Упершыню ў гісторыі ў паўфінал ЧС па футболе выйшла каманда з Афрыкі


На чэмпіянаце свету па футболе, які праходзіць цяпер у Катары, каманда Марока сенсацыйна выйграла зборную Партугаліі з лікам 1:0 і выйшла ў паўфінал.

Яны перамаглі дзякуючы голу Эн-Несыры на 42-й хвіліне.

Раней у паўфіналы чэмпіянатаў свету ніколі ў гісторыі не праходзіла ніводная каманда з афрыканскага кантыненту.

Марока да 2022 году нават у 1/4 фіналу ніколі не прабівалася, а групавы этап у мінулы раз пераадолела ў 1986 годзе. Сёлета мараканцы занялі першае месца ў групе з Бельгіяй, Харватыяй і Канадай, а ў 1/8 фіналу выбілі з турніру Іспанію.

У паўфінале супернікам мараканцаў стане пераможца матчу Францыя – Англія, які пройдзе сёння ўвечары.

Другая пара паўфіналістаў вызначылася ўчора – гэта Аргентына і Харватыя, яны згуляюць 13 снежня.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў