Лукашэнка рыхтуецца да вайны

На гэтым Тыдні Лукашэнка сказаў, што рыхтуецца да вайны. Маўляў, вайны ён не хоча, але рыхтуецца. Вось што сёння ён прадае беларусам – трэба рыхтавацца да вайны.

Аляксандр Лукашэнка са шпіцам прымае даклады беларускіх генералаў аб боегатовасці беларускіх войскаў.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого

Беларусы перажылі такую колькасць войнаў, што некаторыя гісторыкі кажуць пра траўму на ўзроўні генетычнай памяці. Ды і сам дыктатар раней любіў падкрэсліваць, што ў нас няма ніводнай сямʼі, ў якой нехта б не загінуў падчас Другой Сусветнай. А зараз кажа, што нам трэба ментальна рыхтавацца да трэцяй сусветнай.

І калі я чую словы Лукашэнкі, я думаю, наколькі моцна ён перастаў адчуваць тое, чаго сапраўды хочуць беларусы і наколькі моцна ён здрадзіў сваім уласным перакананням, думкам і абяцанням. 30 гадоў Лукашэнка прадае імідж палітыка, які гатовы запэўніць мір і стабільнасць у сваёй краіне любым коштам – але ўсё гэта аказалася пустымі словамі. Вось 1999 год, пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу: «Рэальным і важкім укладам у стварэнне адзінай сістэмы бяспекі для ўсіх без выключэння краін Еўропы зʼяўляецца прапанова Беларусі стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, вольную ад ядзернай зброі».

Смешна гэта зараз чытаць, праўда? Адзіная краіна цэнтральнай і ўсходняй Еўропы ў якой з 1999 года зʼявілася ядравая зброя гэта Беларусь. А Лукашэнка сёння гэтым яшчэ і выхваляецца. Сам прапанаваў адмовіцца, сам падкрэсліваў, што гэта дапаможа стварыць «адзіную сістэму бяспекі для ўсіх». А ў выніку ён адзіны, хто і парушыў уласную прапанову. Але чытаем нашага «вялікага міратворца» далей. 2006 год: «Наша дзяржава – прыхільнік бяспекі ў рэгіёне і свеце. Мы першымі ў гісторыі адмовіліся ад ядзернай зброі, аднымі з першых выканалі ўмовы дамовы аб скарачэнні звычайных узбраенняў».

А на гэтым тыдні Лукашэнка зацвердзіў унясенне ў парламент закона аб спыненні дзеяння той самай дамовы аб скарачэнні звычайных узбраенняў. Хваліцца дыктатар умее пра тое, што ён нешта там першы зрабіў. Ёсць толькі ў яго пэўная праблема з тым, каб узятыя на сябе абяцанні выконваць. Абяцаць і хваліцца ўмее, а вось трымаць слова ў яго атрымліваецца слаба.

«Лепш дзясяткі і сотні гадоў перамоваў, чым адзін дзень вайны. Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку. Да няшчасця, хтосьці забыўся ўрокі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя ўрокі мог забыцца хто заўгодна, але толькі не беларусы», – цытата з паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, 29 красавіка 2015 г.

Нават не ведаю якую пасля гэтага зрабіць выснову: ці то ў Лукашэнкі цалкам памяць адшыбла, ці можа проста ніякі ён не беларус?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў