Літва заявіла, што будзе гатовая ў выпадку вайны прыняць уцекачоў з Украіны


Літва будзе гатовая прыняць уцекачоў з Украіны, калі Расея вырашыць уварвацца ў суседнюю дзяржаву, заявіла прэмʼер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, паведамляе delfi.lt.

«Не лічачы гэта цэнтральным сцэнарыем, таму што мы яшчэ спадзяемся, што дыпламатычнае рашэнне і здаровы сэнс і ў гэтай сітуацыі могуць пераважыць <…> урад прыме людзей, якія ўцякаюць ад вайны», – сказала Інгрыда Шыманіце журналістам пасля пасяджэння ўраду.

Пра тое, што літоўскія ведамствы рыхтуюцца да магчымага прытоку ўцекачоў з Украіны, казала міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. Паводле яе, прагназаваць верагодны паток уцекачоў складана, таму вядзецца падрыхтоўка да розных сцэнарыяў.

«Мы разумеем, што, так ці інакш, нашай дзяржаве трэба быць гатовай – ці будзе гэта 3 тыс, ці больш за 30 тыс чалавек», – сказала міністарка.

10 лютага пачаліся расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць -2022». Масква сцвярджае, што не рыхтуе ўварванне ва Украіну, але адмаўляецца знізіць колькасць сваіх вайскоўцаў на ўкраінскай мяжы. У сувязі з гэтым краіны Захаду аказваюць фінансавую і ваенную дапамогу Украіне. У ЕЗ заявілі, што выдзеляць Украіне 1, 2 млрд еўра ў выглядзе грантаў і крэдытаў. ЗША заявілі, што гатовыя перакінуць у Еўропу восем з паловай тысяч вайскоўцаў, і працягваюць адпраўляць Украіне ваенную дапамогу.

Hавiны
Краіны Балтыі запатрабавалі тлумачэнняў ад Менску ў межах АБСЕ. На адказ ёсць 48 гадзін
2022.02.09 21:02

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў