Асіметрыя Лукашэнкі: пагражае Польшчы, а пакарае Беларусь

Аляксандр Лукашэнка пагражае Польшчы, а заадно і краінам Балтыі, асіметрычным адказам. Кажа, маўляў, «сіл няма трываць ужо». Яго агрэсіўныя славесныя інтэрвенцыі пакуль поспеху не маюць – суседзі не баяцца, ужо прывыклі. Тым больш, што на гэтым полі цяжка сарваць апладысменты на фоне феерычна лютых допісаў Дзмітрыя Мядзведзева. Размах не той.

Фота носіць ілюстрацыйны характар. Сельскагаспадарчая тэхніка.
Фота: Белсат

Але калі ўсё ж паспрабаваць ставіцца сур’ёзна да словаў Лукашэнкі, якія карты ў яго на руках?

Вонкавагандлёвыя сувязі

Нягледзячы на санкцыйную вайну, узаемны тавараабарот скараціўся не вельмі значна. Больш за тое, пастаўкі тавараў з Польшчы ў Беларусь нават выраслі і склалі ў 2022 годзе каля $ 1,7 млрд. Асноўныя пазіцыі: аўтамабілі і сельскагаспадарчая тэхніка, хімічная прадукцыя, электрычныя машыны і абсталяванне.

Імпарт жа з Беларусі сапраўды асеў на чвэрць, аснова яго – драўніна, вырабы з дрэва і вугаль, прадукты хімічнай прамысловасці, а таксама аліва і металы. Сума – каля $ 1,3 млрд.

Трэба адзначыць, што пастаўляльнікі драўніны, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, шчасна знайшлі альтэрнатыўныя маршруты дастаўляць прадукцыю, і беларускія прадукты дрэваапрацоўвання без сурʼёзных праблемаў рабіліся армянскімі або кіргізскімі.

Ці можна зусім спыніць узаемны гандаль? Можна, але гэта той самы стрэл у нагу. Доля Беларусі ў экспартных пастаўках Польшчы ў 2022 годзе склала ўсяго 0,4 %. Доля Польшчы ў закупах тавараў з Беларусі – каля 3 %. Каму будзе больш балюча?

Такое дзеянне было б неразумным, але хто думае пра ўласную выгаду, калі размова ідзе аб «прынцыпах»? Цалкам магчымы сцэнар.

Транзіт

Беларусь – транзітная краіна для грузаў з Расеі, Кітаю і некаторых іншых азіяцкіх краінаў, у краіны Еўразвязу. Плыні гэтыя, якія перамяшчаюцца па чыгуначных і аўтамабільных магістралях у разы, а часам і на парадак больш, чым сам па сабе польска-беларускі тавараабарот.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Грузавы цягнік.
Фота: Белсат

Ці можа Лукашэнка перакрыць транзіт? Імавернасць гэтага ледзь вышэйшая за нулявую. За такія дзеянні нашаму рэгіянальнаму «назіральніку» за кітайскім транзітам давядзецца адказваць не перад мяккім і інтэлігентным кіраўніцтвам Еўразвязу, а перад усмешлівым сябрам з усходу, таварышам Сі, які такіх жартаў відавочна не зразумее і можа нават і троху засмуціцца, і выказаць лёгкае здзіўленне такімі паводзінам «нязменнага сябра» (all-weather).

Зусім выключаць такога ўзбрыку, безумоўна, нельга, але, гледзячы на мапу альтэрнатыўных маршрутаў праекту «Пояс і шлях», можна заўважыць, што Беларусь не зʼяўляецца ўнікальным мостам у Еўразвяз, і поўнае перакрыцце транзіту зноў у першую чаргу ўдарыць па эканамічных і палітычных інтарэсах рэжыму, зробіць яго лагістычным тупіком. Таму тут магчымасцяў зусім няшмат.

Адціск уласнасці

З пункту гледжання фінансавых адносін перакрываць няма чаго: ні буйных узаемных валютных абавязанняў, ні якіх-небудзь механізмаў, аналагічных SWIFT, у распараджэнні Лукашэнкі няма – не займелі. Атакаваць няма чаго і няма каго.

Але калі зірнуць унутр Беларусі, то цалкам можна знайсці абʼекты для спробаў ціску. І самым простым рашэннем, самай лёгкай мэтай здаюцца актывы польскіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі.

Пасля пачатку вайны Савет Міністраў Беларусі ўжо парадаваў замежных інвестараў (у тым ліку польскіх) спецыяльнай пастановай, якая забараняе свабодна распараджацца актывамі ўласнікам з «недружалюбных краінаў». Пакуль што ён толькі забараняе свабодную куплю-продаж уласнасці ў выглядзе долі ў прадпрыемствах альбо іх акцыяў. Але можна пайсці далей і пачаць наўпрост, цалкам па-камісарску адціскаць заводы і параходы, абвясціўшы свае дзеянні захадамі ў адказ.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Беларускія рублі і долары ЗША.
Фота: Белсат

Тым больш што адціскаць ёсць што. За гэтыя гады даверлівыя польскія інвестары ўкладвалі ў эканоміку Беларусі да $ 400 млн за год, у краіне было зарэгістравана каля 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам. Ёсць дзе разгуляцца. Цалкам перспектыўнае развіццё падзеяў.

Ціск на палякаў у Беларусі

Апошняе з магчымых абʼектаў ціску – беспасярэдне насельніцтва Беларусі, якое ідэнтыфікуе сябе паводле нацыянальнасці як палякі. Тут магчымасцяў не так ужо і шмат, проста таму што ўжо вялікі шлях пройдзены.

З верасня мінулага года апошняя польская школа ў Беларусі (у Горадні) пераведзеная на расейскую мову навучання. Саюз палякаў у Беларусі пад кіраўніцтвам Анжэлікі Борыс сутыкнуўся з беспрэцэдэнтным ціскам рэжыму аж да арыштаў і абвяшчэння сайту арганізацыі экстрэмісцкім матэрыялам. Гісторыя гэтага ціску не новая.

У 1959 годзе палякамі сябе называлі 540 тыс. грамадзянаў БССР, сёння – толькі каля 290 тыс. жыхароў Беларусі. Куды яны ўсе падзеліся без войнаў, эпідэміяў і іншых стыхійных бедстваў?

Можна, вядома, закрыць і польскія консульствы, забараніць выдачу візаў, абвясціць злачынствам наяўнасць ВНЖ, карты паляка або працу на тэрыторыі Польшчы. Фантазія малюе дзіўныя перспектывы і, здаецца, менавіта тут могуць знайсці ўжыванне самыя парадаксальныя ініцыятывы.

За межамі нашага агляду павінны застацца нетрывіяльныя гісторыі тыпу свядомага выкіду ў бок ненавіснага Захаду радыеактыўных адкідаў Астравецкай АЭС ці правакацыйная трансляцыя з дапамогай спецыяльна ўсталяваных узмацняльнікаў гіта «Ах, Аляксандр!» з мэтай маральнага раскладання непадрыхтаванага польскага насельніцтва. Дапытлівыя мазгі могуць прыдумаць масу такіх бессэнсоўных, затое забіяцкіх камсамольскіх ініцыятываў, але здагадкі пра імавернасць іх рэалізацыі застаюцца па-за межамі маіх магчымасцяў. Усё астатняе можа адбыцца і нават мець некаторы публічны рэзананс.

Але, калі ўсё ж такі вярнуцца з гэтых глыбінь падсвядомасці на цвёрдую глебу рэальнасці, здаецца, што самы просты і эфектыўны спосаб развязання сённяшняга канфлікту, – гэта памілаванне аднаго-адзінага журналіста, Анджэя Пачобута. І ўсё. І гэта сапраўды было б асіметрычна.

Але гэта ж дзеянне застаецца і самым немагчымым для Лукашэнкі. І рэч не ў стратах, не ў грошах. Не па паняццях гэта, пацаны не зразумеюць. Так можна і аўтарытэт разгубіць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў