым «вельмі шмат супярэчлівага», адзначыў Красулін. Дый сам «працэс няхуткі і складаны».

«Пакуль гэта [наркабізнес. – рэд. Belsat.eu] будзе прыносіць прыбыткі, гэтая праблема наўрад ці будзе скасаваная. Усё роўна яна будзе вабіць людзей», – сказаў суразмоўца.

На ягоную думку, развязак гэтага пытання стварае вялікі выклік для палітычных і інтэлектуальных элітаў, бо сілавы варыянт «ні ў якім разе не мусіць быць адзіным». Не залагодзіць праблемы і ўмяшанне іншых краінаў ва ўнутраныя праблемы краінаў з моцнымі наркакартэлямі. Пры тым, што дагэтуль няма адказу, якія краіны перадусім мусяць змагацца з наркабізнесам: тыя, дзе вырабляюць наркотыкі, ці тыя, дзе іх спажываюць.

Агулам жа, падсумоўвае гісторык, паколькі сілавы варыянт не дае доўгатэрміновых вынікаў, да праблемы трэба падыходзіць сістэмна: праз сацыяльныя праграмы, праз змаганне з карупцыяй, праз узмацненне дзяржаўных і прававых інстытутаў. Але адзінага метаду са стоадсоткавым вынікам няма, дадаў ён.

Агляд
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны
2024.01.03 08:00

Макар Мыш belsat.eu