Завод, які працягвае забіваць. Як мяняліся сведчанні ўладаў пра выбух на Светлагорскім ЦКК


Завод беленай цэлюлозы на тэрыторыі Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату быў праблемны яшчэ да адкрыцця. Кітайскі падрадчык будаваў яго так, што нават беларускія нормы, талерантныя да смуроду ў паветры і выкідаў у раку, не дапускалі прадпрыемства да эксплуатацыі. Пасля адкрыцця на заводзе ў выніку выбухаў перыядычна гінуць работнікі. Чарговыя ахвяры прадпрыемства загінулі на пачатку чэрвеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЦКК.
Фота: belta.by

7 чэрвеня ў МНС паведамілі пра выбух газапаветранай сумесі на тэрыторыі Светлагорскага ЦКК. І адзначылі, што вядуць «працы ў пошуку двух рабочых прадпрыемства, якія праводзілі рэгламентныя работы».

Тэлеграм-канал «Гомельщина официально» заявіў, што выбух адбыўся «пры правядзенні прафілактычных і рамонтных работаў у цэху выпаркі шкіпінару Светлагорскага ЦКК пры прамыванні цеплаабменніка». З прычыны выбуху былі пашкоджаныя металічныя ашалёўкі трох рэзервуараў. Парушаная цэласць аднаго з рэзервуараў і пашкоджаныя суседнія будынкі. Сам завод беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК з 2 чэрвеня быў афіцыйна спынены.

Hавiны
У выніку выбуху ў Светлагорску загінулі 3 чалавекі
2023.06.07 20:37

Спецыфікай інцыдэнту была падача інфармацыі пра пацярпелых рознымі ведамствамі. Калі ў МНС ужо заяўлялі пра трох загінулых, Міністэрства аховы здароўя казала толькі пра чатырох пацярпелых, якія нават адмовіліся ад шпіталізацыі. У Следчым камітэце ў адказ наагул заявілі:

«У цяперашні час казаць аб дакладнай колькасці пацярпелых і загінулых заўчасна».

І толькі на наступны дзень СК пацвердзіў папярэднія звесткі ратаўнікоў: у выніку выбуху загінулі тры работнікі прадпрыемства. Яшчэ двое атрымалі цялесныя пашкоджанні. Куды падзеліся яшчэ двое пацярпелых са звестак Мінздароўя, не ўдакладнялася.

Hавiны
У Светлагорску трое загінулі, СК распачаў справу на падставе выбуху, а не гібелі людзей
2023.06.08 18:58

Загінулыя – 24-гадовы Віктар Раманькоў, 31-гадовы Міхаіл Шаціца і 42-гадовы Алег Кацуба. Іх плануюць пахаваць за кошт ЦКК, а сваякам абяцаюць выплаціць матэрыяльную дапамогу.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу на падставе арт. 302 («Парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны»). Вінаватымі могуць прызнаць загінулых:

«Следствам правяраецца версія фармавання выбуховай газапаветранай сумесі падчас правядзення рамонтна-ачышчальных працаў без рэгламенту, а таксама версіі пра дапушчаныя парушэнні ў тэхналагічным працэсе».

Праца заводу паралізаваная?

Афіцыйна жыццю і здароўю жыхароў Светлагорскага раёну і работнікаў ЦКК нічога не пагражае. Узятыя пробы паветра і вады перавышэння дапушчальных паказнікаў не выявілі, адзначаюць «Светлагорскія навіны». У сваю чаргу канцэрн «Беллеспаперапрам» раіць не хвалявацца і за працу кардонна-папяровых прадпрыемстваў. Праўда, намякае: калі цягам месяца завод не адновіць сваёй працы, цэлюлозу давядзецца купляць у Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЦКК.
Фота: belta.by

Тым часам галоўны інжынер Светлагорскага ЦКК Аляксандр Камандзірчык заявіў, што цэх, у якім адбыўся выбух, ёсць важнаю часткай вытворчага ланцуга варэння цэлюлозы. Пакуль на прадпрыемстве не гатовыя агучыць абʼёму аднаўленчых работаў і памер шкоды. Ацэнку стратаў пачнуць толькі па заканчэнні следчых дзеянняў.

Афіцыйныя крыніцы хлусяць?

Першай, яшчэ да МНС, пра здарэнне паведаміла «Гомельская Вясна». Паводле праваабаронцаў, «выбухнуў кацёл з талавым маслам». Пасля выбуху адчуваўся пах хлору, а «з тэрыторыі заводу, нават праз агароджу» вылівалася пена і залівала дарогу ў бок вёскі Якімава Слабада.

«Выбух быў такі, як бомба ўпала. Шкло з вокнаў на СЦКК павыбівала выбуховай хваляй», – паведамлялі праваабаронцы са спасылкай на відавочцаў.

Паводле іх, з красавіка ў Светлагорску «зноў стаў перыядычна з’яўляцца характэрны смурод шкодных газаў». Адчувалі мясцовыя жыхары яго і ў дзень напярэдадні выбуху.

«Я б не верыла афіцыйным крыніцам. Мне дакладна вядома, што з ратаўнікоў МНС, якія прыехалі на ліквідацыю наступстваў гэтай аварыі, два чалавекі адчулі сябе так кепска, што па іх прыехала хуткая і адвезла іх у шпіталь. Напэўна, яны проста атруціліся тымі шкоднымі выкідамі. Мне тэлефанавала вялікая колькасць людзей са Светлагорску, якія распавядалі, што адчувалі пахі то аміяку, то хлору, то нейкі прысмак медзі ў паветры», – распавяла «Белсату» светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова.

Завод made in China

Ідэю пабудаваць новую вытворчасць цэлюлозы ў Беларусі нязменнае кіраўніцтва краіны прапаноўвала з 2005 года. 11 лістапада 2010 года падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін паміж Светлагорскім ЦКК і кітайскай кампаніяй САМСЕ быў падпісаны кантракт на рэалізацыю інвестпраекту пад ключ. На будаўніцтва заводу ў Беларусі кітайская фірма атрымала ад кітайскага банку 654 млн долараў, якія разам з адсоткамі Пекіну мусіў выплаціць Менск.

«У выніку завод пачалі будаваць. Пачалі будаваць паводле кітайскага праекту, за кітайскія грошы, пры дапамозе кітайскіх работнікаў, паводле кітайскіх стандартаў… І ў выніку мы атрымалі тое, што атрымалі», – адзначае Алена Маслюкова.

Выхад на праектную магутнасць заводу мусіў адбыцца ў 2015 годзе. Але тэрміны ўвядзення ўвесь час пераносілі, у тым ліку праз няякасную працу і такія ж матэрыялы кітайскага вытворцы. У лістападзе 2017 года падчас пробнага пуску заводу Светлагорск накрыла зʼедлівым непрыемным пахам. У ліпені 2018 года завод паспрабавалі запусціць другі раз, але ў кастрычніку зноў спынілі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Светлагорскі ЦКК.
Фота: sckk.by

У выніку, як кажа афіцыйны сайт ЦКК, у 2018–2019 гадах «завод працаваў у рэжыме пробнай вытворчасці, вялася дапрацоўка і даналадка абсталявання, завяршаліся будаўнічыя работы, нарошчваліся магутнасці».

Народ супраць, але ўлады гэта не хвалюе

Супраць «гэтага смярдзючага заводу, які не дае нармальна жыць, нармальна дыхаць і нармальна выхоўваць дзяцей», актыўна выступалі мясцовыя жыхары і актывісты, якія пісалі скаргі і сабралі больш як 10 тысяч подпісаў пад адпаведным зваротам да ўладаў. Але зазналі ў адказ рэпрэсіі.

Афіцыйна ж заяўлялася, што аніякага шкоднага ўплыву ад заводу няма, а «газы з непрыемным пахам, на якія скардзіліся мясцовыя жыхары, не шкодзяць здароўю». Дый «устаноўленыя ў Беларусі нарматывы ГДК так званых смярдзючых газаў у паветры рабочай зоны ідэнтычныя ўстаноўленым у Расейскай Федэрацыі».

Кантракт разарвалі, даўгі засталіся

Не здолеўшы «дамовіцца з кітайскім генпадрадчыкам, каб ён згодна са сваімі кантрактнымі абавязкамі ўводзіў гэты завод у эксплуатацыю», улады Беларусі узяліся за яго ўвядзенне сваімі сіламі.

«З улікам адсутнасці генпадрадчыка і здараюцца такія непрыемныя інцыдэнты, як выпадак з частковым абвальваннем даху. Гэта непрыемны, але, на жаль, непазбежны момант, калі абʼект уводзіцца не зусім у адпаведнасці з інструкцыямі, якія прадугледжваюць увядзенне менавіта генпадрадчыкам», – прызнаваўся ў траўні 2019 года былы прэм’ер-міністр Сяргей Румас.

Але ўжо ў кастрычніку 2019 года Дзяржпрамнагляд паведаміў, што «праца для ўхілення наяўных парушэнняў і недахопаў была завершаная ў найкарацейшы тэрмін». Хоць мясцовыя жыхары і працягвалі скардзіцца на непрыемны пах з заводу, якасць ачысткі вады на прадпрыемстве, яе скіды ў Бярэзіну.

Hавiны
«Прэзідэнт прылятае, а вакол смурод стаіць». Актывістка са Светлагорску распавяла пра сваё пытанне Лукашэнку
2020.02.14 11:53

І вось 14 лютага 2020 года – са спазненнем на пяць гадоў – Лукашэнка афіцыйна запусціў завод беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК. Ён, сярод іншага, падзякаваў беларускім спецыялістам, якія, «адмовіўшыся ад нядобрасумленнага выканаўцы, зрабілі гэтае прадпрыемства самі».

Але разарваны кантракт з кітайскай фірмай не стаў нагодай не плаціць паводле крэдыту кітайскага банку, выдадзенага на будаўніцтва. Як вынік, 2020 год запуску заводу прынёс Светлагорскаму ЦКК 72 млн рублёў выдаткаў.

Колькасць ахвяраў расце

Неўзабаве пасля афіцыйнага запуску на Светлагорскім ЦКК пачаліся і першыя здарэнні з смерцю работнікаў. Гэтак, ужо 30 ліпеня 2020 года два работнікі заводу – слесар Аляксандр Арэх і электразваршчык Аляксей Сасноўскі, якія рамантавалі прарыў зварачнага шва трубаправоду, атрымалі тэрмічныя апёкі вадой з прымешкай дранкі. 4 жніўня стала вядома, што апошні памёр. Яму было 29 гадоў.

«Была нейкая паломка, мой брат – ён зваршчык, і ягоны калега-слесар працавалі там. Зрабілі што трэба, і аператар пачаў запуск. Яны засталіся назіраць – каб усё было ў парадку. Не ведаю, што адбылося, але набраўся шчолачны газ, і ён выбухнуў», – распавядаў брат загінулага.

У верасні 2021 года Светлагорскі суд за зачыненымі дзвярыма прызнаў вінаватымі ў здарэнні двух работнікаў прадпрыемства. За смерць аднаго чалавека і раненне іншага яны атрымалі 2 і 4 гады калоніі-пасялення.

Аб’ектыў
«Кіраўніцтва заводу спрабуе спіхнуць віну на работніка, які загінуў»: на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся пажар
2020.10.19 23:30

Чарговае здарэнне адбылося 19 кастрычніка 2020 года. Тады работнікі Светлагорскага мантажнага ўпраўлення выконвалі на тэрыторыі ЦКК агнявыя працы пры пракладанні трубаправоду адводу парапаветранай сумесі ад клапанаў бака з талавым алеем. Зноў адбыўся выбух, і пачаўся пажар. 40-гадовага электразваршчыка Аляксандра Русіновіча выбухной хваляй адкінула з верхняй пляцоўкі бака на асфальтаваную дарогу. Ён памёр на месцы. Была пачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 306 КК («Парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека»).

У студзені 2021 года з’явілася інфармацыя і пра атручэнне работнікаў падраднай арганізацыі хлорам падчас рамонтных работаў на заводзе беленай цэлюлозы. Але ў Светлагорскім ЦКК тады зняпраўдзілі гэтыя звесткі.

Такім чынам, на сёння можна казаць ужо пра пяць работнікаў, якія загінулі на заводзе за няпоўныя тры гады. Агулам жа, мяркуе праваабаронца Алена Маслюкова, «гэты завод абсалютна небяспечны». Больш за тое, паводле яе, «усе работнікі, якія працуюць на гэтай вытворчасці, падпісвалі паперы аб неразгалошванні ўсяго, што адбываецца на гэтым заводзе». Значыць, трагедыі на Светлагорскім ЦКК могуць працягвацца.

Каментар
«Абсалютна небяспечны». Праваабаронца Алена Маслюкова пра Светлагорскі цэлюлозна-кардоны камбінат
2023.06.08 23:58

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў