Літва, Латвія і Эстонія абмяжуюць уезд расейцаў праз свае межы, у тым ліку з Беларусі


Літва, Латвія і Эстонія дасягнулі пагаднення пра істотнае абмежаванне ўезду праз сухапутныя межы сваіх краінаў для грамадзянаў Расеі, якія маюць шэнгенскія візы. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч.

«Краіны Балтыі дасягнулі дамоўленасці істотна абмежаваць (за некаторымі выключэннямі) перасячэнне мяжы для грамадзянаў РФ, якія маюць шэнгенскія візы ЕЗ. Рашэнні будуць прымацца нацыянальнымі ўрадамі, згодна з нацыянальнымі працэдурамі, і набудуць моц адначасова», – напісаў у Twitter Эдгар Рынкевіч.

Выключэнні будуць датычыць кіроўцаў фураў, дыпламатаў і тых, хто будзе заязджаць у краіны паводле сямейных ці гуманітарных візаў.

Афіцыйна пра канкрэтныя захады, датычныя абмежаванняў уезду для расейцаў, будзе абвешчана бліжэйшым часам.

31 жніўня стала вядома, што Еўразвяз прыпыніць дзеянне пагаднення з Расеяй ад 2007 года аб спрошчанай выдачы візаў. Узгадніць жа поўную забарону на выдачу візаў грамадзянам РФ краіны Еўразвязу ў той дзень не здолелі.

У той самы дзень МЗС Эстоніі апублікавала супольную заяву з Латвіяй, Літвой і Польшчай, паводле якой прыпыненне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму – толькі першы крок. Краіны папрасілі Еўракамісію ўвесці новыя абмежавальныя санкцыі ў дачыненні расейцаў з шэнгенскімі візамі, якія можна будзе пашырыць на ўвесь Еўразвяз.

Hавiны
Урад Латвіі падтрымаў больш жорсткія ўмовы атрымання ВНЖ грамадзянамі Беларусі і Расеі
2022.09.06 17:59

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў