Рост вакансіяў і праблемы з кіраўнікамі. Як жывуць беларускія ваенныя прадпрыемствы


Беларускія прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу сталі больш актыўна шукаць новых супрацоўнікаў. Некаторыя пашыраюцца, а хтосьці даўно не можа справіцца з дэфіцытам кіраўнікоў. Чыноўнікі старанна хаваюць дэталёвыя звесткі аб працы прамысловасці на фоне вайны ва Украіне, аднак «Белсат» знайшоў падрабязнасці жыцця прадпрыемстваў у пакуль яшчэ даступных крыніцах.

Выпрабаванні беларускага гранатамётнага комплексу «Cапфір МДУ» ад Дзяржкамваенпрама. Крыніца: Дзяржкамваенпрам / Telegram

Начальнік упраўлення спецыяльнай вылічальнай тэхнікі і абароны інфармацыі ААТ «Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын» Яўген Астрамухаў у канцы 2023 года паскардзіўся на недахоп кадраў.

«У складаных умовах пэўнага дэфіцыту кадраў мы пастаянна працуем над пошукам новых супрацоўнікаў, іх прафесійным навучаннем, выхаваннем», – распавёў ён. Аднак кадравыя праблемы сярод прадпрыемстваў беларускага ВПК не толькі тут.

«Пеленг» – расце і прапануе высокія заробкі

«Пеленг» называе сябе «вядучым праектна-канструктарскім прадпрыемствам оптыка-электроннай прамысловасці» Беларусі. Гэта тут сярод іншага робяць оптыка-электронныя станцыі для бронетранспарцёраў. Напрыклад, «БТР-V2» створаны сумесна з МЗКЦ і «КБ “Дысплэй”».

БТР-V2 з оптыка-электроннай сістэмай ад «Пеленга».
Фота: Дзяржкамваенпрам / Telegram

У канцы ліпеня 2023 года журналісты заўважылі, што «Пеленг» шукае супрацоўнікаў на 24 пазіцыі. Амаль праз паўгода – у пачатку студзеня 2024 года – там 32 пазіцыі. Адзначым, што па кожнай пазіцыі на сайце «Пеленга» можа патрабавацца некалькі чалавек, напрыклад, некалькі оптыкаў або наладчыкаў станкоў.

Самую высокую зарплату прапануюць оптыкам 3-6 разраду – 2500-4000 рублёў плюс прывітальны бонус у такім жа памеры. Наладчыкам станкоў з ПУ 7-8 разраду абяцаюць 3500 рублёў і такі ж бонус 3500 руб.

Аб’ява «Пеленга».
Фота: peleng.by

Акрамя таго, ёсць яшчэ шэраг прыемных дапаўненняў:

«13 заработная плата, прэмія да святочных дат, іншагароднім аказваецца фінансавая падтрымка пры здыме жылля», – піша «Пеленг».

У чэрвені самай дарагой вакансіяй былі таксама оптык і наладчык станкоў – 3500 рублёў.

У асноўным бягучыя вакансіі звязаны непасрэдна з вытворчасцю, але шукаюць таксама кладаўшчыка, грузчыка і юрысконсульта. Ёсць і аб’ява для студэнтаў, якім абяцаюць добрую практыку і размеркаванне.

Мяркуючы па заявах Дзяржкамваенпрама, супрацоўнікі патрэбныя таму, што прадпрыемства расце.

«Рэалізуючы палітыку, накіраваную на стварэнне экспартна-арыентаванай вытворчасці, кампанія не толькі нарошчвае вытворчыя магутнасці і навукова-тэхналагічны патэнцыял, але і актыўна набірае кваліфікаваных супрацоўнікаў», – распавёў Дзяржкамваенпрам у красавіку 2023 года.

«БелОМА»

«Зеніт-БелОМА» – уваходзіць у холдынг «БелОМА». Тут робяць прыцэлы, біноклі, медыцынскія шалі і іншае.

На сваім сайце прадпрыемства выхваляецца навінкамі – мінамётныя прыцэлы і каліматарны прыцэл (дазваляе страляць у разы хутчэй і ва ўмовах дрэннай бачнасці).

Навінкі ад«Зеніт-БелОМА».
Фота: zenit-belomo.by

Мяркуючы па Рэспубліканскім банку вакансіяў, заводу трэба 50 чалавек. Паўгода таму шукалі 65 супрацоўнікаў.

Самы высокі заробак прапануюць інжынеру-праграмісту, гальваніку і інжынеру-электроніку – 1500 рублёў. Верхняя столь па зарплаце з лета не змянілася.

Слесараў механазборачных работ трэба адразу сем. Стаўка – 1000 рублёў.

Таксама шукаюць трох наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем. Улетку такія вакансіі таксама былі, прычым адзначалася, што дадзеныя супрацоўнікі будуць працаваць у тры змены. Цяпер змены дзве.

Hавiны
Пуціна западозрылі ў планах выкарыстоўваць беларускі ВПК для вайны ва Украіне
2023.02.18 16:04

Самыя нізкія заробкі ў «Зеніт-БелОМА» па вакансіі маляр – 700 рублёў за стаўку.

Калі на «Зеніт-БелОМА  патрабуецца менш работнікаў, то ў рамках усяго холдынгу сітуацыя іншая. У пачатку студзеня 2024 года кіруючая кампанія холдынгу «БелОМА» шукае 45 чалавек супраць 10 чалавек летам 2023 года.

Холдынг называе сябе «прызнаным лідарам оптыка-электроннага прыборабудавання». Заробкі тут адпаведныя, праўда, толькі для станочнікаў і наладчыкаў металаапрацоўчых станкоў. Іх таксама клікалі на працу летам. Абяцаюць 3500-4000 рублёў за стаўку.

Другія па даходах – слесары-інструментальшчыкі і рабочыя падобных заняткаў. Ім прапануюць 1700-2500 рублёў. Такіх супрацоўнікаў трэба адразу шэсць. Роўна столькі ж і на такі ж заробак шукалі раней.

Менш за ўсё гатовыя плаціць кантралёру аптычных дэталяў і прыбораў – 800 – 1000 рублёў.

МЗКЦ – рост вакансій больш чым удвая

МЗКЦ выпускае шэраг прадукцыі вельмі важнай для ВПК. Напрыклад, шасі для зенітна-ракетных комплексаў, бронетранспарцёраў, аўтацягнікоў. Сярод іншага пры дапамозе МЗКЦ можа перасоўвацца беларуская РСЗА «Паланэз» і комплекс «Іскандэр», які Расея перадала Беларусі вясной 2023 года. «Іскандэр» можа быць носьбітам ядравай зброі.

Аўтацягнік МЗКЦ-742960 + МЗКЦ-820400.
Фота: Технофото LexKitaev / Telegram

Менскі завод колавых цягачоў стаў лідарам па пошуку работнікаў. Да 9 студзеня 2024 года туды трэба 167 чалавек. Улетку шукалі 79 супрацоўнікаў. Відавочна, паціху кадры ўсё ж такі прыходзяць. Яшчэ 8 студзеня МЗКЦ размяшчаў вакансіі для 184 чалавек.

Да 2950 рублёў прапануюць токарам (іх трэба адразу 26), наладчыкам станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем (трэба 13 спецыялістаў супраць 7 летам) і шліфавальшчыкам (4 месцы супраць 2 летам). Вакансіі токара не было ў топе ў ліпені 2023 года.

У «АГАТ-сістэмы кіравання» праблемы з кіраваннем

У ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» вельмі шырокі профіль. Тут робяць аўтаматызаваныя сістэмы кіравання абароннага і вытворча-тэхнічнага прызначэння, сістэмы і сродкі навігацыі, сістэмы і сродкі сувязі і перадачы дадзеных, паветраныя і наземныя рабатызаваных платформы, сістэмы жыццезабеспячэння і электрасілкавання. І гэта не ўвесь спіс.

«АГАТ – сістэмы кіравання» паказвае, як працуе беспілотны авіяцыйны комплекс «Грыф-100Э» / agat.by

На прадпрыемства трэба 46 чалавек (летам было 38 вакансіяў). Яшчэ са снежня 2022 года тут праблемы з начальнікамі – чамусьці яны не знаходзяцца. У канцы 2022 года трэба было чатыры начальніка па розных напрамках, летам – шэсць плюс два намеснікі. Максімальныя заробкі складалі былі ў раёне 2700 рублёў.

Цяпер таксама трэба тры начальнікі, два намеснікі і вядучы сістэмны аналітык. Праўда, самы высокі заробак – 2480 рублёў у кіраўніка структурных падраздзяленняў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў. Досвед працы ў сферы абароны інфармацыі павінен складаць не менш за 5 гадоў.

У сакавіку 2023 года стала вядома, куды знік былы дырэктар ААТ «АГАТ – сістэмы кіравання» Генадзь Казакоў. 8 лістапада 2022 года ён быў асуджаны за хабар у асабліва буйным памеры. Па матэрыялах справы, ён атрымаў $30 тысяч ад дырэктара прыватнага прадпрыемства. Казакоў прызнаў віну.

Авіязаводы таксама ў пошуку кіраўнікоў

Беларускія авіязаводы працягваюць шукаць кадры, уключаючы кіраўніцкія. 558 авіярамонтны завод у Баранавічах хоча знайсці 64 супрацоўніка (летам была 51 вакансія).

Калі ў ліпені 2023 года шукалі трох начальнікаў, то зараз трох начальнікаў аддзелаў па фінансава-эканамічнай і адміністрацыйнай дзейнасці. Яшчэ аднаго намесніка начальніка па маркетынгу і намесніка кіраўніка па фінансава-эканамічнай і адміністрацыйнай дзейнасці. Таксама патрэбен галоўны тэхнолаг і вядучы інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.

Самую высокую зарплату абяцаюць намесніку кіраўніка структурных падраздзяленняў па збыце і маркетынгу – 2600-2700 рублёў.

Самы нізкі заробак тут у вакансіі прыбіральніка – усяго 630-650 рублёў за поўную стаўку.

У жніўні 2022 года стала вядома, што былы дырэктар авіязаводу Павел Пінігін і яго намеснік Вячаслаў Іванчук затрыманыя па падазрэнні ў карупцыі.

Hавiны
ГУР: супрацоўнікі баранавіцкага авіярамонтнага заводу аднаўляюць расейскія знішчальнікі
2022.08.20 17:55

Аршанскаму авіярамонтнаму заводу трэба 58 чалавек супраць 51 у ліпені 2023 года. Заробкі тут больш сціплыя, чым у Баранавічах. Начальніку бюро кіравання якасцю прапануюць 677 – 1300 рублёў, а вядучаму інжынеру-тэхнолагу – 632 – 1000 рублёў. У слесара-зборшчыка лятальных апаратаў яшчэ менш-626-850 рублёў.

А генеральнага дырэктара, якога шукалі летам – знайшлі. Яму прапаноўвалі ад 1200 да 3000 рублёў.

Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт», як і раней, шукае 16 чалавек. Тут усё гэтак жа шукаюць двух вымяральнікаў электрафізічных параметраў вырабаў электроннай тэхнікі. Заробак не мяняецца – ад 1034 да 1094 рублёў.

Павелічэнне колькасці вакансіяў на большасці прадпрыемстваў можа тлумачыцца ростам ВПК. Беларускія чыноўнікі не толькі не хаваюць, але і выхваляюцца супрацай з Расеяй у гэтай сферы. Хоць канкрэтных лічбаў і не прыводзяць. Таксама частка вакансіяў можа вызваляцца за кошт адтоку кадраў.

Hавiны
У Беларусі зменшылася колькасць працаўнікоў, але вырасла колькасць чыноўнікаў
2023.10.10 11:12

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў