Назіраць за EPAM паставілі «чэкіста». Хутка пачнуць правяраць у працаўнікоў тэлефоны?


Кіраўніком нядаўна створанай назіральнай рады Парку высокіх тэхналогіяў нядаўна стаў Аляксандр Базанаў, які раней працаваў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі, Савеце бяспекі і іншых дзяржаўных ведамствах. Гэта зусім не першы «чэкіст», якога паставілі ў буйную кампанію. Да таго ж улады выношваюць планы праверкі зместу тэлефонаў грамадзян на іх працоўных месцах і пакватэрных абходаў. 

Чалавек у балаклаве тыкае ў ноўтбук мультыметрам
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалавек у балаклаве тыкае ў ноўтбук мультыметрам.
Фота: Hivint-Stock-Photos / Flickr, CC BY 2.0

Бізнесоўца і сузаснавальнік парталу Tut.by Кірыл Валошын згадвае ў каментары «Белсату», што ў красавіку выйшаў указ аб «ПВТ 3.0» – Аляксандр Лукашэнка быццам бы даў старт новаму этапу развіцця Парку, але «гара нарадзіла мыш». Назіральная рада мусіць дапамагаць кампаніям ПВТ развіваць экспарт, «нібыта яны раней не спраўляліся».

Функцыі сакратарыяту назіральнай рады незразумелыя: у адпаведным указе шэсць пунктаў «для службовага карыстання». Валошын з гэтага смяецца: «Чароўная рэвалюцыя ў вобласці IT». Але ці сярод іншага, ці ў асноўным гэты сакратарыят мусіць займацца камунікацыяй з Узброенымі сіламі і прызыўнымі камісіямі – магчыма, каб айцішнікі не толькі служылі ў «ІТ-роце», але і гіпатэтычна маглі быць «адмазаныя» ад службы ў войску.

«Я думаю, што гэта нейкая такая дымавая завеса, якая прыкрывае падзеі, што аб’ектыўна адбываліся ў 2020 годзе: мы ўсе памятаем кадры са сцягамі насупраць ПВТ, калі айцішнікі бегалі ад АМАПу, – разважае Валошын. – Я думаю, гэта дадатковы элемент кантролю за тым, што адбываецца ў ПВТ».

Можа, гэта паставіць кропку на ПВТ для тых, хто сумняваўся? Валошын так не лічыць: хоць EPAM скарачаецца і IBA сыходзіць, у ПВТ ёсць у пэўным сэнсе прыбаўка рэзідэнтаў. Хай яны збольшага дробныя і нязначныя, але прыходзяць на амаль нулявыя падаткі. Прызначэнне «чэкіста» Валошын называе «намёкам на тое, да чаго адносіцца ПВТ».

Агляд
IT у Беларусі: небывалае беспрацоўе, урэзаны сацпакет і туманныя перспектывы
2023.06.27 12:00

Начальнікам на прадпрыемствах дазволяць правяраць тэлефоны працаўнікоў?

Прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў  лічыць, што ПВТ нічога добрага не чакае. У каментары «Белсату» ён адзначае, што гэта толькі адзін выпадак, які «выйшаў у масы» – рэдкае публічнае прызначэнне «чэкіста». Але ва ўсіх буйных прадпрыемствах ствараюцца спецыяльныя аддзелы і новыя пасады па ідэалогіі, па кантролі за працаўнікамі, куды наймаюць супрацоўнікаў КДБ і іншых сілавых структураў.

«Я думаю, яны цудоўна бачаць з колькасці людзей, якіх пастаянна затрымліваюць, што менш іх не становіцца, магчыма, нават больш становіцца, што працу трэба весці, – разважае Сакалоў. – Гэта не іхныя планы: паводле іхных планаў, яны ўжо даўно мусілі ўсё зачысціць».

Ён кажа, што на прадпрыемствах адбываецца пастаянная «зачыстка», супрацоўнікаў ці не штомесяц водзяць у кабінеты сілавікоў, прымушаюць паказваць тэлефоны, праводзяць размовы – асабліва пра незалежныя прафсаюзы. Даходзіць, кажа Сакалоў, да таго, што людзей уносяць у спецыяльныя «чорныя спісы», а потым у заводскіх і прапагандысцкіх суполках паказваюць спісы звольненых за падпіскі на няправільныя каналы.

Паводле звестак Сакалова, на беларускіх прадпрыемствах «з бяссілля» выходзяць указы і распараджэнні, паводле якіх начальнікі будуць мець права праглядаць тэлефоны працаўнікоў, хадзіць дамоў, як настаўнікі ў школах ходзяць да дзяцей. Недзе гэта ўжо пачынаюць практыкаваць, сцвярджае ён, і ў бліжэйшы час «стане вядома, што гэта за прадпрыемствы».

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Юлія Цяльпук, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў