Ад страляніны ў Тайландзе да мёртвых кітоў у Аргентыне. Галоўныя падзеі свету за тыдзень


Наступствы ўрагану Іян у ЗША, страляніна ў дзіцячым садку ў Тайландзе, запуск ракеты-носьбіта «Atlas V» на арбіту Зямлі, мёртвыя кіты ў Аргентыне, вызвалены ад акупацыі Ліман ва Украіне ды рэстаўрацыя карціны эпохі Адраджэння ў Італіі – сабралі сусветныя падзеі ў фотападборцы.

Пацярпелая ад урагану Іян дарога ў мясцовасці Мэтлаша (Matlacha) у Флорыдзе. Як паведамляе «Reuters», прынамсі 85 асобаў загінулі ў выніку ўрагану, што абрынуўся на паўднёвы ўсход ЗША мінулым тыднем. Мэтлаша (Matlacha), ЗША.
Фота: Ricardo Arduengo / AFP / East News

Больш пра адзін з наймацнейшых за апошні час ураганаў у ЗША глядзіце тут.

На здымку відаць клеткі рыбаводчай фермы ў заходняй правінцыі Ізмір у Турцыі.
Фота: Mahmut Serdar Alakus / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Амерыканская кампанія «United Launch Alliance» (ULA) запускае ракету-носьбіт «Atlas V» са спадарожнікамі сувязі SES 20 і SES 21 з мысу Канавэрал (Canaveral), ЗША.
Фота: Jim Watson / AFP / East News
Мясцовы жыхар Юрый Шапавалаў разам з параненым украінскім вайскоўцам пераплывае на лодцы раку Сівэрскі Данец. Мужчына штодня дапамагае мясцовым жыхарам перапраўляцца праз раку з грузамі, бо асноўны мост быў знішчаны падчас баёў. Стары Салтаў, Украіна.
Фота: Francisco Seco / AP Photo / East News
Мёртвы паўднёвы гладкі кіт (Eubalaena australis) ля берагоў Пуэрта-Мадрын (Puerto Madryn) ў Аргентыне. Прынамсі 13 мёртвых кітоў з’явіліся на ўзбярэжжы затокі Нуэва (Golfo Nuevo, Атлантычны акіян) і паўвострава Вальдэс (Península Valdez, Аргентына) за апошнія некалькі дзён. Прычына іх смерці высвятляецца, паведаміў Інстытут аховы кітоў (ICB). Пуэрта-Мадрын (Puerto Madryn), Аргентына.
Фота: Pablo Porciuncula / AFP / East News
Жыхарам нядаўна вызваленага ЗСУ гораду Ліман раздаюць гуманітарную дапамогу. Ліман, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum
Мужчына з праколатым ротам падчас працэсіі ў святыні Кату ў дзень святкавання штогадовага вегетарыянскага фестывалю, які адзначаюць даоскія вернікі ў горадзе Пхукет, Тайланд.
Фота: Jorge Silva / Reuters / Forum
Афіцэр украінскай арміі ідзе побач з купінамі падарваных аўтамабіляў у нядаўна вызваленым Лімане, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum
Спецыяліст эпохі Адраджэння Антоньё Фарчэлліна (Antonio Forcellino) падчас рэстаўрацыі карціны «Вяселле Аляксандра Вялікага і Раксаны», намаляванай мастаком эпохі Адраджэння Джаванні Антоньё Баццы, вядомым як Садама (Giovanni Antonio Bazzi / Il Sodoma). Рым, Італія.
Фота: Alessandro Serrano / Shutterstock / East News
Камандзіры, якія абаранялі металургічны завод «Азоўсталь», сустрэліся з роднымі ў Турцыі. На здымку – Сяргей Валынскі (злева) і Дзяніс Пракапенка (справа).
Фота: Ukrainian Presidential Press Ser / Reuters / Forum
Жанчына плача пасля таго, як паклала белыя ружы на прыступках дзіцячага садка, дзе былы паліцэйскі забіў 37 асобаў, 24 з якіх былі дзецьмі. Нападнік абвешчаны ў вышук. Мясцовасць На-Кланг (Na Klang), Тайланд.
Фота: Manan Vatsyayana / AFP / East News
Палестынскія фермеры збіраюць фінікі з пальмы падчас збору ўраджаю ў Хан-Юнісе (Khan Younis). Фінікавая пальма лічыцца адной з самых важных пладовых культураў у Палестыне. Хан-Юніс (Khan Younis), Палестынская аўтаномія.
Фота: Momen Faiz / NurPhoto / AFP / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў