Не толькі кандыдат на прэзідэнта. У Эквадоры забілі другога знанага палітыка за тыдзень


У Эквадоры 14 жніўня каля ўласнага дому застрэлілі аднаго з лідараў левага палітычнага руху «Грамадзянская рэвалюцыя» Пэдра Брыёнэса. За некалькі дзён да гэтага забілі кандыдата на прэзідэнта краіны.

Пэдра Брыёнэс з паплечніцамі.
Фота: X / @PaolaCabezasC

Прадстаўніка «Грамадзянскай рэвалюцыі» Пэдра Брыёнэс застрэлілі каля ягонага дому ў горадзе Сан-Матэа. Паводле El Pais, палітыка застрэлілі невядомыя асобы на матацыклах, якія падпільнавалі яго ў засадзе. Брыёнэса даставілі ў лякарню, дзе канстатавалі смерць.

«Эквадор перажывае сваю самую крывавую эпоху. Гэтым мы абавязаныя ўсеагульнаму папушчальніцтву няўмелага ўраду і дзяржаве, захопленай мафіяй. Мае салідарныя абдымкі сям’і калегі Пэдра Брыёнэса, які загінуў у гэтым гвалце», – паведаміла ў «X» кандыдатка на прэзідэнта ад таго ж руху Люіса Гансалес.

Фота
Забойства кандыдата ў прэзідэнту Эквадору, лясныя пажары на Гаваях. Галоўныя здымкі тыдня
2023.08.13 10:00

Увечары 9 жніўня ў сталіцы Эквадору, Кіта, застрэлілі кандыдата на прэзідэнта Фэрнанда Віллявісэнсьё. Група невядомых тройчы стрэліла ў галаву палітыку. Медыкі канстатавалі ягоную смерць.

Паліцыянты здолелі затрымаць падазронага ў забойстве, ён быў паранены і ў выніку таксама памёр.

Датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары пройдуць у Эквадоры 20 жніўня. Паводле апытанняў, найбольшыя шанцы на перамогу мае ўжо згаданая Люіса Гансалес. На другім месцы быў ужо забіты Віллявісэнсьё.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў