Стаць валанцёрам. Як журналіст «Белсату» дапамагаў уцекачам на «Варшаве Цэнтральнай»


Журналіст «Белсату» запісаўся ў валанцёры на вакзале «Варшава Цэнтральная», каб дапамагаць уцекачам з Украіны. Ён дзеліцца сваімі ўражаннямі, парадамі і гісторыямі людзей.

Уцекачы з Украіны на цэнтральным вакзале ў Варшаве.
Фота: КК / Белсат

Як запісацца ў валанцёры

Усё вельмі проста. Для гэтага неабавязкова рэгістравацца на адмысловым сайце, бо адкажуць вам не адразу праз вялікую колькасць заявак (чакаю ліста адтуль другія содні). Калі ёсць вольны час і сілы, а сэрца падказвае, што трэба дзейнічаць, – едзьце адразу на вакзал.

Калі гэта «Варшава Цэнтральная», то ў цэнтры холу (там, дзе касы) з’явіўся пункт рэгістрацыі валанцёраў. Ахвотных дапамагаць уцекачам – шмат, таму да пункту можа стаяць чарга (увечары 9 сакавіка яна расцягвалася аж на 10 метраў).

Але сам працэс рэгістрацыі хуткі. Трэба паказаць пашпарт ці іншы дакумент, які вас ідэнтыфікуе. Пры рэгістрацыі варта абавязкова зрабіць акцэнт на тое, што вы разумееце ўкраінскую, беларускую і расейскую мовы (англійская, нямецкая, кітайская – таксама запатрабаваныя). І тады вам, хутчэй за ўсё, прапануюць стаць перакладчыкам.

Фота: КК / Белсат

Там жа выдадуць жоўтую камізэльку з надпісам на спіне «Перекладач. Українська, російська». І бэйдж на шыю з асабістым нумарам валанцёра. І – наперад.

Якая дапамога патрэбная ўцекачам

Нейкіх асаблівых інструкцыяў наконт таго, што казаць і дзе стаяць, ніхто не дае – на тое проста няма часу. Але як толькі надзяваеш камізэльку і робіш колькі крокаў убок – хтось ужо кранае цябе за плячо з пытаннем: «Пан розуміє українську?..»

Першыя пытанні і праблемы развязваюцца не вельмі аператыўна, але прыкладна праз гадзіну вы ўжо будзеце добра арыентавацца, што да чаго, і адчуеце сябе маленькай часцінкай гэтай вялікай і неверагоднай з’явы – чалавечай салідарнасці. Вельмі патрэбнай часцінкай, дарэчы.

Самыя частыя пытанні, з якімі да цябе звяртаюцца ўцекачы, – лагістычныя. Як прайсці і як даехаць. Таму – гугл-мапы і адмысловая аплікацыя, прыкладам, «Jakdojade», мусяць быць напагатове. Гэта актуальна, бо шмат якія людзі з Украіны, якіх давозяць да «Цэнтральнага», не маюць інтэрнэту. Адзначым яшчэ, што праз вялікую канцэнтрацыю людзей на вакзале інтэрнэт можа быць павольны: фотаздымкі адтуль у мяне не адпраўляліся.

Фота: КК / Белсат

Калі не ведаеш, як развязаць пытанне, трэба звяртацца да паліцэйскіх (з ахвотай дапамагаюць) ці да іншых валанцёраў. Апроч таго, непадалёк ад цэнтру рэгістрацыі валанцёраў, каля калоны, месціцца хіба самая гарачая кропка каардынацыі. З аднаго боку развязваюць пытанні праезду ў іншыя гарады Польшчы і іншыя краіны, з другога – жыллёвыя праблемы (начлег і г. д.).

Калі не маеш адказу на пытанні – накіроўваеш людзей у гэтыя пункты.

Як зʼехаць у Берлін без білета

«Слухайце, можа, вы ведаеце, ці можна мне без білета сесці сёння на цягнік да Берліну?» – такім было першае пытанне да мяне. Дзяўчына з цёмнымі вачыма. Едзе з Адэскай вобласці. І я пакуль нічога не ведаю.

Пытаюся ў аднаго з працаўнікоў PKP (Польская чыгунка), які стаіць перад касамі ў памаранчавай камізэльцы. Той вельмі зычліва тлумачыць, што без уваходнага білета (бясплатная «вэйсцювка» для ўцекачоў) дзяўчыну ў цягнік не пусцяць, а квіткоў да Берліну ні на сёння, ні на заўтра, ні на паслязаўтра ўжо няма. Але дазнаемся, што кожныя дзве гадзіны з «Цэнтральнага» на Берлін выпраўляюцца аўтобусы – таксама бясплатныя.

Фота: КК / Белсат

Каб адшукаць у вакзальным шматлюддзі месца фармавання групаў на Берлін, звяртаюся па дапамогу да паліцыянтаў. На развітанне дзяўчына так мне пасміхаецца, што хочацца працаваць далей.

Дарэчы, адзначу, што чарга да касаў па бясплатныя квіткі хоць часам і выглядала вялізнай, рухалася хутка. Для выключных выпадкаў працуе асобная каса. Гэтак, з дапамогаю, зноў жа, польскіх чыгуначнікаў удалося без чаргі ўзяць квіток да Берліну для кіяўлянкі, якую ў варшаўскіх сяброў, дзе яна часова спынілася, чакала трохтыднёвае немаўля…

«Ці яны зверы нейкія, ці наркаманы?..»

Яшчэ адна гісторыя. Пажылая жанчына з вялікай валізай і дзвюма сумкамі на вуліцы перад вакзалам. Падыходзіць і адразу абдымае мяне. Проста за тое, што ты разумееш па-расейску і размаўляеш на знаёмай мове. Просіць дапамагчы ёй даехаць да аэрапорту Шапэна.

Людміла – 1948 года нараджэння. Жыхарка Кіева, уцякае ад бамбаванняў і страху. Прызнаецца, што ў ейны раён ракеты пакуль не прыляталі, але тое пытанне часу. Выязджаць не хацела – угаварыла дачка, якая даўно жыве ў Бостане, купіла ўжо ёй квіток на самалёт з Варшавы да Нью-Ёрку.

Фота: КК / Белсат

Жанчына кажа, што ў падʼездзе ейнага дому амаль нікога не засталося: адны – пайшлі ваяваць, другія – пакінулі горад.

«З нашага боку – Бравары. Дык калі ў Браварах быў магутны выбух, я падхапілася: думала, танкі страляюць. А яны ж такімі бомбамі б’юць, што потым з дому катлаван атрымліваецца. І міны з расцяжкамі кідаюць. І жанчын, дзяцей расстрэльваюць. Ці яны зверы нейкія, ці пʼяныя, ці наркаманы якія, не ведаю.

Ехала жанчына на ровары, можа, ім штось сказала ці не спынілася, – расстралялі. Барадзянка і Гастомель – там наагул усё разбамбавалі. Дамы, дарогі. Там, кажуць, столькі металалому ляжыць – разбітай расейскай тэхнікі, што жах. А Гастомель жа ад Кіева гэта чыста 20 кіламетраў… Так што вельмі добра чуваць», – расказвае жанчына, пакуль чакаем на прыпынку 175 аўтобус.

Фота: КК / Белсат

74-гадовай кіяўлянцы дарога, якая ўжо заняла некалькі дзён, даецца нялёгка. Яшчэ больш цяжка даецца ўсведамленне таго, што адбываецца. Але жанчына трымаецца. Яна прызнаецца, што за саветамі троху папрацавала ў гаркаме КПСС. Цяпер больш за ўсё баіцца, што з Амерыкі не зможа глядзець украінскіх навінаў і што не знойдзе там расейскамоўных суразмоўцаў.

Найлепш разыходзяцца слодычы

Шмат пытанняў развязваецца вельмі хутка. Кіяўлянін, якога вайна заспела ў Расеі, дабраўся да Варшавы праз Хельсінкі – шукае цяпер, дзе зрабіць тэст на ковід (на вакзале пункт не працуе). Жанчыны з падлеткам едуць з Херсону, але заблукалі на вакзале і не ведаюць, як знайсці 4-ты перон – да цягніка 7 хвілінаў: выхопліваю сумку, і – бяжым. Тры жанчыны з Харкава шукаюць багажнае аддзяленне – знаходзім разам.

Праз некаторы час харкаўчанкі зноў падыходзяць да мяне ў холе і просяць дапамогі. Маўляў, пазваніла валанцёрка і назвала адрас кватэры, дзе яны могуць пераначаваць у Варшаве. Але жанчыны не зразумелі па-польску і адрас не запісалі. Пачынаем шукаць таго, хто ім званіў…

Фота: КК / Белсат

Наконт начлегу. Падыходзіць маладая пара з Легіёнава і па-польску просяць мяне знайсці тых, каму патрэбны начлег, – могуць даць яго 2–3 асобам. Вяду іх да валанцёра ў цэнтральным пункце, які прымае такія заяўкі.

Маладая мама тлумачыць мне па-беларуску, што прыйшла з сынам на вакзал з пакетам ежы, пытаецца, як лепш раздаць. Падымаемся на другі паверх, дзе адпачываюць мамы з дзецьмі. Большасць – проста на падлозе, некаторыя дзеткі спяць, стаяць дзіцячыя вазкі. Найлепш разыходзяцца слодычы (шакаладныя батончыкі, вафелькі і г. д.), малако і салодкія напоі.

Фота: КК / Белсат

Яшчэ адна жанчына пытаецца, куды прыходзяць аўтобусы з Украіны. Знаходжу інфармацыю, што 9 сакавіка ўцекачоў высаджвалі на Яна-Паўла, непадалёк ад вакзалу. Але нас папярэджваюць, што вызначанага месца высадкі няма.

«Усё будзе добра!»

Калі здараецца хвілінка для перадыху, да цябе падыходзіць сярэдняга веку мужчына і пытаецца па-польску, ці вельмі стаміўся і ці хачу кавы? Ад кавы адмаўляюся, але завязваю размову. Паляк прызнаецца, што ўжо прытуліў у сваёй сямʼі двух уцекачоў з Украіны. Цікавіцца, ці ўсе ўцекачы маюць намер застацца ў Варшаве. Кажу, што, з майго невялікага досведу якраз большасць украінцаў, якія былі на «Варшаве Заходняй» 9 сакавіка, хочуць кіравацца далей на захад. Але не факт, тлумачу.

Фота: КК / Белсат

Даведаўшыся, што я беларус, згадвае Цэнтр беларускай салідарнасці і на развітанне запэўнівае: «Усё будзе добра!»

З такой хваляй салідарнасці – па-іншаму і быць не можа. На маё беларускае вока, загалоўкі кшталту «На «Варшаве Заходняй» пануе хаос» у некаторых медыях – перабольшанне. Чэргі людзей, якія хочуць стаць валанцёрамі, тут даўжэйшыя, чым па медыкаменты. Тысячы людзей трапляюць на вакзал з украінскай мяжы, але ўсё разрульваецца дастаткова хутка. І гэта здавалася дзіўным. Але толькі да таго часу, пакуль я сам не далучыўся да працэсу.

Хацеў яшчэ расказаць пра сустрэчу з адэсітам Сяргеем, які называе сябе прарокам (прарокі на вакзале – звычайная рэч) і якога нібыта не выслухалі ва ўкраінскім пасольстве. Але не раскажу, бо было б у аповедзе зашмат вострых словаў. Калі коратка, сутнасць прароцтва такая: «Пуціну – капец!».

Фота: КК / Белсат

Падводжу вынікі. Эмпатыя, вольны час (валанцёрыць можна хоць пару гадзінаў на дзень) і адкрытае сэрца – усё, што трэба, каб дапамагаць людзям, якія бягуць ад вайны і смерці. Ну – і трошкі веры ў добрыя прароцтвы. Валанцёраў зашмат не бывае.

Паверце, лепшых лекаў ад згрызотаў сумлення і бяссоння няма.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў