Расколіны і тынкоўка, што аблятае: ніхто не гарантуе якасць новабудоўляў

Дом здалі, праз пяць гадоў стала зразумела, што ён «раз’язджаецца»: па фасадзе ідуць расколіны, тынкоўка абвальваецца, праблема з кожным годам толькі нарастае. Гэта кароткая гісторыя не аднаго дому ў Менску.

У доме па Выгоцкага, 39 ад скразняку павалілася адна з унутраных сцен у пад’ездзе. Аказалася, цэглу ўсталявалі проста на пенапласт – цудам нікога не прыціснула. Ды і ў прынцыпе будаўнікі накасячылі – новабудоўля прамярзала, цвіль зжырала ўцяпляльнік фасаду і паўзла ад кутоў гаўбцоў. Балазе, заказчыкам быў УКБ, і за некалькі гадоў скаргаў жыхароў «перабудаваў» усё, што можна было.

Дом 39 на вуліцы Выгоцкага. Менск, Беларусь, 5 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У дамах па Беларускай 15, 17 («элітках» каля Свіслачы) бясконца латалі фасад – забудоўшчык, аказваецца, проста не ведаў, як яго рабіць.

Не ведалі і эканомілі будаўнікі дому па Прытыцкага, 39. Onliner напісаў цэлы тэкст пра дом-сорам. Забудоўшчык самаліквідаваўся, так і не ўмацаваўшы дом, а пакуль бадаўся з жыхарамі, паспеў узвесці яшчэ некалькі дамоў, да якіх няма прэтэнзіяў. Але ў гэтым жа доме-сораме праблема з вонкавымі сценамі не вырашаная.

У доме па Незалежнасці 168 пайшлі расколіны, у тым ліку і ў кватэрах. Доўга ад жыхароў адбрыкваліся, абвінавачваючы ў тым, што «панарабілі рамонтаў», вось дом і «паехаў». Балазе, апорныя канструкцыі, здаецца, цэлыя…

Фота: АВ / Белсат

Але ёсць дамы і з праблемнымі апорнымі канструкцыямі. Напрыклад, дом ад адной з кампаній «Даны», у складзе ЖК Чайкоўскі – той, што па Грыбаедава 1. Там праблемы з плітамі перакрыцця. Пра гэта пісаў TUT.BY, цяпер тэкст можна пачытаць на іншым рэсурсе, пакуль не выдалілі.

Ну і вішанька на размяклым торце – дом ад дзяржзабудоўшчыка па Шырокай 3 – у ім крышацца апорныя калоны. Жыхароў нават высялялі, калі вырашылі, што ёсць пагроза абвальвання. Высветлілі – у бетоне пілавінне. Нешта ў доме ўмацавалі, за чымсьці сочаць на прадмет едзе ці не едзе. Накшталт больш пагрозы абвалу няма – і ладненька.

Фота: АВ / Белсат

Яшчэ адзін дом, 16-павярховую трохпад’ездную новабудоўлю каля музею валуноў, дзяржзабудоўшчык здаць і засяліць не паспеў – частка дому пачала прасядаць яшчэ на этапе будаўніцтва. Грунт пад адной з секцый апынуўся «вадкаватым». Дом па Акадэміка Купрэвіча 16 умацоўвалі два гады, цяпер рыхтуюць да здачы. Частка дольшчыкаў паспела адмовіцца ад кватэр, але не ўсім вярнулі грошы. І так, тут шмат свабодных апартаментаў, якія яшчэ трэба будзе прадаць…

Дом 168 на праспекце Незалежнасці. Менск, Беларусь. 5 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Якія маштабы праблемы?

Невядома. СМІ пішуць толькі пра абуральныя выпадкі. І толькі пра тыя, дзе жыхары пачалі масава скардзіцца і дайшлі да незалежных экспертаў. Проста пра расколіны журналістам не скардзяцца. Раней абмяркоўвалі праблемы на адкрытых форумах, цяпер – у закрытых чатах жыхароў. Там ім прадстаўнікі забудоўшчыкаў распавядаюць гадамі, што гарантыйныя абавязацельствы не распаўсюджваюцца на дэфекты, якія ўзніклі з-за «няправільнай эксплуатацыі аб’екта». Што блокавую сцяну разарвала, напрыклад, таму што яны… пашырылі дзвярны праём або павесілі кандыцыянер і бойлер. Маўляў, гэтага не было ў праекце, няправільна эксплуатуеце.

Фота: АВ / Белсат

Цішыня ў СМІ не азначае, што спіс праблемных новабудоўляў не папаўняецца. І, што цікава – праблема не вырашальная. Гарантыйны тэрмін на дом – 5 гадоў. У гэты перыяд вылазяць і сур’ёзныя, і «касметычныя» дэфекты. Але сурʼёзныя могуць вылезці і пазней. Як у доме на Шырокай, які здалі ў 2013-м, а пагроза абвальвання ўзнікла ў 2019-м. Але тут хоць забудоўшчык, як у доме па Прытыцкага, не ліквідаваўся…

Хто павінен кантраляваць якасць будаўніцтва? Правільна, Дзяржбуднагляд. Ён выдае заключэнні «аб адпаведнасці аб’екта патрабаванням бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці». Дзяржбуднагляд у любы момант мае права прыйсці на будоўлю, і дзяржаўную, і камерцыйную – вывучыць, прымусіць выправіць.

Фота: АВ / Белсат

Але! У 2018-м сеў дырэктар Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржкамітэту па стандартызацыі Беларусі. У 20015-м пад суд пайшоў начальнік інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржстандарту па Менску. Абодва – «за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю, у буйным памеры». Шырокай грамадскасці не распавялі, якія дамы яны прымалі і на якія дэфекты гатовыя былі заплюшчваць вочы. Аднак без подпісу дзяржбуднаглядаўскага начальства немагчыма было здаць ні адзін з «касячных» дамоў. І па дамах са спісу тых, што «паехалі», можна зрабіць высновы – кантралёры ад будаўніцтва ніякай адказнасці не нясуць. З праблемамі разбіраюцца самі жыхары, забудоўшчыкі, калі яны не ліквідаваныя, і гарадскі бюджэт.

Фота: АВ / Белсат

Як не купіць праблему?

У дамах з нашага спісу прадаюцца кватэры. На Шырокай 3 ёсць кватэра «з шыкоўным рамонтам» па цане $ 2400 за квадратны метр. На Прытыцкага за $ 192 тысячы спрабуюць прадаць кватэру без аздаблення. На Грыбаедава 1, дзе пад пытаннем перакрыцці, ёсць яшчэ кватэры без унутраных сценаў і тынкоўкі, якія пасля аздаблення павялічаць нагрузку на дом. Адна такая, 90-метровая, выстаўленая за $ 120 тысяч.

Фота: АВ / Белсат

Увогуле, па цане кватэры нельга вызначыць, што дом з сюрпрызам. Таму перад купляй варта пашарсціць інтэрнэт наконт таго, хто што пісаў пра дом, пастукацца ў чат жыхароў з пытаннем, як яны ацэньваюць якасць. Падвалы і падземныя паркінгі, над якімі стаіць дом, якія падтопліваюцца, таксама павінны насцярожыць.

Раіць звярнуць увагу на ўсадачныя расколіны ў пад’ездах і кватэрах не буду – амаль усе каркаснікі даюць перманентную ўсадку, нават тыя, што цалкам надзейныя. Ну, не навучыліся ў нас чамусьці будаваць дамы, якія не «гуляюць».

Фота: АВ / Белсат

Зрэшты, забудоўшчыкі таксама вучацца. Тыя, якія ўзводзяць не першую пяцёрку «каркаснікаў», кожны наступны дом робяць лепш. У такіх і рызыкі менш.

Дамы, якія руйнуюцца, стануць сапраўднай праблемай гораду пазней. І цяжка ўявіць, як іх будуць вырашаць. Гэта ж у асноўным уласнасць жыхароў. У нармальнай дзяржаве за кампенсацыю шкоды судзіліся б з дзяржавай, якая прыняла ў эксплуатацыю такія будынкі. Але не ў нашых рэаліях. Максімум, на што могуць разлічваць жыхары дамоў, што распаўзаюцца, – што за кошт бюджэту ўмацуюць апорныя калоны і будуць назіраць, каб не павалілася.

Фота: АВ / Белсат

/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў