Чарговыя катаванні ў зняволенні. Хроніка рэпрэсіяў 9 траўня


Кожны дзень у Беларусі адбываюцца рэпрэсіі. «Белсат» працягвае збіраць факты ўціску, які рэжым аказвае на беларусаў. Прыводзім хроніку рэпрэсій за 9 траўня.

Сёння, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @koidanava, у Дзяржынску сілавікі затрымалі мужчыну, у руках у якога быў сцяг СССР. Гэта адбылося на вуліцы Ленінскай. Затрыманне праводзілі міліцыянты з уключанымі мігалкамі.

Палітзняволены Максім Матырка.
Фота: t.me/viasna96

Праваабаронцы паведамілі, што палітвязня Максіма Матырку будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Максім быў затрыманы і моцна збіты 13 жніўня 2020 года. Цягам апошняга года яго судзілі ўжо двойчы: паводле артыкулаў 342 (так званы «народны» – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і 218 («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці») Крымінальнага кодэксу. У віну яму ставілі ўдзел у акцыях пратэсту і падпал машыны. Агулам Максіму Матырку прысудзілі 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, якія ён адбывае ў 11-й ваўкавыскай калоніі.

Стала вядома, што ў Мікалая Казлова, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прызнанага палітвязнем, памерла маці. Але на пахаванне ўлады палітвязня не адпусцілі. Мікалай быў затрыманы 27 ліпеня 2022 года. Асуджаны паводле артыкулаў 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і 407 («Раскрыццё звестак дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння»). Быў асуджаны на 2,5 года.

Праваабаронцам паступіла інфармацыя ад вязняў, дзясяткі якіх былі затрыманыя ў красавіку па ўсёй Віцебшчыне, аб умовах утрымання ў ізалятарах вобласці. Так, у чашніцкім ІЧУ арыштантам не дазвалялі карыстацца ніякімі прадметамі гігіены: мылам, зубной шчоткай і пастай, туалетнай паперай – яе прыходзілася прасіць у наглядчыкаў. У адной з камераў не было вады і туалета, замест яго стаяла вядро. А ў адным з віцебскіх ІЧУ людзей, затрыманых за палітычныя артыкулы, змяшчалі ў камеры са зняволенымі, хворымі на педыкулёз. Пры гэтым у душ вадзілі раз на тыдзень.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў