Ядравая зброя, расейская база, адказ на контрнаступ… Пра што маглі размаўляць Шайгу і Лукашэнка?


Ранкам 10 красавіка з неанансаваным візітам Беларусь наведаў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Што значыць ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам? Спыталі экспертаў.

Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 10 красавіка 2023 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Пра што размаўлялі?

Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, Сяргей Шайгу і Аляксандр Лукашэнка абмяркоўвалі дзве тэмы: які трэба прыняць нарматыўны прававы акт паміж Расеяй і Беларуссю, каб «забяспечыць поўную бяспеку Беларусі» і як праходзіць зладжаванне саюзнай групоўкі войск, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка растлумачыў, што неабходнасць забеспечаваць нейкую дадатковую бяспеку Беларусі вызваная тым, што заходнія краіны не выконваюць дамоўленасці аб гарантыях бяспекі, якія даваліся ў рамках Будапешцкага мемарандума ў абмен на вывад ядзернай зброі. «Недзе пасля 1994-га года, вядомага Будапешцкага мемарандума, дзе кляліся ўсе заходнія дзяржавы і Расея прадставіць поўную бяспеку Казахстану, Украіне і Беларусі. Зразумела, вы ведаеце, што заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дагаворы, пагадненні і заявы, і ніякай бяспекі няма», – абураўся Лукашэнка. Ён растлумачыў, што мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку, якой зараз пагражаюць уведзеныя санкцыі.

З яго слоў, ён сам папрасіў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна неяк паспрыяць забеспячэнню бяспекі Беларусі і той прапанаваў «паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць цяпер, каб забяспечыць поўную бяспеку Беларусі». Выглядаць гэтыя гарантыі павінны так, «што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расейская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю», – растлумачыў Лукашэнка.

Беларускі палітык падзякаваў у чарговы раз, што Расея «пры ўсіх складанасцях» трымае ў Беларусі «некалькі тысяч расейскіх ваеннаслужачых». «Таму што расслабляцца нам тут не трэба. Вы бачыце, што палякі, літоўцы тут шавяліцца пачалі ў нашым напрамку. Таму гэта добрая такая падмога і апора для беларускай арміі, якая на заходнім флангу абараняе Саюзную дзяржаву«, – растлумачыў ён сваю занепакоенасць.

Сяргей Шайгу ў сваю чаргу падзякаваў Лукашэнку, што той прадставіў пяць абсталяваных палігонаў на тэрыторыі Беларусі і дастатковую колькасць інструктараў («афіцэраў беларускіх Узброеных Сіл») для падрыхтоўкі расейскага папаўнення, якое потым ідзе на вайну з Украінай. «Сапраўды тут даволі вялікая групоўка», – адзначыў расейскі міністр і паведаміў, што будзе абмяркоўваць з Лукашэнкам не толькі «усе пытанні яе далейшага і знаходжання, і падрыхтоўкі», а «напэўна», і «пашырэння рамак» гэтай групоўкі.

Пра што яшчэ маглі размаўляць?

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст тлумачыць у каментары «Белсату»: зусім не факт, што кіраўніцтва Расеі верыць у тое, што кажа пра пагрозы нападу з боку Польшчы ці Літвы, але дакладна, што ўжо ідзе вайна супраць Украіны, якую трэба нейкім чынам забяспечваць рэсурсамі, лагістыкай. І ў сувязі з апошнім Сяргей Шайгу і мог прылятаць да Аляксандра Лукашэнкі:

«Магчыма, гэта ўсё нейкім чынам павінна мяняцца паводле іх планаў, – разважае Дракахруст. – Напрыклад, сапраўды расейцы чакаюць контрнаступу Украіны, і для іх пытанне, як на гэта адказваць. Ёсць чыста тэхнічнае пытанне: умоўна кажучы, магчыма, больш шпіталяў у Беларусі трэба для таго, калі будуць параненыя. Вось як іх трымаць?

Магчыма, расейцы правядуць новую мабілізацыю. Мабілізаваных трэба рыхтаваць. Сёння Лукашэнка ў размове з Шайгу сказаў: вось у нас пяць палігонаў. А можа, яны хочуць шэсць, сем ці дзесяць – ці ёсць столькі ў Беларусі? Гэта важныя для іх пытанні, якія яны могуць абмяркоўваць».

Hавiны
Сахашчык: КДБ рыхтуе правакацыі на заходняй і паўднёвай межах Беларусі
2023.04.07 19:59

Паслаць беларускую армію ў бой ва Украіну – гэта «не проста клацнуць пальцамі», дадае ён. Гэта вялізная лагістычная праблема: каго, куды і як паслаць, што рабіць у адказ на патэнцыйныя ўдары Украіны… «Праверка боегатовасці» ў Беларусі сама па сабе не азначае, што ўжо прынятае рашэнне аб нападзе, бо падобныя вучэнні і мабілізацыйныя захады практычна не спыняюцца ў апошні год. Гэта можа значыць і падрыхтоўку да наступу, і не значыць нічога, лічыць Дракахруст.

Таксама ёсць «пласт лагістыкі» з анансаваным размяшчэннем у Беларусі тактычнай ядравай зброі, адзначае Дракахруст: Уладзімір Пуцін казаў, што сховішча для яе збудуюць да 1 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка на пасланні казаў, што «ўсё збудавана» – а што збудавана, як падвозіць, як ахоўваць? На думку Дракахруста, Шайгу мог прыехаць для вырашэння і нейкай такой групы праблемаў, якія варта абмяркоўваць наўпрост з Лукашэнкам.

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч жа кажа «Белсату», што візіт Шайгу да Лукашэнкі – гэта працяг нядаўняй размовы Лукашэнкі з Пуціным, якая доўжылася шэсць гадзінаў да 2 гадзінаў ночы. То было пытанне размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядравай зброі, упэўнены ён:

«З Пуціным Лукашэнка абгаворваў палітычныя аспекты, нейкія стратэгічныя аспекты гэтага пытання, ну а Шайгу прыляцеў у Менск, каб дагаварыць больш тэхнічныя пытанні пра ўсю гэтую працэдуру: пра размяшчэнне расейскай ядравай зброі, пра будаўніцтва сховішча, дзе яно павінна будавацца, якіх памераў, хто будзе гэтым займацца, хто – фінансаваць, хто будзе ахоўваць, як будуць аснашчацца самалёты гэтымі боезарадамі…»

Менавіта дзеля абмеркавання тэхнічных аспектаў, лічыць Карбалевіч, мог прыехаць расейскі міністр абароны.  Тое, каб Шайгу мог угаворваць Лукашэнку паслаць ва Украіну беларускае войска, ён адносіць да неймавернага: калі Пуцін шэсць гадзінаў угаворваў і не ўгаварыў, то пасылаць Шайгу дзеля таго ж не мела б сэнсу.

Аналітыка
«Гэта надоўга». Што трэба ведаць пра чарговыя перамовы Пуціна і Лукашэнкі
2023.04.07 14:57

Што значыць просьба Лукашэнкі пра абарону?

Лукашэнка на сустрэчы з Шайгу казаў, што чакае такіх «гарантыяў бяспекі», каб «у выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расейская Федэрацыя абараняла Беларусь як уласную тэрыторыю». Адметна, што менавіта гэта прапісанае ў Дамове аб калектыўнай бяспецы, з якога вырасла АДКБ: агрэсію супраць Беларусі мусяць разглядаць як агрэсію супраць сябе Расея, Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.

Дракахруст упэўнены, што Лукашнэка кажа не пра «здачу суверэнітэту» словамі «як уласную тэрыторыю», а магчыма, кажа пра ядравую зброю: каб у выпадку нападу ці канфлікту Расея магла ўжыць ядравую зброю супраць нават няядравай агрэсіі, што ўскосна дазваляе расейская ваенная дактрына. Магчыма, Лукашэнка хоча, каб наўпрост было дамоўлена, каб у выпадку нападу на Беларусь канвенцыйнай зброяй, Расея абяцала адказ сваёй ядравай зброяй.

Аналітыка
Пуцін плануе размясціць ядравую зброю ў Беларусі. Ці можа NATO нанесці апераджальны ўдар?
2023.04.07 07:00

Гэта аналітык лічыць найбольш імавернай гіпотэзай, але выказвае і тую, якую лічыць менш імавернай.

«Магчыма, ідзе размова пра размяшчэнне сталай расейскай вайсковай базы, – дапускае Дракахруст. – Бо расейцы тады прыйшлі ў лютым мінулага года, пайшлі ў наступ, потым значная частка сышла».

Ён згадвае, што ў Беларусі мінулым летам – пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне – заставалася каля тысячы расейскіх вайскоўцаў. Потым, калі была створаная «рэгіянальная групоўка», казалі ўжо пра 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, пазней – ужо пра 15 тысяч, якія ў межах «рэгіянальнай групоўкі» праходзяць падрыхтоўку ў Беларусі. Ды гэтыя 15 тысяч вучацца на палігонах – гэта не такая база, якая ёсць, да прыкладу, у Арменіі.

На думку Дракахруста, Крэмль «не тое, каб вельмі настойваў», але паступова «праціскае тэму». Пытанне пра базу вырашаецца дакладна не на ўзроўні Шайгу, а вышэй, ды калі такое рашэнне Масквой прынятае, то пра рэалізацыю якраз мог размаўляць расейскі міністр абароны, а Лукашэнка мог на гэта намякнуць у цытаце пра «абараняць як сябе».

Валер Карбалевіч адзначае, што яшчэ цяжка сказаць, ці сам Лукашэнка верыць у тую небяспеку. На ягоную думку, калі Лукашэнка пачынае нешта гаварыць, то сам пачынае ў гэта верыць. Хоць фактычна беларускай незалежнасці цяпер пагражае толькі Расея.

«Сам факт таго, што на тэрыторыі Беларусі будуць размешчаныя расейскія ядравыя боезарады, гаворыць пра тое, што ўплыў Расеі на Беларусь узмацняецца, залежнасць Беларусі ад Расеі ўзмацняецца. Гэты працэс ідзе, суверэнітэт Беларусі скарачаецца», – канстатуе ён.

Тым часам расейскія дзяржаўныя медыі і ведамствы або нічога не паведамляюць пра візіт Шайгу ў Менск, або цытуюць беларускія дзяржаўныя крыніцы, у тым ліку Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі.

Аналітыка
Прывязка да РФ і традыцыйныя каштоўнасці. Што трэба ведаць пра новую Канцэпцыю нацбяспекі
2023.04.04 20:15

belsat.eu

Стужка навінаў