Рада ЕЗ ухваліла выдзяленне дапамогі Украіне на суму 18 млрд еўра


Рада Еўразвязу дасягнула пагаднення наконт пакету фінансавай дапамогі Украіне ў 2023 годзе на агульную суму 18 млрд еўра.

«Украіна можа разлічваць на ЕЗ. Мы працягнем падтрымліваць Украіну, у тым ліку і фінансава, столькі, колькі спатрэбіцца. Закон, які мы сёння прынялі, азначае, што Украіна можа разлічваць на рэгулярную фінансавую дапамогу з боку ЕЗ на працягу 2023 года», – заявіў міністр фінансаў Чэхіі Збынек Станюра.

Сума пазыкі для Украіны ў 2023 годзе складзе 18 мільярдаў еўра з 10-гадовым перыядам адтэрміноўкі. Еўрапейскія краіны будуць пакрываць асноўную частку працэнтных выдаткаў за кошт вонкавых мэтавых даходаў. Гарантыі па крэдытам будуць забяспечвацца альбо бюджэтам ЕЗ, альбо краінамі-сябрамі.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, Еўразвяз імкнецца забяспечыць кароткатэрміновую фінансавую дапамогу, фінансаванне неадкладных патрэбаў Украіны, аднаўленне крытычнай інфраструктуры і першапачатковую падтрымку ўстойлівага пасляваеннага аднаўлення Украіны на яе шляху да еўрапейскай інтэграцыі.

Цяпер рашэнне аб фінансавай дапамогі мусіць ухваліць Еўрапарламент, галасаванне адбудзецца на наступным тыдні.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў