Павел Латушка заклікаў адрэагаваць на дзейнасць Свята-Елісавецінскага манастыра ў Ірландыі


Медыі даведаліся, што манашкі менскага Свята-Елісавецінскага манастыра, які адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны, спрабуюць зарабіць грошы «на свае праекты» ў Ірландыі. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка звярнуўся з гэтай нагоды да ірландскага амбасадара ў Польшчы Патрыка Хогі.

Reform.by са спасылкай на «Global Sisters Report» паведамляе, што сёстры Свята-Елісавецінскага манастыра Алена Валынец і Вераніка Васільева прыехалі ў Ірландыю, каб зарабіць грошы «на свае праекты», прадаючы абразы.

Наведнікам езуіцкай парафіі ў Дубліне, а таксама парафій і школ графстваў Манаган і Лаут, сёстры расказваюць, што грошы ім патрэбныя для працы «з псіхічна хворымі, бяздомнымі, былымі зняволенымі і нарказалежнымі ў Менску».

Hавiны
Шведскія медыі: Беларускія манашкі збіралі падманам грошы на вайну для Расеі
2023.03.13 08:53

Як паведамляе «Позірк», кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў амбасадару Ірландыі ў Польшчы Патрыку Хогі ліст, у якім выказаў «вялікую заклапочанасць» у сувязі з паведамленнямі ў медыях аб візіце ў Ірландыю манашак з Менску. Палітык нагадвае, што манастыр «уцягнуты ў падтрымку вайны Расеі ва Украіне», а духоўнік манастыра Андрэй Лемяшонак заклікаў маліцца за Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна.

«Акрамя таго, сцвярджаецца, што ў манастыры навучалі беларускіх падлеткаў зборцы і разборцы аўтаматычнай зброі», – адзначае Латушка ў лісце.

«Адным з самых трывожных аспектаў» дзейнасці манастыра ён называе яго «фінансавую падтрымку расейскіх вайскоўцаў».

«Манастыр арганізуе канцэрты ў падтрымку расейскай арміі і збірае харчы і сродкі для расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. На гэтыя сродкі набываюцца розныя прадметы, у тым ліку рацыі, коптэры, цеплавізары, бронекамізэлькі, шлемы і нават аўтамабіль», – гаворыцца ў лісце.

«Прашу амбасаду Ірландыі ў Польшчы прыняць да ведама гэтае пытанне і разгледзець магчымасць давядзення яго да ведама адпаведных органаў улады ў Ірландыі.

Улічваючы прыхільнасць Ірландыі правам чалавека, міру і справядлівасці, я лічу вельмі важным разгледзець любыя дзеянні, якія падтрымліваюць агрэсію і падрываюць стабільнасць і бяспеку Украіны», – заяўляе Латушка.

Нагадаем, Свята-Елісавецінскі манастыр адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Украіне, рэгулярна збірае ахвяраванні і дасылае дапамогу на акупаваны Данбас.

У жніўні 2022 года ў манастыры з добраславення протаіерэя Андрэя Лемяшонка была створаная валанцёрская група «Дапамога братам», каб дапамагаць расейскім вайскоўцам. Манашкі збіраюць для расейскіх жаўнераў грошы, медыкаменты, адзенне і абутак, а таксама лісты падтрымання (лісты падпісваюць «Дорогому солдату из Белой Руси» або «Дорогому солдату из Белоруссии»). Імаверна, сабраныя беларускімі манашкамі грошы таксама ідуць на закупы вайсковай амуніцыі, рыштунку і аўтамабіляў. Лукашэнка публічна падтрымаў гэтую ініцыятыву Свята-Елісавецінскага манастыра.

У 2023 годзе шведскія медыі паведамлялі пра тое, што групу манашак з Беларусі пад выглядам збору сродкаў для дзяцей-сіротаў збіралі грошы на падтрыманне расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Аб’ектыў
Z-імпрэзы і дапамога Данбасу: як рэжым Лукашэнкі паказвае прыхільнасць «русскому миру»
2024.02.27 20:34

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў