Забарона на права: як сотні юрыстаў пазбавіліся прафесіі і што рабіць беларусам


З новым Законам аб ліцэнзаванні сотні беларускіх юрыстаў згубілі працу і права займацца прафесійнаю дзейнасцю. У прафесійных колах сумна жартуюць: хутчэй за беларускі рубель у Беларусі дэвальвуецца дыплом праўніка. Высвятляем, што адбываецца на рынку юрыдычных паслуг і чым гэта абернецца для беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак юрыдычнага факультэту БДУ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Юрысты пад каўпаком

У Беларусі шмат гадоў існавалі фактычна тры розныя ліцэнзіі ў сферы юрыспрудэнцыі: адвакатура з правам займацца ўсім (давала права кансультаваць і трапляць у суды), юрысты-гаспадарнікі, ліцэнзіі якім выдавала Міністэрства юстыцыі і якую было цалкам рэальна атрымаць, і юрысты-ліцэнзіяты. У 2013 годзе юрысты-гаспадарнікі, якія прапрацавалі 5 гадоў, змаглі спрошчана перайсці ў адвакаты. Таму на момант 2020-га ў Беларусі было шмат добрых спецыялістаў, да якіх можна было звяртацца. Пры гэтым адвакатаў у Беларусі заўсёды было мала. Напрыклад, у Чэшскай калегіі адвакатаў – каля 10 тысяч чалавек, а ў беларускай – 1800. То бок падобная колькасцю насельніцтва краіна мае ў 5 разоў больш адвакатаў, чымся Беларусь.

Самым фактам існавання працэдуры ліцэнзавання беларуская дзяржава фактычна прызнае, што дыплом юрфаку не значыць нічога: каб працаваць паводле спецыяльнасці, мусіш праходзіць яшчэ і ліцэнзаванне. Нават юрыдычныя кансультацыі не могуць надаваць тыя, хто не атрымаў ліцэнзіі. Любы ж іспыт, які робіцца ў постсавецкай рэчаіснасці, настолькі ўсёабдымны, што працуе як фільтр, праз які можна прапусціць далёка не кожнага.

У еўрапейскіх краінах такога ліцэнзавання няма. У большасці краінаў Еўропы толькі адвакаты маюць права рэпрэзентаваць людзей і суб’екты гаспадарання ў судзе. Але юрыдычныя паслугі мае права надаваць любы чалавек з дыпломам юрыста. Такім чынам, Беларусь увяла самую жорсткую забарону на прафесію.

Раней ліцэнзію можна было атрымаць, альбо здаўшы іспыт, альбо праз досвед працы юрыстам. Аднак сёлета ўсё памянялася – цяпер іспыт мусяць здаваць і пераздаваць усе.

Каментар
Каб сталі «маўклівымі спецыялістамі». Як улады помсцяць адвакатам за іх прафесійную дзейнасць
2023.05.11 21:09

Драконаўскі закон

З 1 студзеня 2023 года набыў моц Закон аб ліцэнзаванні (№ 213-З). Юрыдычныя кампаніі ды індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць адмысловы дазвол надаваць юрыдычныя паслугі, абавязаны былі да 1 ліпеня забяспечыць выкананне шэрагу новых ліцэнзійных патрабаванняў. Адно з іх заключаецца ў тым, што надаваць юрыдычныя паслугі могуць толькі спецыялісты з пасведчаннямі пра атэстацыю. Яны выдаюцца па выніках атэстацыйнага іспыту.

Тым, хто паспяхова здаў іспыт, выдаюць пасведчанне на пяць гадоў. Тэрмін дзеяння можа працягвацца на пяць гадоў неаднаразова. Тых, каму на іспыце не пашанцавала, да чарговай здачы дапусцяць не раней як праз шэсць месяцаў.

Неабходнасць атрымліваць ліцэнзіі сур’ёзна паўплывае на шмат каго, найперш на індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пасля страты дазволу фактычна пазбаўляюцца магчымасці весці дзейнасць самастойна. Да гэтага для атрымання ліцэнзіі, каб працаваць на сябе, дастаткова было мець беларускае грамадзянства, вышэйшую юрыдычную адукацыю і тры гады стажу паводле спецыяльнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак суда Першамайскага і Савецкага раёнаў. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Самаю рэзананснаю зменаю сталася тое, што цяпер кампаніям, якія надаюць юрыдычныя паслугі, трэба мець у штаце не менш за двух работнікаў з пасведчаннем пра атэстацыю. Пры гэтым такая кампанія павінна быць для юрыстаў са сведчаннямі асноўным месцам працы на поўную стаўку. Адпаведна, прыцягненне атэставаных сумяшчальнікаў не развяжа праблемы. Работнік з пасведчаннем можа забяспечыць адпаведнасць ліцэнзійным патрабаванням толькі для адной юрыдычнай фірмы.

У прыняцці рашэння пра ліцэнзаванне камісія кіруецца характарыстыкаю на юрыста ад дзяржаўных органаў ці іншых арганізацыяў. У новым законе прадугледжаныя катэгорыі тых, хто апрыёры не можа прэтэндаваць на ліцэнзію на наданне юрыдычных паслуг. Сярод іх – звольненыя з суда, праваахоўных ды іншых дзяржаўных органаў паводле падставаў, што дыскрэдытуюць абставінамі звальнення, у дачыненні якіх Міністэрства юстыцыі пастанавіла спыніць адвакацкую ліцэнзію за здзяйсненне «дзеянняў, што дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру». Не атрымае ліцэнзіі і былы адвакат, у дачыненні якога пастанавілі спыніць ліцэнзію судом або з прычыны здзяйснення «грубага парушэння» заканадаўства аб ліцэнзаванні. Асобным пунктам пазначаныя асобы, залучаныя ў пералік тых, хто мае дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці.

Яшчэ адна змена: сярод патрабаванняў да ліцэнзіятаў значыцца і «выкананне правілаў прафесійнай этыкі», што можа дазволіць адклікаць дазвол на працу ў выпадках парушэння гэтых правілаў.

Разбор
Як «палітычным» шукаць адваката ў Беларусі?
2023.05.12 10:00

Як праходзіць іспыт

Праграма рыхтавання да атэстацыйнага іспыту ўяўляе сабою пералік сфераў заканадаўства – ад канстытуцыйнага права да крымінальнага. Пры гэтым набор паслуг, якія надаюцца юрыстамі ў Беларусі, вельмі абмежаваны і зводзіцца да здзяйснення пазасудовых дзеянняў (абмежаваныя заканадаўча). З 1 студзеня таксама звужанае кола даўжнікоў, з якіх ліцэнзіяты маюць права спаганяць запазычанасць у межах надавання імі юрыдычных паслуг: цяпер можна будзе працаваць толькі з юрыдычнымі асобамі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі, даўжнікі – фізічныя асобы зрабіліся недаступныя.

Атэстацыйны іспыт складаецца з двух этапаў. Першы – у форме камп’ютарнага тэставання, дзе неабходна адказаць на 20 пытанняў. Другі этап – у выглядзе вуснага апытання. Да вуснага іспыту дапускаюцца асобы, якія адказалі правільна на 15 і больш пытанняў падчас камп’ютарнага тэставання. Вусны іспыт ацэньваюць паводле 5-бальнай сістэмы. Ён лічыцца здадзеным, калі чалавек атрымаў адзнаку не менш за 4.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства юстыцыі, на першым жа іспыце былі атэставаныя ўсяго 4 юрысты з 30.

«Мы здавалі іспыт у Міністэрстве юстыцыі. Першы этап праходзіў у камп’ютарным класе. На выкананне тэсту адводзілася 40 хвілінаў. Пытанні былі з абсалютна розных сфераў права, шмат – аб  працэсуальных тэрмінах, якіх насамрэч тысячы. Як іх усе запомніць – пытанне. Ці вось, напрыклад, было пытанне на веданне рэгламенту працы Усебеларускага народнага сходу. Навошта гэта мне для працы? Пісьмовы іспыт я здаў, адсеялі мяне на наступным этапе, вусным, хоць я і працую ў юрыспрудэнцыі каля 10 гадоў», – кажа ў каментары «Белсату» юрыст, які пажадаў застацца ананімным.

Паводле суразмоўцы, у прафесійных колах шмат абмяркоўваюць тое, што існуюць спісы непажаданых: каму можна станоўча здаць іспыт, а каго забараняецца прапускаць:

«Сярод юрыстаў, адвакатаў шмат людзей, якія маюць сваё меркаванне, якія трактуюць закон сумленна. А ў Беларусі гэта азначае нелаяльнасць сістэме. Таму ты аказваешся непатрэбным».

Hавiны
Мінус 550 абаронцаў. З 2020 года колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася на чвэрць
2023.04.24 18:54

А суддзі хто?

Іспыт прымае камісія Міністэрства юстыцыі ў пытаннях ліцэнзавання дзейнасці для надання юрыдычных паслуг.

У склад уваходзяць:

– прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі;

– па адным прадстаўніку ад Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага Суда, іншых дзяржаўных органаў;

– прадстаўнікі ад навуковых арганізацыяў (у прыватнасці БДУ);

– прадстаўнікі адвакатуры;

– прадстаўнікі натарыяту.

Як бачым, у складзе камісіі нават падкантрольныя прадстаўнікі адвакатуры займаюць нязначную частку. Улады ўжо даўно актыўна выкарыстоўваюць камісію Міністэрства юстыцыі для рэпрэсіяў у дачыненні адвакатаў, якія рэпрэзентуюць у судовых інстанцыях інтарэсы ўдзельнікаў пратэсных рухаў, лідараў апазіцыі і проста нязгодных з дзеяннямі ўладаў людзей. З адвакатуры з 2020 года былі або прымусова выключаныя, або пайшлі праз ціск і стварэнне ўмоваў, якія перашкаджаюць дзейнасці, амаль 600 адвакатаў. Частка працягнула дзейнасць у якасці юрыстаў-ліцэнзіятаў. З адвакатуры пайшла амаль палова заўсёднікаў верхніх радкоў міжнародных юрыдычных даведнікаў.

Цяпер жа ў выніку працэдуры атэстацыі права на прафесію пазбавіліся і сотні юрыстаў.

«Дзяржава хоча кіраваць усім у ручным рэжыме»

Праблему заўважылі нават на дзяржаўным узроўні. У жніўні адбылося пасяджэнне рады ў справе развіцця прадпрымальніцтва пры Міністэрстве юстыцыі, дзе абмяркоўвалі, што юрысты масава не здалі новага атэстацыйнага іспыту, і рэальны сектар эканомікі адчуў вострую нястачу спецыялістаў.

Эксперты канстатуюць: рэпрэсіі скіраваліся супраць юрыстаў-ліцэнзіятаў, якія адчуюць на сабе тое, праз што праходзіць адвакацкая супольнасць ужо шмат гадоў. Нагадаем, што адвакатаў у Беларусі масава пазбаўляюць ліцэнзіі за ўдзел у рэзанансных і палітычных справах, шэраг адвакатаў апынуліся за кратамі праз палітычныя матывы.

«У Беларусі адбываецца зачыстка юрыдычнага рынку. Дзяржава хоча, каб нават тыя, хто піша працэсуальныя дакументы і не мае правоў абароны ў судах, цалкам залежалі ад яе. Дзяржава стварае інструменты забароны на прафесію, каб «няправільныя» юрысты наагул не мелі магчымасці практыкаваць права», – адзначае ў размове з «Белсатам» юрыст, сябра Чэшскай палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч.

Паводле адмыслоўца, у іншых краінах тыя, хто прымае чалавека ў адвакаты, самыя ёсць адвакатамі. У Беларусі ж іспыты прымаюць дзяржаўныя службоўцы, якія б свайго іспыту ніколі не здалі.

«Дзяржава хоча кіраваць усім у ручным рэжыме і мець права на забарону. Напрыклад, іспыты, якія здаюць беларускія суддзі, пабудаваныя так, што можна адсеяць кожнага. Сістэма ствараецца з таго, што людзям даецца ўстаноўка: ты не варты прафесіі, каб мы табе не дапамаглі, ты б не прайшоў, не здаў іспыту, таму служы нам і рабі тое, што табе кажуць. Цяпер тое самае хочуць зрабіць з ліцэнзаванымі юрыстамі», – перакананы Алесь Міхалевіч.

На думку суразмоўцы, на фоне прававога калапсу ў Беларусі функцыя праваабаронцаў цяпер – фіксаваць парушэнні правоў чалавека, суб’ектаў гаспадарання. А функцыі юрыста – мінімізаваць наступствы для прадпрыемства ці чалавека.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Andrea Piacquadio / Pexels

«Юрысты фактычна вывучаюць працу неправавой сістэмы і мусяць папярэджваць пра наступствы ці дапамагаць у іх мінімалізацыі сваім кліентам. Тым жа, хто страціў ліцэнзію, я б параіў выходзіць працаваць на замежны рынак, рэгістравацца за мяжой, атрымліваць там адвакацкія ліцэнзіі ды надаваць юрыдычныя паслугі. А таксама вывучаць замежныя мовы, інтэгравацца ў замежныя прававыя сістэмы», – кажа Алесь Міхалевіч.

Што рабіць юрыстам і звычайным беларусам

У такой сітуацыі натуральным чынам будуць расці кошты. Бо чым менш гульцоў на рынку, тым даражэйшымі могуць быць паслугі. Разам з тым іх якасць можа пагоршыцца. Пэўныя страты адчуе і дзяржава, калі недалічыцца часткі ранейшых падаткаў.

«Слаба верыцца, што па чыстцы ў прафесіі застануцца найлепшыя. Ведаю, што дасведчаныя спецыялісты, якія працуюць 10–15 гадоў і былі стандартам для галіны, апынаюцца ў турме альбо пазбаўляюцца ліцэнзіі. Пры гэтым калі іх пасадзіць за стол у прававым брэйн-рынгу з камісіяй Міністэрства юстыцыі, што прымае іспыты, то чыноўнікі і міністры прайграюць усухую. Рэч не ў кваліфікацыі, а ў поглядах. Прафесія праўніка старажытная і ў чымсьці экзістэнцыйная: чалавек атрымлівае права тлумачыць закон, паводле якога жывуць людзі ў грамадстве. Прадстаўнікі гэтай прафесіі заўсёды нясуць павышаную грамадскую адказнасць», – адзначае ў каментары «Белсату» юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк.

Юрысты, якія пазбаўляюцца ліцэнзіі, могуць змяніць сферу дзейнасці ці развіваць паслугі, сумежныя з юрыспрудэнцыяй. Часта яны, працуючы з бізнесам, атрымліваюць веды ў іншых галінах. Частка юрыстаў, якія не здалі іспыту, зʼедуць за мяжу ў спробах знайсці добрую працу.

«Частка будзе працягваць надаваць паслугі без ліцэнзіі сваім сталым кліентам. Частка будзе вымушаная шукаць сабе працу: праўнікам ці кімсьці яшчэ. Калі ў праўніка былі кліенты, гатовыя працаваць з ім на ўмовах надання праўных паслуг, то яны і надалей будуць працаваць з ім, але іншым чынам. Патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах будзе заўсёды. Праўда, на жаль, праз тое, як дзяржава на практыцы рэалізуе правы грамадзянаў, каштоўнасць такіх ведаў дэвальвуецца. У нас сумна жартуюць, што хутчэй за беларускі рубель у Беларусі дэвальвуецца дыплом праўніка», – адзначае суразмоўца.

Міхаіл Кірылюк перакананы, што да змены ўлады пераменаў да лепшага не будзе:

«Трэба разумець, што гэта праблема не адной галіны, прафесіі, а цэлай краіны, таму, пакуль улада не зменіцца, жыццё будзе толькі пагаршацца. І рэпрэсіі будуць працягвацца ды раскручвацца па спіралі, пакуль іх не спыняць».

Аналітыка
Аляксандр Азараў: «Сілавікі стварылі спісы, прафесійныя чысткі працягнуцца»
2022.12.23 07:00

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў