«Злачынцы рэжыму панясуць адказнасць. Гэта пытанне часу». Юрысты збіраюць доказы


Міжнародныя эксперты Цэнтру права і дэмакратыі «Justice Hub» разам з беларускімі праваабаронцамі падрыхтавалі першы падрабязны юрыдычны аналіз парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі з траўня 2020 года. Катаванні, забойствы, згвалтаванні – гэта няпоўны спіс злачынстваў. Юрысты таксама ацанілі шанцы прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Мы даем факты і абгрунтоўваем, чаму рэпрэсіі Лукашэнкі супраць беларусаў – гэта злачынства супраць чалавечнасці. Каштоўнасць нашага дакладу менавіта ў тым, каб глядзець на дзеянні рэжыму ў Беларусі на міжнародным узроўні, паводле міжнароднага права, а не толькі на нацыянальным узроўні», – растлумачыў у эфіры «Delfi» кіраўнік міжнароднага Цэнтру права і дэмакратыі «Justice Hub», экс-кіраўнік Канстытуцыйнага Суда Літвы Дайнюс Жалімас (Dainius Žalimas).

«Рэжым жорстка кантралюе грамадства, ніякая пратэсная дзейнасць унутры Беларусі немагчымая»

Да такой высновы прыйшлі эксперты падчас працы над дакладам. У ім яны адзначаюць шырокі маштаб і жорсткасць рэпрэсіяў у Беларусі. Так, паводле сабраных звестак, рэпрэсіі закранулі больш за 100 тысяч ахвяраў: гэта незаконныя затрыманні, арышты, катаванні і гвалт за кратамі, вымушаная эміграцыя, каб выратавацца ад рэжыму. Эксперты прыходзяць да высновы: усё гэта – злачынствы супраць чалавечнасці.

«Маштабная атака супраць грамадзянскай супольнасці – у гэтым цяперашняя палітыка беларускага рэжыму. Яму трэба знішчыць любой супраціў, каб абавязкова застацца ва ўладзе. Адбываецца такая мадыфікацыя «русского мира»: у Беларусі пераследуецца беларускасць. Нават за беларускую мову ў асобных выпадках можна зазнаць пакаранне. Паводле міжнароднага права – гэта міжнароднае злачынства», – кажа Дайнюс Жалімас.

Эксперты збіралі звесткі аб фактах пераследу за ўдзел у пратэснай дзейнасці, матэрыялы аб дзейнасці так званых «суддзяў», аб працы судовай сістэмы Беларусі.

Непазбежнасць пакарання

Цэнтр спрыяе распачынанню крымінальных справаў – ёсць універсальная юрысдыкцыя міжнароднага крымінальнага суда, паводле якой працуе і Літва. Гэтай магчымасцю карыстаюцца ахвяры рэжыму. Напрыклад, у літоўскую пракуратуру звяртаюцца людзі, якім прыйшлося вымушана эміграваць і хавацца ў Літве ад рэпрэсіяў. У Міжнародны суд могуць звяртацца таксама беларусы, якія ўцякалі ў Польшчу.

«Цяпер мы чакаем канкрэтыкі аб існых крымінальных справах, чакаем, што будуць названыя канкрэтныя імёны злачынцаў – суддзяў, сілавікоў. Суддзі для мяне – злачынцы нумар два пасля Лукашэнкі, бо яны як юрысты ведаюць, што робяць злачынствы», – адзначае Дайнюс Жалімас.

Ён дадае, што паводле міжнароднага права прыцягнуць персанальна Лукашэнку да адказнасці пакуль можна за ўдзел у выкраданні і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Міжнародны крымінальны суд мае юрысдыкцыю на тэрыторыі Украіны, таму Лукашэнка можа пайсці пад суд як суўдзельнік гэтага злачынства. Пасля гэтага міжнародныя юрысты будуць дамагацца трыбуналу за ўсе злачынствы рэжыму.

«Мы арыентуемся на прыклад Югаславіі, Косава, якія мелі ў сваёй практыцы разгляд падобных справаў – злачынстваў супраць чалавечнасці. Рана ці позна, ацэнка ўчынкам рэжыму ў Беларусі будзе дадзеная, і злачынцы панясуць адказнасць. Нагадаю, існуе спецыяльны трыбунал аб Косаве, паводле якога ўлады прыцягваюцца да адказнасці за злачынствы супраць косаўскіх сербаў. Таму злачынствы беларускага і расейскага рэжымаў будуць асуджаныя на міжнародным узроўні. Гэта пытанне часу. Людзі, якія рабілі злачынствы, у любым узросце будуць прыцягнутыя да адказнасці, гэта непазбежна, і яны гэта самі разумеюць», – кажа Дайнюс Жалімас.

Асобны трыбунал – для суддзяў

Суддзяў, якія выносяць у Беларусі палітычныя прысуды, будзе чакаць асобны трыбунал па прыкладзе Нюрнбэргскага – за суўдзел у злачынствах супраць чалавечнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У судзе Маскоўскага раёну абвясцілі прысуд 30-гадоваму палітзняволенаму барабаншчыку Аляксею Санчуку. Суддзя Таццяна Пірожнікава асудзіла палітвязня на 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менск, Беларусь. 13 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

«Беларускі рэжым спрабуе стварыць ілюзію легітымнасці, рабіць рэпрэсіі «паводле закону». Вярхоўны Суд у краіне і ўся судовая сістэма – гэта проста пасмешышча. Мы прааналізавалі рашэнні Вярхоўнага Суда за ўвесь час, ні аднаго рашэння супраць, прызнаюцца правамернымі ўсе рашэнні рэжыму. Тут спатрэбіцца спецыяльны працэс над суддзямі па прыкладзе Нюрнбэргскага – мы маем больш за 400 суддзяў у базе, якія прымалі заведама незаконныя злачынныя прысуды, якія рэпрэсавалі грамадства за выказванне меркавання і ўдзел у мітынгах. Гэтыя суддзі – суарганізатары злачынстваў супраць чалавечнасці. У будучыні трэба расфармаваць усю судовую сістэму Беларусі і стварыць новую. Патрэбна будзе люстрацыя. Цяпер жа ўся сістэма толькі рэпрэсуе і ўхваляе дзяржаўныя загады», – сказаў Дайнюс Жалімас.

У якасці прыкладу абсурднасці судовай сістэмы ў Беларусі ён згадаў, што Вярхоўны Суд пасля выбараў 2020 года сам па сабе сабраўся і вынес рашэнне, паводле якога прызнаў Лукашэнку легітымным прэзідэнтам.

«Такое немагчыма больш ні ў якай краіне», – падкрэсліў эксперт.

З ягоных словаў, выкарыстанне ў Беларусі антыэкстрэмісцкага і антытэрарыстычнага заканадаўства ў адносінах мірных грамадзянаў – таксама падпадае пад злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта не адпавядае ніякім міжнародным нормам. Нідзе няма крымінальнай адказнасці за тое, што чалавек выходзіць на мітынг ці каментуе нешта ў інтэрнэце. Усе гэткія факты фіксуюцца, ім даецца юрыдычная ацэнка на міжнародным узроўні – для будучага суда.

Разам з тым, Дайнюс Жалімас адзначыў важнасць таго, каб у барацьбе з аўтарытарнымі рэжымамі мы самі не скаціліся да іх метадаў. Іначай гэтая барацьба губляе сэнс.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў