Кіраўніца МЗС Швецыі: Мы будзем працягваць падтрымліваць беларускі народ


У Стакгольме прайшла вялікая акцыя ў падтрымку Беларусі, у якой удзельнічалі прадстаўнікі ўраду Швецыі.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю. Стакгольм, 8 жніўня 2021 года.
Фота: чытачы Белсату

Міністарка замежных справаў Ганна Лінд ў сваёй прамове ўзгадала падзеі жніўня 2020 года і падкрэсліла, што сфальсіфікаваныя выбары і жорсткі гвалт з боку рэжыму – гэта непрымальна. «Швецыя і Еўразвяз не прызнаюць перамогу Лукашэнка ў прэзідэнцкіх выбарах, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», – дадала яна.

Міністарка замежных справаў Швецыі Ганна Лінд на акцыі салідарнасці з Беларуссю. Стакгольм, 8 жніўня 2021 года.
Фота: чытачы Белсату

Лінд падкрэсліла, што ўрад Швецыі сурʼёзна заклапочаны развіццём падзеяў у Беларусі. Яна канстатавала, што сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца.

«Швецыя і Еўрапейскі Звяз будуць працягваць выстаўляць выразныя патрабаванні, каб Лукашэнка спыніў гвалт і пераслед мірных дэманстрантаў, апазіцыі і праваабаронцаў.

Усе палітычныя зняволеныя і беспадстаўна захопленыя людзі, уключна з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапегай, мусяць быць неадкладна і без аніякіх умоў вызваленыя. Усе палітычна матываваныя абвінавачванні мусяць быць знятыя. Усе, хто вымушаныя былі з’ехаць з краіны, мусяць мець мажлівасць вярнуцца. Усе адказныя за гвалт і пераслед, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці», – заявіла міністарка.

Лінд адзначыла, што беларусы маюць права выбіраць сваіх прадстаўнікоў падчас свабодных і справядлівых выбараў, і паабяцала падтрымліваць беларускі народ.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю. Стакгольм, 8 жніўня 2021 года.
Фота: чытачы Белсату

Акцыя ў Стакгольме была прымеркаваная да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў