Святлана Ціханоўская: 8 Сакавіка – нагода гучна заявіць, што гвалт недапушчальны


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў Міжнародны жаночы дзень запісала зварот да беларусак. Яго асноўнаю тэмаю стаўся гвалт у дачыненні жанчын.

Святлана Ціханоўская
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская прамаўляе перад медыямі падчас візіту ў Сейм і Сенат Польшчы. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Беларуская лідарка казала, што гвалт часта замоўчваюць, але пра яго трэба казаць, бо на месцы Лізаветы, якая загінула ў Варшаве, можа апынуцца кожная. Святлана Ціханоўская згадала гісторыі, якія беларускі пісалі пад пазнакаю #хопіцьгвалціць:

«Дарагія жанчыны, якія дзяліліся асабістымі гісторыямі праз #хопіцьгвалціць, дзякуй вам за смеласць. Дзякуючы такім гісторыям я бачу, што жанчыны навучыліся нават праз боль адкрываць вочы іншым на тое, што перажываюць вялізная колькасць дзяўчатак, дзяўчат і жанчын. Вы дзеліцеся гісторыямі, ведаючы, што можаце сутыкнуцца з каментарамі «сама вінавата» ці «не трэба было правакаваць». <…>. Я хачу нагадаць кожнай з вас, хто сутыкнуўся з гвалтам: вы не вінаватыя. У гвалце заўсёды вінаваты той, хто яго здзейсніў. Я хачу падзякаваць вам за тое, што падтрымліваеце і становіцеся на абарону адна адной, бачачы несправядлівасць. Ніколі не сумнявайцеся ў сваёй моцы і здольнасці прымусіць увесь свет пачуць ваш голас».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў