Вялікі «крыжовы паход» у імя тыраніі

Галоўнай мэтай «Вялікай размовы» з дыктатарам было жаданне зацвердзіць сваю перамогу і прадэманстраваць поўны кантроль над сітуацыяй, а таксама сваю жыццяздольнасць. «Размова» стала свайго роду кампенсацыяй за ўласны выбарчы правал, спробай вярнуць «харызму».

Прамова Лукашэнкі была ваяўнічай, поўнай пагроз і агрэсіі. У прынцыпе, гэта праграма дзеяння ўладаў на бліжэйшыя 5 гадоў.

Сутнасць гэтай праграмы ў тым, каб цалкам перакроіць грамадства і дзяржаву. Гэта значыць, што ўнутраная палітыка будзе абапірацца на татальную вайну з грамадствам, што павінна забяспечыць стабільнае кіраванне Лукашэнкі на бліжэйшыя гады. Любыя кампрамісы і тым больш дыялог – выключаныя.

Беларусы выйшлі на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У сталіцы няма сувязі, цэнтр гораду ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстаўцаў брутальна разганяюць. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Палітычная і інфармацыйная аўтаномія грамадства разглядаецца як прамая пагроза, адпаведна, знішчэнне структур і грамадзянскай актыўнасці «мярзоты» [А. Л.] будзе працягнутае. Адным з ключавых элементаў зачысткі будзе выцісканне пасіянарнага класу з краіны. Прычым Лукашэнку не хвалюе негатыўны эфект палітычнай эміграцыі (сацыяльна-эканамічная дэградацыя), калі гэта забяспечыць татальную паслухмянасць астатняга грамадства.

Разам з тым, нягледзячы на пераможную рыторыку відавочна, што дзейнасць альтэрнатыўных палітычных цэнтраў моцна раздражняе і ўражвае Лукашэнку, як і факт санкцыяў.

Артыкулы
Год, які змяніў нашае жыццё. Згадваем, што адбывалася ў Беларусі на пратэстах і не толькі
2021.08.09 09:15

Адсюль свядомыя прыніжальныя і абразлівыя рэплікі на адрас таго ж Латушкі і Ціханоўскай, скажэнне іх прозвішчаў і мэтанакіраваная дэгуманізацыі. Абесчалавечванне – ключавы кампанент у фармаванні маргінальнага вобразу пратэставай часткі грамадства, накіраваны на ўзмацненне агрэсіі і палітычнага гвалту ў грамадстве. Іншымі словамі, дыктатар сцвярджае «новы крыжовы» паход.

Лукашэнка таксама цалкам пераняў пуцінскую рыторыку ў дачыненні Захаду.

Ён упэўнены ў тым, што яму ўдалося пераадолець крызіс. Адпаведна, маніпуляцыі з Канстытуцыяй ужо не патрэбныя, прынамсі бліжэйшым часам, як і арганізацыя рэферэндуму.

Верагодна, гэтай упэўненасцю можна растлумачыць адкрытае прызнанне гвалту ў адносінах затрыманых у перыяд жнівеньскіх падзеяў, а таксама таго, што выбары былі сфальсіфікаваныя.

Пратэсты ў Менску. Фота зробленаея з 15 жніўня да 20 верасня 2020 года.
Фота: Агата Квятковска / Белсат

Калі ж улада пастановіць укараняць сістэмныя змены, то яны будуць датычаць двух прынцыповых пытанняў: падаўжэння прэзідэнцтва Лукашэнкі без удзелу ў выбарах і ўсталявання механізму транзіту прэзідэнцкай улады ў межах існай сістэмы. У гэтым выпадку так званы Усебеларускі народны сход будзе адыгрываць ролю найвышэйшай саслоўнай палітычнай рады, якая будзе надаваць прэзідэнту ўладныя паўнамоцтвы. У будучыні падбяруць групу «маладых» кандыдатаў на найвышэйшую пасаду, адзін з якіх (сын Лукашэнкі) і будзе рэпрэзентоўваць інтарэсы кіроўнага класу.

Артыкулы
«Беларусь адкінутая на 20 гадоў назад». Як мы змяніліся за паслявыбарчы год і чаго чакаць далей?
2021.08.09 10:00

Разам з тым дыктатар даў ясна зразумець, што ні пры якіх акалічнасцях не збіраецца сыходзіць.

Частку агрэсіўных настрояў Лукашэнка спрабаваў накіраваць на Захад. Пры гэтым ён цалкам выкарыстаў характэрную для Пуціна рыторыку пагрозы ядравай вайны. Відавочна, што Лукашэнка будзе старацца давесці канфлікт з Захадам да пагражальнай стадыі, пры якой апошні будзе вымушаны пайсці на «перамовы» без папярэдніх умоваў.

З іншага боку, робячы (у стылі кіплінгскага Табакі) агрэсіўныя выпады ў бок Захаду, Лукашэнка дэманструе адданасць Маскве, адначасова сыходзячы ад практычных пытанняў аб вайсковай базе і паглыбленай інтэграцыі. Відавочна, што беларускі дыктатар спадзяецца вярнуцца да таго ўзроўню стасункаў з Расеяй, які існаваў да 2020 года.

Пратэсты ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Было бачна, што Лукашэнка спрабаваў вырвацца, на псіхалагічным узроўні, з крамлёўскіх ціскоў. Ён усімі сіламі хацеў пераканаць прысутных, што сваёй уладай абавязаны выключна самому сабе і сілавікам, а ўдзел і падтрыманне Масквы былі толькі ўскоснымі.

Думаю, публічнае прыніжэнне ролі Пуціна можа выклікаць непрыемную для Лукашэнкі рэакцыю Масквы.

Такія павароты ў ацэнцы падзеяў сведчаць аб тым, што ў Лукашэнкі псіхалагічная патрэба выбудоўваць камфортную для яго рэальнасць, хаваць за ўласнымі ілюзіямі існыя праблемы.

Жыццё дыктатара ва ўласнай рэальнасці, якая будзе падсілкоўвацца дзейнасцю новага пакалення прапагандыстаў, будзе сілкаваць палітычны крызіс і ўзмацняць унутраную і вонкавую канфрантацыю.

Аб’ектыў
«Большой разговор»: Лукашэнка распавёў, калі сыдзе
2021.08.09 23:15

Павел Усаў/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў