«Я не вытрымаю і месяца». Што вядома пра суддзю і пракурора, якія паслалі блогера Мікалая Клімовіча на смерць?


Пінскага блогера Мікалая Клімовіча, які памёр у зняволенні, адправілі ў калонію, нягледзячы на хваробу сэрца. Гэта зрабілі суддзя Андрэй Бычыла і пракурор Ілля Гузарэвіч, прызначыўшы мужчыну год пазбаўлення волі, хаця маглі абысціся штрафам. «Белсат» сабраў усё, што вядома пра гэты тандэм.

Мікалай Клімовіч.
Фота: Media-Polesye.by

Блогера і актывіста Мікалая Клімовіча судзілі за публікацыю карыкатуры з Лукашэнкам у сацсетцы «Одноклассники» (малюнак з’явіўся ў ягонай стужцы пасля лайка). Мужчыну ўзялі пад варту ў залі суда пасля абвяшчэння прысуду.

Да разгляду скаргі Берасцейскім абласным судом Клімовіч быў у баранавіцкім СІЗА. Калі апеляцыю адхілілі і прысуд набыў моц, актывіста этапавалі ў віцебскую калонію № 3. Праз два тыдні ён памёр. Клімовічу быў 61 год.

Hавiны
«Не проста смерць, а чарговае забойства». У Ціханоўскай пракаментавалі гібель Клімовіча
2023.05.07 21:26

Як паведамляла выданне «Позірк», блогер казаў, што баіцца сканаць у калоніі:

«Любое турэмнае зняволенне для мяне – гэта смерць, бо я мушу быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца».

На судзе адвакат таксама згадваў пра стан здароўя Клімовіча, які меў другую групу інваліднасці праз праблемы з сэрцам, і папярэджваў пра небяспеку зняволення. Да гэтага не прыслухаліся.

Пракурор Ілля Гузарэвіч папрасіў для блогера год калоніі, і суддзя Андрэй Бычыла з дзяржаўнай непахіснасцю выканаў гэтую просьбу. Хаця артыкул аб абразе Лукашэнкі дазваляе і штраф.

Пайшоў на павышэнне

Ілля Гузарэвіч – з Пінску, атрымаў вышэйшую адукацыю ў Горадні. Вучыўся на платным аддзяленні юрыдычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Падчас вучобы праходзіў практыку ў Пінскай міжраённай пракуратуры і пасля атрымання дыплома ўладкаваўся там на працу.

Вядома, што ў 2020 годзе Гузарэвіч займаў пасаду памочніка міжраённага пракурора, а цяпер ён ужо старэйшы памочнік.

Да пратэстаў займаўся ў асноўным звычайнымі мясцовымі справамі: бойкі ды крадзяжы. Хаця летась раённая газета «Пінскі веснік» пісала, што Гузарэвічу давяраюць падтрымліваць дзяржаўнае абвінавачванне «у найбольш складаных і рэзанансных злачынствах».

Самай эмацыйнай для сябе справай ён называў забойства 23-гадовага хлопца.

«Найбольш складаным і эмацыйным было падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання ў крымінальнай справе ў дачыненні 26-гадовага пінчука, якому давялося запытваць 20 гадоў пазбаўлення волі за пачастунак свайго таварыша псіхатропным рэчывам, ад ужывання якога той памёр», – успамінаў пракурор.

Пракурор Ілля Гузарэвіч.
Фота: ТРК Варяг – Пинск / YouTube

Сярод палітычных справаў Гузарэвіча – абраза міліцыянта, у якой абвінавацілі пінчука Дзяніса Стасевіча ў 2021 годзе. Мужчына напісаў каментар у сацсетцы «Одноклассники» пад фота з затрыманнем пенсіянера. На здымку бачна, як супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч каленам прыціснуў шыю «парушальніку». Суддзя Вольга Лубнік прызначыла роўна такое пакаранне, што папрасіў пракурор: 2 гады «хатняй хіміі».

Летась Гузарэвіч быў дзяржабвінаваўцам у другой гэткай жа справе, заведзенай паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады. Пацярпелым зноў быў інспектар ДАІ, Яўген Малахевіч, а справу разглядала тая ж суддзя Вольга Лубнік. Усё як пад капірку: два гады «хатняй хіміі», як і прасіў пракурор. Такое пакаранне прызначылі для мясцовага жыхара Андрэя Ляўлюха за каментар у «Одноклассниках».

Сёлета Ілля Гузарэвіч удзельнічаў у працэсе супраць Алега Стасюка. Мужчыну далі 4 гады калоніі ды буйны штраф. З ператрусам да яго прыйшлі за каментары ў інтэрнэце, а знайшлі абсталяванне для вырошчвання канопляў, марыхуану і парнаграфію на камп’ютары, распавядаў пракурор дзяржаўным медыям. Ён сцвярджаў, што прадукцыю для дарослых мужчына сам вырабляў і прадаваў.

Hавiны
У Пінску на асуджанага за каментары «павесілі» вырошчванне марыхуаны і продаж порна
2023.04.14 14:03

Бестэрміновы суддзя

У суддзі суда Пінскага раёну і Пінску Андрэя Бычылы палітычных справаў назбіралася болей. Паводле падлікаў праекта «Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы», на ягоным рахунку 39 такіх працэсаў.

Самы жорсткі прысуд Бычылы, пра які вядома, – 2 гады калоніі. Такі тэрмін летась атрымаў Алег Корзун, прызнаны палітвязнем. Мужчыну асудзілі паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады за каментары ў інтэрнэце пасля перастрэлкі праграміста Андрэя Зельцара з супрацоўнікамі КДБ.

Суддзя суда Пінскага раёну і Пінску Андрэй Бычыла.
Фота: pinsknews.by

Акрамя таго, Бычыла тры разы прызначаў 2 гады «хатняй хіміі» і аднойчы – 2 гады абмежавання волі за «абразу Лукашэнкі» і «абразу прадстаўніка ўлады». Апошні такі працэс адбыўся зусім нядаўна, напрыканцы красавіка, калі Бычыла асудзіў на «хатнюю хімію» 17-гадовага падлетка паводле абвінавачвання ў абразе Лукашэнкі.

Hавiны
Непаўналетняга хлопца асудзілі ў Пінску за абразу Лукашэнкі
2023.05.03 22:58

Агулам Бычыла выпісаў штрафаў на 8,5 тысяч рублёў, прызначыў 202 содні арышту. Часцей за ўсё адміністратыўныя справы тычыліся распаўсюду «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Лукашэнка сваім указам прызначыў Андрэя Бычылу суддзёю суда Пінскага раёну і Пінску ў 2003 годзе. У 2014-м дзякуючы іншаму ўказу ён стаў суддзёю бестэрмінова.

Агляд
Іх смерці – на руках рэжыму: успамінаем загінулых з 2020 году
2023.05.08 19:44

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў