Беларусь думае пра Польшчу

Неверагодна, але факт. Беларусь наважылася вучыць палякаў, як жыць, праз новае ток-шоу на міжнародным радыё «Беларусь». Згулялі, як гаворыцца, на апярэджанне. Пакуль самыя польскія грамадзяне ў роздумах, за каго прагаласаваць на парламенцкіх выбарах, Беларусь тут як тут са сваім статутам у чужы манастыр.

Ток-шоу пра Польшчу. Скрыншот: АТН: новости Беларуси и мира / YouTube

Хаця, можа, не зусім так. Праграма беларуская, але эксперты – пераважна палякі. Як, напрыклад, 65-гадовы Аркадзь Гартунг, які жыве ў аграгарадку Абухава Гарадзенскай вобласці і ўзначальвае Таварыства Элізы Ажэшкі. Мэта новага эфірнага праекту – папоўніць дэфіцыт ведаў палякаў пра рэальны стан справаў у іхнай краіне. У студыі першай праграмы – чатыры эксперты. Акрамя Гартунга, гэта яшчэ беларускі палітолаг Пётр Пятроўскі, ягоны калега з Польшчы і ўладальнік малога бізнесу для вырабу пакавання Даньель Мікусэк (Daniel Mikusek) ды польскі эксперт Павэл Яньскі.

У сваім каментары з гэтай нагоды генеральны прадзюсар Беларускага радыё Антон Васюкевіч распачаў здалёк: «Да Беларусі ў Польшчы вельмі шмат палякаў ставяцца па-добраму, паважліва, па-добрасуседску. І гэтыя людзі маюць вялізную патрэбу ў інфармацыі. Нашыя рэсурсы, якія вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, на вялікі жаль, на тэрыторыі Польшчы блакуюцца. А нам было б вельмі цікава атрымаць зваротную сувязь. Таму мы разлічваем, што гэта будзе мультымедыйны праект, голас якога будзе гучаць не толькі ў радыёэфіры, але паралельна і на відэа. У першую чаргу ў YouTube, а таксама на некаторых іншых платформах, якія вельмі запатрабаваныя ў палякаў».

Пра тое, наколькі гэта «запатрабавана ў палякаў», крыху наперадзе. Аўтары новага праекту азначылі яго як крыштальна чысты: «У радыёпрэм’еры – не прапаганда і навязванне ярлыкоў, а пажытак для разважання. Гадзіна аналітыкі і нявыдуманых рэаліяў з першых вуснаў». Мадэратар – прапагандыст-палітолаг Пётр Пятроўскі – на ламанай польскай мове задае пытанні гасцям студыі, а тыя актыўна ўключаюцца ў прасвятленне палякаў, якія, маўляў, не разумеюць, колькі шкоды незалежнасці краіны нясе дзейная ўлада. Адзін з экспертаў – Павэл Яньскі – прэзентуецца як уцякач з Вялікай Брытаніі. Менавіта адтуль ён прыехаў у Беларусь з сям’ёй. Прычынаю назваў праблемы з Брытанскім агенцтвам у справах дзяцей, бо мае двух падлеткаў. Ён і іншыя ўдзельнікі дыскусіі не першы раз з’яўляюцца ў беларускіх відэароліках і на старонках беларускіх прадзяржаўных выданняў. Але пасыл у іх заўсёды аднолькавы: улады Польшчы несамастойныя ў прыняцці рашэнняў і замест таго, каб далучыцца да справядлівых дзеянняў Расеі, слухаюць Вашынгтон і Брусель.

«Думкі пра Польшчу» не першы прапагандысцкі праект афіцыйнага Менску. Галоўны кірунак папярэдніх – таксама напад на дзейную польскую ўладу, узяты з наратываў, пададзеных Лукашэнкам і Пуціным. Раней на гэтым жа канале выступаў былы дэпутат польскага сейму Кшыштаф Талвіньскі (Krzysztof Tołwiński). Талвіньскі ўпэўнены, што калі Украіна саступіць (а яна саступіць дакладна, перакананы аратар), то заходнія палітыкі будуць разгульваць сваю палітычную карту з тэрыторыі Польшчы. Цяпер, маўляў, яны робяць гэта праз кроў украінцаў, а пазней будуць ахвяраваць палякамі. Але ЗША ў любым выпадку і надалей не адмовяцца ад прасоўвання сваіх інтарэсаў.

На тым жа канале ёсць ролік з Першага каналу, у якім прапагандыстка Марыя Пятрашка паведамляе, што Польшча выставіла рахунак Украіне за дапамогу памерам 101 мільярд злотых, а Кіеў у сваю чаргу ашукаў Еўрапейскі Звяз на 417 мільёнаў еўраў на продажы збожжа. І ў той жа праграме, са словаў дэпутата ад Польскай народнай партыі Пятра Згажэльскага (Piotr Zgorzelski), улада ў краіне давяла польскіх фермераў да краху сваім непрафесіяналізмам. Маўляў, эмбарга трэба было ўводзіць яшчэ год таму. Новая праграма, ці ток-шоу, робіцца ў тым жа рэчышчы. Галоўны пасыл: польскія ўлады – марыянеткі ў руках Захаду і не могуць прымаць рашэнні самастойна. Тое ж датычыць і стасункаў з Расеяй і Беларуссю, якія, быццам бы, працягваюць руку дружбы, імкнуцца прасвятліць польскую ўладу, але ў Варшаве не жадаюць слухаць Менск і Маскву. Таму што палякам, маўляў, так загадваюць Вашынгтон і Брусель.

Беларускі палітолаг Пётр Пятроўскі (справа уверсе) падчас ток-шоу пра Польшчу. Скрыншот: АТН: новости Беларуси и мира / YouTube

У красавіку гэтага года Даследчыцкі цэнтр бяспекі Акадэміі ваеннага мастацтва Польшчы выдаў бюлетэнь пад назваю «Польскія і латышскія ўцекачы на службе расейскай і беларускай прапаганды». Там, у прыватнасці, зазначаецца: «Гісторыя ўцёкаў дэзерціра Эміля Чэчкі ў Беларусь і ягоны далейшы зменлівы лёс атрымалі шырокі розгалас у польскіх медыях. І цяпер на карысць беларускага апарату прапагандаю займаюцца яшчэ некалькі палякаў. Падобная з’ява, але з большаю колькасцю людзей, адбываецца і ў Латвіі. І польскія, і латышскія эмігранты кіруюцца адным чалавекам – Дзмітрыем Беляковым. З 2015 года ён, нядоўга папрацаваўшы ў некаторых дзяржаўных установах Беларусі, быў прэзентаваны ў публічнай прасторы як эксперт у пытанні Кітаю, пазней ён служыў уладам як вайсковы эксперт і як эксперт у эканоміцы. Яму, звязанаму з рэжымнымі службамі, было дазволена стварыць у Беларусі недзяржаўную арганізацыю для дапамогі людзям, якія ўцякаюць ад праблемаў з законам у заходніх краінах. У жніўні 2020 года ведамаснае тэлебачанне расейскага Міністэрства абароны «Звезда» прэзентавала яго як падпалкоўніка запасу КДБ. Менавіта Белякоў апекаваўся Эмілем Чэчкам, першым знайшоў яго павешаным на здымнай кватэры і ён жа арганізаваў пахаванне Чэчкі ў Даўгінаве. У 2020 годзе Белякоў стварыў інтэрнэт-ініцыятыву «Інфаспецназ», дзе распаўсюджваў кантэнт у падтрыманне рэжыму. А ўвосень 2021 года, падчас выкліканага ўладамі Беларусі крызісу мігрантаў, Белякоў узяў на сябе іншую ролю – стаў праваабаронцам. І зарэгістраваў Цэнтр сістэмнай абароны правоў чалавека, мэтай якога было падвышэнне аўтарытэту ўладаў Беларусі ў вачах заходняй грамадскасці».

Праграмы накшталт «Думак пра Польшчу» прасоўваюць выкарыстанне іміджу Расеі і Беларусі як бяспечнай гавані, дзе захоўваецца вяршэнства права, што было б асабліва прывабным для моладзі. А ўзмацняюць гэта расісцкімі, ксенафобнымі, гамафобнымі і русафобскімі лозунгамі пра жыццё на Захадзе. Падаецца гэта ўсё на польскай мове без субтытраў па-расейску альбо па-беларуску. Але нядаўні больш як 5-хвілінны спіч беларускай прапагандысткі Марыі Пятрашкі, дзе яна пераконвае, што «спроба перавароту ў Беларусі ў 2020 годзе каштавала польскім падаткаплатнікам $ 6,8 млрд», меў сінхронны пераклад на польскую.

Здаецца, якая справа Беларусі да ўнутранага жыцця Польшчы і яе ўладаў? Але, як гаворыцца ў вышэй названым даследаванні, дзяржаўныя структуры ў цеснай супрацы са спецслужбамі працягваюць «панічную атаку» на Польшчу не першы дзень, а напярэдадні парламенцкіх выбараў у Польшчы гэтыя нападкі ўзмацніліся. Мэта – знівеляваць увогуле ўсё зробленае менавіта цяперашнімі польскімі ўладамі, прынізіць, зняважыць, скарыстацца бяздоказнымі паклёпамі аб быццам бы хабарах і ценявых заробках польскіх палітыкаў. Чаму тыя ж эксперты «Думак пра Польшчу», напрыклад, не маглі б публічна дэманстраваць сваёй пазіцыі і на радзіме? У адрозненне ад Беларусі, куды яе грамадзяне не маюць магчымасці прыехаць і адкрыта крытыкаваць улады пад пагрозаю крымінальнага пераследу, палякі могуць вольна выказвацца на мітынгах, крытыкуючы цяперашнюю ўладу і прапаноўваючы свае шляхі выйсця. У Варшаве ды іншых гарадах краіны агітацыя адкрытая. Але што маюць даказаць палякам прапагандысты з тэрыторыі Беларусі – невядома. Бо і ў самой Беларусі, і тым больш у Польшчы на гэта ўвагі не звяртаюць увогуле ніякай. Міжнароднае радыё «Беларусь», зарэгістраванае амаль 11 гадоў таму, 16 кастрычніка 2012 года, не сабрала за ўвесь час і 5000 падпісчыкаў у YouTube. І хоць круглыя содні яно вяшчае на васьмі мовах, а дасяжнае ў рэжыме рэальнага часу праз спадарожнік ды ў FM-дыяпазоне ў памежных з Беларуссю раёнах, аўдыторыя ніяк не жадае пашырацца. За 11 дзён падкаст з удзелам Даньеля Мікусэка і Паўла Яньскага паслухалі ў YouTube толькі 33 асобы, а выстаўленую на канале нараду ў Лукашэнкі за содні – усяго шэсць чалавек. Калі ўладам Беларусі падабаецца ўкладаць грошы ў абсалютна бескарысныя праекты, то гэта іх справа. Толькі, як кажа сам Лукашэнка, «раскачаць абстаноўку» ў суседняй дзяржаве не ўдасца. Проста таму, што там іх ніхто не слухае. І ў рэкамендацыях ды парадах лукашэнкаўскіх ідэолагаў палякі не маюць абсалютна ніякай патрэбы.

Каментар
Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда
2023.10.09 14:49

Алесь Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў