У Пінску на асуджанага за каментары «павесілі» вырошчванне марыхуаны і продаж порна


Жыхару Пінску да абвінавачання ў знявазе прадстаўнікоў улады дадалі «наркатычны» артыкул і незаконны заробак на порнаматэрыялах. Аб гэтым паведамляе «Вясна».

Будынак суда Пінску і Пінскага раёну.
Фота: viasna96 / Telegram

14 красавіка праваабаронцам стала вядома, што ў судзе Пінскага раёну і гораду Пінску вынеслі прысуд 40-гадоваму Алегу Стасюку – чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 200 базавых велічынь (7400 рублёў). Працэс вёў суддзя Ігар Клімовіч, дзяржабвінаваўцам быў Ілля Гузарэвіч.

Прысуд вынесены сумарна паводле некалькіх артыкулаў шляхам частковага складання злачынстваў. Пра дэталі справы вядома таксама з прапагандысцкага відэасюжэту на дзяржаўным тэлебачанні. У сюжэце пракурор Гузарэвіч расказаў, што Алега Стасюка асудзілі за інтэрнэт-каментары, наркотыкі і выраб ды продаж порна. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, падчас ператрусу ўдома ў Стасюка сілавікі быццам выпадкова знайшлі «абсталяванне для вырошчвання» канопляў, марыхуану і расліны канопляў. А на кампʼютары таксама быццам выпадкова выявілі «вырабленае порна», на якім асуджаны, на думку следства, «незаконна зарабіў не менш за $ 775».

«Белсат» неаднойчы расказваў, як у людзей, якія праходзяць паводле палітычных артыкулаў, сілавікі «выпадкова» знаходзяць зброю, наркотыкі або порнаматэрыялы. Тым самым падаграваецца міф пра разбэшчанасць апазіцыі і ствараюцца перашкоды для прызнання асуджаных палітычнымі вязнямі. У сітуацыі, калі «не да законаў», нават у абсалютна невінаватых людзей сілавікі знаходзілі розныя «рэчавыя доказы», абы дыскрэдытаваць і асудзіць людзей.

Hавiны
КДБ зноў знайшло ў актывістаў зброю, наркотыкі і сімволіку
2021.07.16 18:15

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў