З чаго мы ўвогуле ўзялі, што ў нас ёсць нейкія «правы чалавека»?

 7 лістапада – гэта добры дзень для юрыста, каб узгадаць, а з чаго мы ўвогуле ўзялі, што ў нас ёсць нейкія «правы чалавека»?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына трымае канстытуцыю Беларусі і дэкларацыю правоў чалавека падчас «Маршу справядлівасці» ў Менску, Беларусь. 20 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Бо так напісана ў законе? Але не ўсе законы працуюць менавіта так, як яны напісаны. Любы юрыст ведае, што нават лепшы тэкст закону – гэта вялікае поле для інтэрпрэтацый. Ключавое значэнне для таго, як закон выконваецца, мае воля яго прымяняльніка. Таго, хто мае ўладу фізічна ўвасобіць закон у жыццё. Ці значыць гэта, што «правы чалавека» рэальна існуюць толькі тады, калі ёсць людзі, гатовыя іх рэалізаваць?

Акрамя таго, усе гэтыя законы пішуцца звычайнымі людзьмі. І дарэчы, людзі, якія іх прымаюць, гэтак жа стамляюцца, спрачаюцца, памыляюцца, дапускаюць у тэксце неразборлівыя фармулёўкі і пакідаюць магчымасці для падвойнага тлумачэння. І яшчэ законы перыядычна мяняюцца. 100 гадоў таму ў звычайнага чалавека былі адныя правы, 200 – іншыя.

Ці значыць гэта, што правы чалавека – проста фікцыя, якую кожны грамадзянін разумее так, як яму выгадна і кожны чыноўнік выконвае так, як яму зручна? Сёння, здаецца, мы да гэтага і ідзем. Але ці так было задумана?

Возьмем пару момантаў з самых вядомых гістарычных дакументаў, з якіх узрасла канцэпцыя правоў чалавека.

Аўтары дэкларацыі правоў чалавека ААН пры распрацоўцы абапіраліся, напрыклад, на англійскі Біль аб правах і амерыканскую Дэкларацыю незалежнасці.

Дэкларацыя незалежнасці ЗША, 1776 год:

«Мы лічым за відавочныя ісціны, што ўсе людзі створаны роўнымі, што ім дадзены іх Творцам некаторыя неад’емныя правы, у ліку якіх знаходзяцца – жыццё, свабода і права на шчасце».

Зараз чытаецца крыху дзіўна. Калі ўсё, што вы хочаце ад жыцця – гэта свабода і шчасце, то навошта вы спасылаецеся на нейкага Творца. Ці вы самі не можаце сабе гэтага забяспечыць?

Англійскі біль аб правах 1689 год:

  • «Спагнанне збораў на карысць Кароны, без згоды парламента або за больш доўгі час або іншым парадкам, чым устаноўлена парламентам, незаконна».
  • Выбары чальцоў парламента павінны быць вольныя.
  • Свабода слова, спрэчак і актаў у парламенце не павінна абмяжоўвацца або падвяргацца кантролю ў якім-небудзь судзе або месцы акрамя парламента.
  • Не дапускаецца патрабаванне празмерных залогаў, ні накладанне празмерных штрафаў або жорсткіх і незвычайных пакаранняў.

Затым ідзе складаны шматслоўны тэкст, які дае пэўны мэсідж аб тым, што мы ўсё, зразумела, прызнаём, што кароль наш, богаабраны. І мы ўсе, духоўныя і свецкія лорды, яму безумоўна падпарадкоўваемся. І выключна, каб пазбавіць такіх каштоўных і найвысокіх асоб ад небяспекі іх звяржэння – Кароль будзе прымаць усе даступныя яму меры для ўвасаблення таго, што напісана ў гэтым дакуменце.

Яшчэ далей у мінулае – маніфест Рэфармацыі «12 артыкулаў», 1525 год, Мэмінгем. Дакумент складзены мясцовым святаром Шапелерам, які развіў ідэі Лютэра і Цвінглі аб праве на самастойнае асэнсаванне Евангелля. Першым жа пунктам ідзе – права на выбары святара для абшчыны. Сурʼёзны запыт для таго часу, бо у многіх краінах на ўсход ад Баварыі нават праз 500 гадоў такія патрабаванні заяўляць не адважваюцца.

«Нам надалей павінны прыналежаць права і ўлада, каб уся абшчына сама вызначала і выбірала пастара. Таксама абшчына павінна мець права зрушыць яго, калі ён сябе паводзіць неналежным чынам».

Затым – пра тое, што дзесяціну мы плаціць гатовыя, гатовыя нават і больш, але мы хочам такі ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, як яе выкарыстаць. Зноў гэтае нечуванае вальнадумства! Нават па цяперашніх часах.

Затым – пішуць аб роўнасці ўсіх людзей незалежна ад іх шляхетнасці ў рамках хрысціянства. Пра тое, што нельга да людзей ставіцца, як да платонаўскай «размаўляючай прылады».

«Да гэтага часу вялося, што нас лічылі не людзьмі, а чужой уласнасцю; гэтае жалю годна, бо Хрыстос праліў сваю каштоўную кроў і выратаваў і адкупіў нас усіх, і пастуха нароўні з самым шляхетным, без усялякага выключэння».

«Мы празмерна абцяжараныя вялікімі штрафамі, бо ўвесь час уводзяць новыя пастановы і караюць нас, не цямячыся са справай, а па варожасці ці дагодлівасці. Наша меркаванне такое: караць нас па старых пісаных законах па абставінах справы, а не па самаўпраўнасці».

Што мы бачым, калі абагульніць усе гэтыя тэксты, выдадзеныя на працягу апошніх пяці стагоддзяў?

Правы чалавека ўзніклі як працяг хрысціянскай ідэі аб тым, што ў кожным чалавеку ёсць божая іскра. Тое, што адрознівае нас ад жывёлы, гэта не высокія кагнітыўная і апрацоўчая здольнасць мозгу, не здольнасць выкарыстоўваць прылады (якія выкарыстоўваюць і папугаі), не здольнасць абменьвацца інфармацыяй, а дух і выява. Гэта добрая думка была развіта прыкладна 500 гадоў таму пратэстанцкімі рэфарматарамі.

Зразумела, калі б хрысціянства магло гарантавана вырабляць з людзей анёлаў, мы б пра гэта ўжо ведалі. Але наша чалавечая прырода такая, што на кожную ўмоўную «Маці Тэрэзу» знойдзецца 10 «кардыналаў Рышэлье».

Зараз мы бачым, з аднаго боку, што людзям з эвалюцыйным светапоглядам у прынцыпе цяжка абгрунтаваць неабходнасць гэтых правоў, іх важнасць, калі не разумець і адхіляць іх крыніцу. Што ім прывесці ў якасці аргумента? Тое, што мы аднаго біялагічнага віду? Ну так і што, «выжывае наймацнейшы», і ў тым, што адзін млекапітаючы зʼесць іншага – няма нічога незвычайнага для дзікай прыроды.

Бо, калі людзі, адказныя за ўвасабленне правоў чалавека, вераць толькі ў тое, што чалавек – усяго тое больш развітае млекапітаючае – яны так і будуць да яго ставіцца.

Калі людзі, якія лічаць, што ў іх ёсць нейкія правы, толькі таму, што нейкі чалавек прыняў нейкі закон – а не таму, што яны дадзены звыш і кожнаму – яны менавіта так і будуць ставіцца адзін да аднаго.

З іншага боку, можна бачыць, што для некаторай актыўнай часткі грамадства «правы чалавека» ператвараюцца ў нейкі фетыш і сцяг, зручна загарнуўшыся ў які можна лупіць па галовах іншых, не згодных з адзіна дакладным меркаваннем партыі.

Такім чынам, правільныя хрысціянскія ідэі, накладваючыся на атэістычную свядомасць ператвараюцца ў фікцыю.

Гэта, дарэчы, добра тлумачыць звыклае нам і extremely dehumanizing для заходняга чалавека стаўленне да людзей у нашых больніцах і ў нашых школах, у нашых турмах і вайсковых часцях, нашых сельсаветах і падатковых інспекцыях.

Гэта таксама нядрэнна тлумачыць для мяне нашу тыповую дзелавую этыку «кідані партнёра, пакуль ён не кідануў цябе», працоўную этыку «за такі заробак трэба яшчэ і крышку шкодзіць», напаўняльнасць дзіцячых хат пры жывых бацьках, колькасць шлюбаразводных працэсаў і максімальна ўтылітарнае стаўленне да аліментаў у абодвух бакоў.

І такая наша сітуацыя са стаўленнем да чалавека і яго правоў – у тым ліку і культурная спадчына 7 лістапада. Яшчэ раз, са святам усіх нас.

Аб’ектыў
Абноўлены даклад ААН пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
2023.09.22 22:41

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў