Улады, імаверна, адмовіліся ад будаўніцтва сховішча адкідаў у Маладзечанскім раёне


Выданне Kraj.by паведамляе, што ўлады перадумалі будаваць сховішча адкідаў побач з вёскай Краснае Маладзечанскага раёну. Супраць стварэння сховішча актыўна выступалі мясцовыя жыхары.

У сакавіку выданне распавядала, што на месцы былога пясковага кар’еру каля вёскі Краснае Маладзечанскага раёну запланавана пабудаваць назапашвальнік «адкідаў гаспадарча-фекальных сцёкавых водаў», якія будуць прывозіць са сталіцы. У «Менскводаканале» сцвярджалі, што пры праектаванні былі выкананыя ўсе нарматывы што да зоны распаўсюджвання гэтых пахаў, экалагічныя нормы не парушаюцца. Аднак мясцовыя жыхары гэтаму не паверылі і пачалі збіраць подпісы супраць будаўніцтва сховішча. «Калі сховішча будзе пабудаванае, нам застанецца толькі прадаць хату і з’ехаць адсюль», – казалі некаторыя.

Паводле Kraj.by, у выніку мясцовыя жыхары сабралі каля тысячы подпісаў супраць стварэння сховішча. Грамадскія абмеркаванні адбыліся 30 сакавіка ў Красненскім доме культуры. Сустрэча прайшла эмацыйна, а 7 красавіка жыхары Чырвонага даслалі Kraj.by дакумент. Мяркуючы па змесце, будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка пад Маладзечнам не будзе.

Крыніца: kraj.by

Паводле  Kraj.by, рашэнне падпісана намеснікам старшыні Маладзечанскага райвыканкама Сяргеем Боханам. Адзначаецца, што стварэнне сховішча на дадзенай тэрыторыі прызнанае «немагчымым і немэтазгодным» з улікам «агульнага негатыўнага ўспрымання грамадскасцю інфармацыі аб будаўніцтве абʼекта».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў