Гарадзенскі міліцыянт, вядомы мэмнымі прамовамі, прыйшоў на радыё. Запіс выкладаць забаранілі


Яўген Дудко перад пачаткам эфіру дэманструе вядоўцу Дзмітрыю Чаканаў слоічак свайго любімага малінавага варэння. Скрыншот з відэа: instagram.com/s13.live

Кіраўнік прэс-службы УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Яўген Дудко не стаў адказваць на пытанні пра палітыку ў гасцях радыё «s13». Запіс эфіру меў з’явіцца на партале, але «УУС гэтага не ўзгадніла», паведамляе Hrodna.life.

Яўген Дудко працаваў начальнікам аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Горадні, у 2014 годзе перайшоў у аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Таксама ён вядомы тым, што ў сваіх прамовах ужывае мэмы і падкрэслівае сваю любоў да малінавага варэння.

Яўген Дудко папярэдзіў, што не будзе адказваць на пытанні пра палітыку. Шмат на што адказваў проста: «Давай далей».

Аб працы: «Трэба было знаходзіць агульную мову з нашымі грамадзянамі. Браў удар на сябе і не шкадую. Перад грамадзянамі не сорамна. Сваю краіну не прадам і не зʼеду».

Пра рэгіянальны тэлеграм-канал «Гродненские сливы» (Дудка падазраюць у датычнасці да адміністравання), што ў абразлівай манеры размяшчае персанальныя звесткі апанентаў дзейнай улады: «Ніякага дачынення да іх не маю. «Зліваць» чыесьці звесткі – гэта няправільна. Куды звярнуцца са скаргаю [на публікацыю персанальных звестак. – Заўвага рэд.]? У міліцыю паводле месца жыхарства».

Аб працы міліцыі на пратэстах: «З 9 жніўня не заўсёды разумеў, што адбываецца ў нас. Я быў з першых хвілінаў там, усярэдзіне. Я ўсё бачыў. Сумленна. Супрацоўнікі выконвалі свае абавязкі. У кожнага ёсць сваё меркаванне. Дзесьці міліцыя перапрашала».

17 жніўня кіраўнік міліцыі Гарадзеншчыны Вадзім Сіняўскі прасіў прабачэння ў жыхароў і працоўных калектываў гораду за ўжыванне сілы супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту. Пасля выбараў мінула больш за шэсць месяцаў, за гэты час ніводнага міліцыянта не прыцягнулі да адказнасці за перавышэнне паўнамоцтваў.

Пра затрыманне журналістаў: «Такую накідку [сінюю камізэльку «Прэса». – Заўвага рэд.] мог накінуць любы чалавек».

Пра затрыманых грамадзянаў: «У партфелях знаходзілі шмат чаго цікавага».

Пра акцыі: «Ніколі пратэставыя акцыі мірна не праходзілі».

Пра «чаяванні» ў дварах: «Ёсць рызыка. Нічога добрага няма, калі людзі збіраюцца. Ты сам ведаеш, пад якім соусам робіцца ўсё гэта».

Пра тых, хто сышоў з міліцыі: «19 чалавек звольніліся праз «палітычныя моманты».

Як сямʼя ставіцца да працы: «Станоўча. Пры абразах перажываў за маму і тату. Сваякі ганарацца».

Пра тое, што такое дэмакратыя: «Паехалі далей».

Пра гібель людзей пасля пратэстаў: «Кампетэнтныя органы разбяруцца».

Пра тое, з чаго маюць пачынацца перамены: «У першую чаргу, з самога сябе. Неабходна задумацца, што ты робіш і і для чаго. Перамены ў любым выпадку, у добрым плане, патрэбныя. За разумныя перамены і новаўвядзенні. Гэта прынясе карысць нам усім».

Запіс эфіру пазней меў апублікаваць рэсурс «s13». Але пазней там паведамілі, што, маўляў, УУС забараніла гэта рабіць без тлумачэння прычынаў. Эфір з Яўгенам Дудко слухалі каля 1500 чалавек, паведамілі на радыё. Адзін з чытачоў Hrodna.life захаваў эфір і перадаў у рэдакцыю. Запіс доўжыцца 54 хвіліны.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў