Расеец, чалавек года Меншчыны, забараняў святарам удзельнічаць у мітынгах. Што вядома пра новага епіскапа Гарадзенскага?


Епіскап Антоній падчас датэрміновага галасавання 7 жніўня.
Фота: sluck-eparchiya.by

9 чэрвеня замест архіепіскапа Арцемія, які крытыкаваў дзейныя ўлады Беларусі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў, кіраваць Гарадзенскай епархіяй прызначылі епіскапа Слуцкага Антонія. Разбіраемся, што вядома пра яго.

З расейскай сям’і

Дзяніс Даронін (гэтак клікалі будучага Слуцкага епіскапа) нарадзіўся ў 1980 годзе ў расейскай сям’і ў Азербайджане. З Ніжняга Ноўгарада ў Баку яго продкі пераехалі ў перыяд калектывізацыі. А ў 1986 годзе, калі ў Азербайджане і Арменіі пачаўся ўздым нацыянальных рухаў, сямʼя Дароніных пераехала ў Беларусь, хоць тут не было ні сваякоў, ні блізкіх сяброў. Пасяліліся яны ў Бальшавіку пад Менскам. Тым не менш, сам епіскап лічыць сваёй Радзімай Беларусь.

«Радзіма – гэта тая краіна, дзе ты служыш. Для мяне Радзіма – гэта Беларусь, гэтая краіна дала мне ўсё. Тут я атрымаў адукацыю, сфармаваўся як асоба. Сябе лічу сынам беларускай зямлі», – адзначае епіскап.

Маленькі Дзяніс навучаўся ў Дубаўлянскай сярэдняй школе, у Менску – у мастацкай школе імя Ахрэмчыка, прафесійна займаўся скульптурай, керамікай і акадэмічным малюнкам. Але будучыню сваю вырашыў звязаць з царквой і пасля школы падаў дакументы ў Менскую духоўную семінарыю, а пасля яе сканчэння – у Менскую духоўную акадэмію. Некаторы час праходзіў навучанне ў Вышэйшым інстытуце праваслаўнага багаслоўя пры Праваслаўным цэнтры Канстанцінопальскага патрыярхату ў Швейцарыі.

У 2009 годзе Дзяніс Даронін у Жыровіцкім манастыры быў пастрыжаны ў манаства. Імя ён прыняў у гонар сярэднявечнага расейскага праваслаўнага святога Антонія Рымляніна, які, паводле паданняў, нарадзіўся ў Рыме, але прыбыў у Ноўгарад і заснаваў там манастыр.

Hавiны
«Сумленне Беларускай царквы прыбралі». Кураеў, Васілевіч ды іншыя пра адстаўку архіепіскапа Арцемія
2021.06.09 18:10

У лютым 2014 года, неўзабаве пасля прызначэння ў Беларусь Разанскага мітрапаліта Паўла, быў прызначаны кіраўніком справаў Беларускага Экзархату і ўведзены ў склад Сіноду. А ў кастрычніку 2014 года, калі ў Менскай вобласці былі ўтвораныя тры новыя епархіі, быў прызначаны епіскапам Слуцкім і Салігорскім. Тады ж была ўтвораная і Барысаўская епархія, кіраваць якой прызначылі сённяшняга кіраўніка БПЦ мітрапаліта Веньяміна.

Епіскап Антоній быў уганараваны званнем «Чалавек года Міншчыны-2017» у намінацыі «Грамадска-палітычная дзейнасць і духоўнае адраджэнне». Пры ім у Слуцкай епархіі толькі за 2017 год было пабудавана 8 цэркваў. Сярод – кафедральны сабор Раства Хрыстова ў Салігорску, які стаў самай вялікай царквой Меншчыны.

Што з беларускай мовай і 2020 годам?

Епіскап Гарадзенскі Арцемій актыўна спрыяў на тэрыторыі сваёй епархіі беларускай мове. Мясцовыя святары актыўна спявалі духоўны беларускі гімн «Магутны Божа». У Горадні па-беларуску служылі палову ўсіх праваслаўных літургіяў Беларусі, а ў Слуцкай епархіі такіх набажэнстваў не было зусім.

На выбарах 2020 года епіскап Антоній прагаласаваў датэрмінова – 7 жніўня. У першы тыдзень пасля выбараў сайт Слуцкай епархіі публікаваў выключна афіцыйнай навіны БПЦ. Толькі 15 жніўня іерарх «звярнуўся да вернікаў са словам настаўлення, у якім заклікаў захоўваць мір, справядлівасць і міласэрнасць у гэтыя няпростыя для краіны дні». Большай канкрэтыкі сайт епархіі не дае. На наступны дзень епіскап «звярнуўся да кліру і паствы са словам настаўлення, у якім заклікаў захаваць мір і любоў, сумленнасць і высакароднасць, справядлівасць і свабоду».

Hавiны
Сінод РПЦ аператыўна зацвердзіў адстаўку «апазіцыйнага» архіепіскапа з Горадні
2021.06.09 17:10

19 жніўня ў Любані «архірэй пагутарыў з паствай, выслухаўшы розныя погляды і заклікаўшы ўсіх да міру і ўзаемнай павагі».

Забараняў святарам удзельнічаць у мітынгах

А ўжо 25 жніўня, калі ў БПЦ змяніўся кіраўнік, епіскап Антоній у Салігорску паведаміў святарам, што дыяканская і святарская прысяга, адзіная для ўсёй кананічнай тэрыторыі Рускай Праваслаўнай Царквы, змяшчае абавязкі «ні ў якіх палітычных партыях, рухах і акцыях удзелу не прымаць».

На сустрэчах у Клецку, Капыле і Нясвіжы ён падкрэсліў, што ад імя Беларускай праваслаўнай царквы каментаваць палітычную сітуацыю ў краіне ўпаўнаважаны выключна Сінод. Усе астатнія асобныя заявы прадстаўнікоў Царквы, за выключэннем Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, выказваюць асабістую пазіцыю заяўнікаў і не павінны ўспрымацца ў якасці афіцыйнай пазіцыі БПЦ.

Паводле епіскапа, святар без асаблівага благаслаўлення кіроўнага архірэя не мае права ўдзельнічаць у палітычных мітынгах і маніфестацыях як прадстаўнік Царквы, у падрасніку і з крыжам: бо гэта знакі духоўнай прыналежнасці пастыра да Царквы, і святар апрануты ў гэтыя адзенні Царквой, а не надзеў іх самастойна, у адрозненне ад паўсядзённага адзення.

Епіскап Антоній нагадаў, што справа Царквы – абʼяднанне людзей вакол Хрыста, а не падзел паводле палітычных матываў. Царква – гэта месца, дзе не могуць гучаць палітычныя заклікі, і царкоўны амбон прызначаны толькі для пропаведзі Евангелля Хрыстовага, заяўляў ён.

Hавiны
Архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага адхілілі ад пасады. Ён крытыкаваў жорсткасць уладаў пасля выбараў
2021.06.09 12:49

Нагадаем, што гарадзенскі архіепіскап Арцемій у жніўні жорстка асудзіў гвалт.

«Мы не кажам якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы кажам, што здзяйсняецца беззаконне! Нашы людзі звярэюць! І раздзіраюць сваіх жа братоў! Да нас, святароў прыходзяць і распавядаюць са слязамі на вачах: што з маёй дачкой робяць!? Да нас прыходзяць і распавядаюць пажылыя людзі: «на лавачцы сядзелі, а іх збілі, зняважылі»! Яны жыццё аддавалі за нашу Айчыну. І мноства такіх прыкладаў. Таму гэта пасланне кажа: «Спыніцеся! Вы паступаеце не паводле Евангелля! Вы паднялі руку на Хрыста! І вам не будзе прабачэння! І справа ваша ніколі не ўстаіць!» – заяўляў ён.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў