Падрыў машыны з Прылепіным. Тэракт ці інцыдэнт?

Падрыў машыны пад Ніжнім Ноўгарадам, у якой ехаў Захар Прылепін, выклікае шмат пытанняў. Гэтыя пытанні толькі назапашваюцца і ў асноўным з-за супярэчлівых заяў Крамля і наступных заяў мясцовых паліцыянтаў. І ўсё таму, што яны толькі яшчэ больш заблытваюць сітуацыю.

Пісьменнік, сустаршыня партыі «Справядлівая Расея» Захар Прылепін.
Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

Ад самага пачатку, як толькі раніцай 6 траўня стала вядома аб інцыдэнце, зʼявілася паведамленне аб тым, што машыну ўзарвалі па геалакацыі праз ГЛОНАС. Усё б нічога, але ўслед за гэтым паведамілі, што затрымалі мужчыну, які хутчэй за ўсё датычны да гэтага падрыву. Можна было б пасмяяцца: няўжо самога распрацоўніка ГЛОНАС? Але тут новае паведамленне аб тым, што гэты самы мужчына быў паблізу ад учынення выбуху. А, калі ўзарвалі аўто праз ГЛОНАС, то навошта тады выканаўцу знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад выбуху?

Далей болей. Называюць імя затрыманага. Ім аказаўся нехта Аляксандр Пярмякоў. Аказваецца, што ён сам ураджэнец Данбаса з Дружкоўкі. Гэта зусім блізка ад Краматорска. Нібыта гэты Пярмякоў дзейнічаў па заданні ўкраінскіх спецслужбаў. Чаму менавіта яго затрымалі? Тут увогуле нічога не зразумела. Нібыта яго знайшлі ў найбліжэйшай ад месца выбуху вёсцы. Атрымліваецца, што ён хадзіў па гэтай вёсцы, пакуль яго не заўважылі паліцыянты? Самі яны тлумачаць гэта так: «Пры затрыманні Аляксандр Пярмякоў спрабаваў пераканаць паліцыянтаў, што ён проста лавіў на сажалцы курапатак. Выдаў яго той факт, што ў тым раёне не было ні сажалкі ні курапатак. У выніку мужчына быў затрыманы і дастаўлены ў аддзел паліцыі». Гучыць увогуле анекдатычна.

Hавiны
Затрыманы падазраваны ў падрыве аўтамабіля Захара Прылепіна
2023.05.06 18:10

Але далей яшчэ цікавей. Паводле кароткіх звестак у сацсетках высвятляецца, што затрыманы ў свой час сядзеў у турме ва Украіне за разбойны напад. У 2014-ым і 2015-ым ваяваў на баку сепаратыстаў на Данбасе. Потым ён перайшоў мяжу і прыехаў працаваць у Ніжні Ноўгарад. Сястра Пярмякова Ірына паведаміла, што Аляксандр працаваў на будоўлі. Ва ўсялякім разе ён сам так пісаў ёй і сваёй маці, якія зараз жывуць у Санкт-Пецярбургу. За восем дзён да затрымання Пярмякоў перастаў выходзіць на сувязь. Гэта азначае толькі адно – з ім гэтыя восем дзён нешта адбывалася.

А потым гледачам паказалі відэа з грубымі склейкамі, дзе ён прызнаецца, што гэта менавіта ён узарваў аўтамабіль з Прылепіным. Хто-хто, а беларускія гледачы мелі няшчасце бачыць такія відэа з прызнаннямі ва ўсіх смяротных грахах дзясяткі разоў. На іх збітыя і запалоханыя людзі гавораць на камеру фразамі з міліцэйскіх пратаколаў. Тысячы беларусаў ужо, на жаль, на ўласным вопыце пераканаліся, што міліцэйскія пратаколы гэта асаблівы жанр пісьменства, які ні з чым не пераблытаеш. І ў звычайным жыцці людзі, ва ўсякім разе звычайныя абывацелі, такой мовай не размаўляюць. А тут на камеру Пярмякоў «прызнаецца», што ў 2018 годзе яго завербавалі ўкраінскія спецслужбы. Ён кажа, што ў 2022 годзе спецыяльна выехаў на тэрыторыю Расеі, каб ліквідаваць крамлёўскага ідэолага Прылепіна. Але як тады быць з тым, што ён з 2015 года працаваў у Расеі? Можна сабе ўявіць, як зараз напружыліся яго былыя калегі па працы. Яны ж цяпер цікавыя сведкі, калі што.

Але вернемся да Пермякова. Па інфармацыі следчых у яго былі дзве супрацьтанкавыя міны. Атрымліваецца, што ён іх закапаў у тым месцы, дзе павінен быў праехаць Прылепін і сядзеў, чакаў недалёка ў лесе, каб націснуць на пульт-узрывальнік, калі на іх наедзе машына з Прылепіным? На гэтым фоне гучыць інфармацыя, што ёсць яшчэ адзін затрыманы, а яшчэ іншых шукаюць у Падмаскоўі.

Цікавая і асоба вадзіцеля і па сумяшчальніцтве целаахоўніка Прылепіна, якому пашанцавала менш у момант выбуху і ён памёр на месцы. Гэта 27-гадовы баявік з Луганска Аляксандр Шубін па мянушцы «Злы». Ён быў у складзе тых 32 вагнэраўцаў, якіх у ліпені 2020 года перад самымі выбарамі затрымалі сілавікі ў санаторыі пад Менскам. Лукашэнка тады быў вельмі ўстрывожаны сітуацыяй і казаў на сустрэчы ў 5-ай брыгадзе: «Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, яны спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых краінах«. Выдачы гэтых баевікоў тады патрабаваў украінскі бок. Гэты Шубін знаходзіцца ў спісе «Міратворца».

Hавiны
Забітага кіроўцу палітыка Прылепіна знайшлі сярод вагнэраўцаў, якіх затрымлівалі ў Беларусі ў 2020 годзе
2023.05.07 15:43

Сам Прылепін не так даўно прызнаваўся, што датычны да смерці ўкраінцаў на тэрыторыі іх краіны. Ён і ехаў з зоны баявых дзеянняў. Такім чынам і загінулы вадзіцель Шубін і сам паранены Прылепін зʼяўляюцца камбатантамі. Даводзіцца ўжываць такі тэрмін з гуманітарнага права, паколькі МЗС Расеі назвала падрыў аўтамабіля з Прылепіным і Шубіным тэрактам. Камбатантам называюць асобу, да якой, згодна з міжнародным гуманітарным правам, дазволена ўжываць сілу ў сітуацыі ўзброенага канфлікту. Трэба разумець, што камбатант лічыцца законнай ваеннай мэтай падчас баявых дзеянняў. Гэта значыць камбатанты могуць пераследавацца толькі за парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, у прыватнасці, за ўчыненне ваенных злачынстваў. Пры ўзяцці ў палон камбатанты маюць права на статус ваеннапалоннага і на абарону, якая прадстаўляецца Трэцяй Жэнеўскай канвенцыяй. Яшчэ раз падкрэслю, што, згодна з міжнародным гуманітарным правам, і Прылепін і Шубін зʼяўляюцца законнай вайсковай мэтай.

Таму няма абсалютна ніякіх падставаў у Расеі называць гэты інцыдэнт тэрактам. Прылепін ваенны злачынца, паколькі ваюе на баку агрэсара. Але ў любым выпадку ён разглядаецца як вайсковец, таму што камандаваў вайскоўцамі падчас вайсковых дзеянняў. І нават сам пра гэта піша. Ці мае права Расея ў дадзеным выпадку звяртацца ў міжнародныя структуры, каб абвінаваціць Украіну ў здзяйсненні тэракту? Атрымліваецца, што – не.

А тым часам зʼявілася інфармацыя аб тым, што адказнасць за інцыдэнт узяў на сябе рух украінцаў і крымскіх татараў «Алёш». Ну і па словах ніжагародскіх медыкаў Прылепіна вывелі са стану медыкаментознага сну і адчувае ён сябе адносна бадзёра. Паглядзім, што ж ён сам скажа наконт таго, што адбылося. Выглядае, што гэты шар з пытаннямі пакуль будзе толькі расці.

Hавiны
Расейскі пісьменнік і палітык Захар Прылепін апрытомнеў
2023.05.07 12:37

Любой Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў