Еўразвяз выступіў з заявай з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю


Еўразвяз выступіў з заявай, прымеркаванай да надыходзячага Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, які будзе адзначацца 12 лістапада.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Заява была апублікавана на афіцыйным сайце Еўразвязу і ўтрымлівае 9 пунктаў. Да заявы таксама далучыліся такія краіны, як Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Рэспубліка Малдова, Манака, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Нарвегія, Сан-Марына, Украіна.

Сярод іншага ў заяве гаворыцца аб падтрымцы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, а таксама жадання ўсяго беларускага народа жыць у свабоднай і дэмакратычнай краіне.

«Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, якія павінны праводзіцца без умяшальніцтва, запалохвання і страху пераследу ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», – звяртаюцца аўтары заявы да беларускіх уладаў.

У святле парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў 2024 і 2025 гадоў аўтары заявы заклікаюць беларускія ўлады паважаць свабоду асацыяцыяў і палітычных партыяў і даць магчымасць канкураваць усім патэнцыйным кандыдатам.

Еўразвяз у чарговы раз рашуча асудзіў міграцыйны ціск на мяжы, удзел беларускага рэжыму ў вайне супраць Украіны, а таксама «дапаомогу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей Расеяй».

У заяве звяртаецца ўвага на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека, якія могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці, і асуджаюцца любыя акты гвалту, фізічнага ці псіхічнага, у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пераслед нацыянальных меншасцей.

«Мы паўтараем наш заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых асоб, у тым ліку палітычных зняволеных, адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, такіх як Алесь Бяляцкі, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Насця Лойка, Ігар і Дар’я Лосік і Анджэй Пачобут», – адзначаецца ў заяве.

Еўразвяз выказаў шкадаванне аб тым, што ў Беларусі па-ранейшаму прымяняецца смяротнае пакаранне, якое зʼяўляецца парушэннем неадʼемнага права на жыццё і канчатковым адмаўленнем чалавечай годнасці.

Акрамя таго, аўтары заявы звяртаюць увагу на тое, што ЕЗ застаецца адданым пастаяннай падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, падтрымлівае права беларускага народа выбіраць уласную будучыню і будзе працягваць выступаць у адзін голас у падтрымку яго дэмакратычных памкненняў.

Еўразвяз таксама пацвердзіў сваю гатовасць працягваць сумесную працу з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

Нагадаем, што абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала ўвесь свет далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада. У гэты дзень тры гады таму не стала Рамана Бандарэнкі, якога забілі прыслужнікі лукашэнкаўскага рэжыму.

8 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла перад чальцамі камітэту ў міжнародных справах нямецкага Бундэстагу і заклікала іх падтрымаць дэмакратычным сілы і грамадзянскую супольнасць Беларусі ды асудзіць злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла прэс-служба Святланы Ціханоўскай, Бундэстаг прыняў рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і».

Hавiны
У нямецкім Бундэстагу прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і»
2023.11.08 20:30

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў