Новы год у Дагестане ды Абхазіі. Куды беларускія турфірмы вязуць на святы?


Туры ў Еўропу – дарагія і выключна аўтобусныя. Самалётам – у Турцыю, Грузію, Расею. Так сёлета выглядаюць навагоднія маршруты з Беларусі. Мы паглядзелі, куды беларусы могуць выехаць на зімовыя святы. Знайшлі туры ў Дагестан, Татарстан, Абхазію. Беларусаў вязуць у Расею, а расейцы едуць сустракаць 2024 год у Беларусь – яны раскупілі амаль усе нумары ў нашых санаторыях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мальдзівы.
Фота: Huber images / Forum

Казачна дарагія Мальдзівы і параўнальна танныя Эміраты

Пачнем з замежных і самых дарагіх вандровак.

Менская турфірма прапаноўвае сустрэць 2024 год на Мальдзівах. Вылет з Менску 26 снежня. За 7 начэй у двухмясцовым нумары просяць 12 376 рублёў (3980$) з чалавека.

Вельмі дарагая навагодняя Іспанія. Туры на Тэнерыфе каштуюць у раёне 10 – 13 тысяч рублёў (3 215  – 4180$) за 11 начэй. Звярніце ўвагу – вылет з Варшавы, то бок, вам яшчэ давядзецца паклапаціцца пра дарогу да аэрапорту. Візавая падтрымка не прадугледжаная.

Крыху таннейшая Дамінікана з вылетам з Менску і Масквы – ад 4 да 6 тысячаў рублёў (1290$ – 1930$). З вылетам з Варшавы – ад 7 да 10 тысяч (2 250$ – 3 215$).

Зусім не танны Егіпет на Новы год. Сярэдні кошт на чалавека ў двухмясцовым нумары ў 4-хзоркавым гатэлі ў Шарм-Эль-Шэйху – каля 4000 рублёў (1290$). У цану ўваходзіць пералёт з Менску. Вылеты – у апошнія дні снежня.

У Егіпет, дарэчы, мы знайшлі туры з Менску асобна для расейцаў. У прайсе фірмы ёсць два асобныя пункты: Егіпет і Егіпет для расейцаў.

Не самая дарагая, але і не самая танная навагодняя Турцыя. Мы знайшлі тур на 7 начэй у двухмясцовым нумары з вылетам з Масквы 26 снежня за 3712 рублёў (1193$) за аднаго чалавека.

З Менску можна паляцець сустракаць Новы год у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. На дзіва – за не самыя вялікія грошы. Адна з прапановаў – экскурсійны тур на 11 начэй з заездам у Аман. Вылет з Менску – 21 снежня. Асноўны кошт – 989 еўра. Дадаткова трэба аплаціць 100 рублёў – кошт турыстычнай паслугі і 349 еўра – экскурсійна-транспартны пакет. У праграме – наведванне розных гарадоў ААЭ, купанне ў Індыйскім акіяне, пражыванне ў гатэлях 2-3-хзоркавых гатэлях. Вылет у Менск – 1 студзеня.

Туры ў Еўропу з выездам з Менску – усе аўтобусныя

Нягледзячы на цяжкасці з візамі, даволі шмат прапановаў сустрэць Новы год у Еўропе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расклад руху аўтобусаў на аўтавакзале ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Самыя танныя прапановы – Новы год у Берліне і Варшаве. Кошт – 854 рублі (275$) за 4 ночы. Выезд з Менску 29 снежня. Канчатковы кошт тура будзе вышэйшым, чым указаны ў абвестцы, бо дадаткова трэба будзе заплаціць за візу – консульскі збор і страхоўку, экскурсіі на месцах.

Адна з фірмаў прапаноўвае італьянскія калядныя канікулы на 7 начэй з аўтобуснымі экскурсіямі па гарадах Еўропы. Кошт – 1124 рублі (361$). Выезд з Менску 22 снежня. Аказваецца візавая падтрымка, за што трэба плаціць дадаткова, а таксама аплаціць турыстычную паслугу – 25 еўра і экскурсійна-транспартны пакет – 99 еўра. Таксама дадаткова аплачваюцца экскурсіі на месцах. Такім чынам, канчатковы кошт атрымліваецца значна большым, чым заяўлены ў рэкламе.

Беларусы могуць сустрэць 2024 год у Манака. Тур на 7 начэй прапаноўвае адна з фірмаў. Выезд на аўтобусе з Менску ці Берасця 28 снежня. Абяцаюць, што без начных пераездаў. У маршруце – Нямеччына, Францыя, Італія, Манака. Кошт тура – 580 еўра. Кошт візы – 110 еўра. Таксама трэба аплаціць турыстычную паслугу – 100 рублёў (32,2$), гарадскія зборы на месцах, квіткі ў музеі.

Аналітыка
Колькасць аграсядзібаў скарацілася ўдвая. Што адбываецца ў беларускім вясковым турызме?
2023.09.27 17:47

Экскурсіі для беларусаў, але выезд з Вільні, Каўнаса, Рыгі

Не ўсе фірмы аказваюць візавую падтрымку. Ёсць туры, якія пачынаюцца не ў Менску, а ў адным з еўрапейскіх гарадоў – Вільні, Каўнасе, Рызе. Мяркуецца, што да гэтага гораду чалавек мусіць дабрацца сам, як і потым назад у Беларусь.

Такая, напрыклад, вандроўка ў Лапландзію і вёску Санта Клаўса з вылетам з Рыгі. Кошт за 2 ночы 30 снежня – 1 студзеня – 1 486 рублёў (478$). Акрамя візіту да Санта Клаўса, прапаноўваецца наведванне Арктычнага заапарку Рануа, знаёмства з белым мядзведзем, катанні на сабачых і аленевых запрэжках.

З выездам з Вільні гэтая ж фірма прапаноўвае калядную вандроўку па еўрапейскіх краінах – Францыі, Нямеччыне, Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы. Выезд – 22 снежня. Працягласць – 7 начэй. Кошт – 1090 рублёў (350$). З выездам 28 снежня на 7 начэй – 1 124 рублі (361$). Сустракаць Новы год будзеце ў Парыжы. Улічыце, што даехаць да Вільні (калі вы там не жывяце) трэба будзе самастойна, візу зрабіць таксама.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турысты робяць сэлфі падчас наведвання вёскі Санта Клаўса, Фінляндыя.
Фота: Jonathan Nackstrand / AFP / East News

Сустрэць Новы год у Празе можна будзе за 1022 рублі (329$, кошт за 4 ночы). Выезд 29 снежня. З Каўнаса. Візавай падтрымкі няма.

Новы год у горным ауле ў Дагестане

Шмат навагодніх турыстычных пакетаў прапаноўваецца ў Расею і краіны былога СССР. Акрамя звычайных Масквы і Санкт-Пецярбургу, ёсць туры ў Татарстан з аглядам Казані, Свіяжска і сталіцы рэспублікі Марый Эл гораду Ёшкар-Олы. Аднак, каб трапіць у гэты тур, спачатку трэба будзе дабрацца да Масквы, бо вылет адтуль, 30 снежня. Кошт – 870 рублёў (280$) за 4 ночы.

На сустрэчу Новага года менскія фірмы могуць адвезці на расейскі бок Каўказу з наведваннем Эльбрусу. Кошт – 1075 рублёў (346$)  за 6 начэй. Выезд з Менску – 28 снежня. Дадаткова трэба аплаціць турыстычную паслугу – 100 рублёў (32,2$), а таксама ўваходныя квіткі на канатныя дарогі ў гарах, страхоўку і курортны збор.

З даволі экзатычных прапановаў – навагоднія вакацыі ў Дагестане. Кошты розныя. У адной з фірмаў – 220$+200 рублёў (64,3$). Выезд з Менску 28 снежня, на 7 начэй. Дзецям да 16 гадоў абяцаюць зніжку ў памеры 20$. Да Дагестана – трансфер на аўтобусе праз Расею, 2 начлегі ў транзітных гатэлях. У Дагестане запланаваныя наведванне гораду Дэрбент (крэпасць Нарын-Кала), Сулакскага каньёну, экскурсія ў горны аул Кубачы. Таксама ўключаная экскурсія ў Музей качавых народаў у горадзе Эліста ў Калмыкіі. Навагодні банкет трэба будзе аплаціць дадаткова.

Яшчэ два не самыя папулярныя ў папярэднія гады кірункі на святкаванне Новага году – Узбекістан і Азербайджан.

У тур «Навагодні Узбекістан» уключана наведванне Ташкенту, Самарканду, Бухары, Шахрысабзу. Вылет з Менску 28 снежня. Працягласць – 9 дзён. Пражыванне ў 2-3-х-зоркавых гатэлях. Кошт – 1295$. Дадаткова аплочваецца турыстычная паслуга – 100 рублёў (32,2$), навагодняе шоу – 90$, чаявыя гіду і кіроўцы, квіткі ў музеі, майстар-клас пра гатаванні плову.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы год у Дагестане.
Фота: pressa_mkala / Instagram

Крыху таннейшае святкаванне Новага году ў Азербайджане. Вылет – 29 снежня з Менску. Пражыванне таксама ў 2-3-х-зоркавых гатэлях. Асноўны кошт – 600$, авіяквіткі Менск-Баку-Менск – 360$, турыстычная паслуга – 150 рублёў (48$).

Грузія – самалётам з Менску ці аўтобусам праз Расею

Сёлета вялікі выбар навагодніх тураў у Грузію. Кошты на іх не нізкія, асабліва калі з авіяпералётам. Адна з турфірмаў прапаноўвае «Тбіліскі новы год» на 6 начэй з вылетам з Менску 28 снежня. Кошт вандроўкі – 2 464 рублі (792$). Аднак гэта не канчатковая цана. Дадаткова давядзецца заплаціць за навагоднюю вячэру, арэнду гарналыжнага рыштунку, паслугі інструктараў і медычную страхоўку для заняткаў спортам (у туры запланаваны выезд на гарналыжны курорт Бакурыяні).

Калі ж у Грузію не самалётам ляцець, а ехаць тры дні ў аўтобусе праз Расею, тур выйдзе ў два разы таннейшым. Ёсць прапанова за 1 152 рублі (370$) на 9 начэй з выездам з Менску 27 снежня 2023 года. Па Расеі аўтобус едзе тры дні і дзве ночы. Адна ноч у дарозе, другая – у транзітным гатэлі на тэрыторыі Расеі. За навагодні банкет у Тбілісі трэба будзе плаціць асобна (каля 50$ з чалавека). Таксама дадаткова аплочваецца турыстычная паслуга – 50 рублёў (16$) і транспартны пакет – праезд і пражыванне ў гатэлі – 100$, медычная страхоўка, экскурсіі, абеды і вячэры (сняданкі ўключаныя). Такім чынам выніковы кошт тура атрымліваецца зусім не 1 152 рублі.

Мы знайшлі шэраг менскіх турфірмаў, якія прапаноўваюць туры ў Абхазію – непрызнаныя тэрыторыя (незалежнасць Абхазіі прызнаная толькі РФ, Венесуэлай, Нікарагуа, Науру). Кошты ад 600 рублёў (193$). Дадаткова аплочваецца праезд на аўтобусе ці цягніку і навагодні банкет. У рэкламе фірмы не папярэджваюць, што пасля такога святкавання Новага году потым могуць не пусціць у Грузію праз парушэнне заканадаўства аб акупаваных тэрыторыях.

Hавiны
Месцаў у гатэлях і санаторыях Беларусі на Новы год амаль не засталося. Усё скупляюць расейцы
2023.11.18 08:57

У беларускіх санаторыях адпачываюць і святкуюць расейцы

А цяпер паглядзім, куды можна паехаць на навагоднія святы ў Беларусі. Прапановаў у інтэрнэце шмат, аднак шмат дзе пазначана «спяшайцеся браніраваць, месцаў мала», а калі тэлефануеш па некаторых нумарах, чуеш, што акурат на Новы год ужо ўсё раскупілі. Гэта датычыць найперш санаторыяў і буйных аграсядзібаў, у якіх большасць нумароў ужо традыцыйна забраніраваная расейцамі. Забаўляльныя прапановы там даволі стандартныя: лячэбныя працэдуры (калі гэта санаторый), навагодні банкет, экскурсіі да суседніх цікавых мясцінаў, беларуская традыцыйная ежа, часам катанні на конях, майстар-класы. Кошты ў аграсядзібах – ад прыблізна 300 рублёў (96$) за ноч на аднаго дарослага ў двухмясцовым нумары.

У санаторыях нумары на навагоднія святы амаль усе раскупленыя. Мы патэлефанавалі ў санаторый «Радон» – нам сказалі, што на новы год усё забраніравана, пераважна расейцамі. Потым мы паспрабавалі забраніраваць нумар праз сайт у санаторыі «Нарачанка» – аказалася, што да пачатку студзеня нічога няма. Падобная сітуацыя ў санаторыі «Ружанскі» і іншых.

У санаторыі «Нарачанка» месцаў няма да пачатку студзеня 2024 года. Скрыншот формы рэзервавання ў санаторыі «Нарачанка» / kurort.by

Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі надоечы распавядаў, што амаль ва ўсіх беларускіх санаторыях нумары на Новы год раскупленыя. Актыўнае браніраванне пачалося яшчэ ў верасні-кастрычніку. Больш за палову гасцей, якія прыедуць на святы – расейцы.

Пакуль яшчэ ёсць месцы ў санаторыях «Мышанабудаўнік» у пасёлку Чэнкі ў 12 кіламетрах ад Гомля. На Новы год там будзе класічная праграма з банкетам. Кошты на пражыванне ў ім у навагодні перыяд для грамадзянаў Беларусі пачынаюцца з 96 рублёў (30,1$) за ноч (з аднаго чалавека ў двухмясцовым нумары). Самы дарагі нумар каштуе 273 рублі (88$, калі пражываць аднаму ў 4-х-мясцовым нумары).

Аналітыка
Ці замяніла Расея беларускім турыстам напрамкі, страчаныя праз вайну і санкцыі?
2023.09.28 17:47

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў