«Хочацца, каб за гэта пакаралі». Беларусь амаль год не аддавала Украіне цела забітай на вайне дзяўчынкі


Аксана Яцюк, цётка зніклай у Кіеўскай вобласці 15-гадовай Арыны Яцюк, апавяла «Белсату» пра пошукі сваячкі. Расейскія вайскоўцы адвезлі дзяўчынку ў Мазыр, але ўлады ў Беларусі амаль год хавалі інфармацыю пра гэта.

15-гадовая Арына Яцюк, цела якой амаль год хавалі ў Беларусі.
Фота: Ksenija Jacuk / Facebook

Сям’я Яцюк трапіла пад абстрэл расейскіх войскаў у Кіеўскай вобласці, калі ехала да сваякоў ва Умань. Гэта здарылася 3 сакавіка летась. Бацькі былі забітыя, а дочкі выжылі. Дзяцей забралі на танках расейскія жаўнеры, малодшую, 9-гадовую Валерыю, аддалі незнаёмым людзям у сяле Капылаў, а старэйшую, 15-гадовую Арыну, як яны сказалі, «павезлі на лекаванне ў Беларусь».

Як потым згадвала Валерыя, у сястры было раненне сцягна: «На назе быў вялікі і жудасны пухір».

З таго часу аніякіх звестак пра Арыну не было.

Hавiны
Цела 15-гадовай украінкі хавалі ў моргу Мазыра. Яе вывезлі расейцы на лячэнне
2023.12.06 12:03

Сваякі дзяўчыны здагадваліся, што яе завезлі ў Мазыр, куды шпіталізавалі параненых расейскіх вайскоўцаў, якія атакавалі Украіну з беларускай тэрыторыі на пачатку вайны. Аднак на ўсе звароты ўлады ў Беларусі адказвалі, што Арыны ў краіне няма, паведаміла «Белсату» цётка дзяўчынкі Аксана Яцюк:

«Здагадваліся, што ў Мазыры, бо мы ведалі, у які бок яе павезлі. Яе забіралі разам з параненымі расейскімі вайскоўцамі. У МЗС пісалі, у МУС, у Мінздароўя, усюды пісалі. І прыходзіў афіцыйны адказ, што яе ў Беларусі няма».

Чаму ў Беларусі хавалі гэтую інфармацыю, спадарыня Аксана не ведае: «Для мяне гэта таксама загадка».

Цела дзяўчынкі прывезлі ва Украіну ў канцы 2022 года, але родныя не ведалі пра гэта. Ім паведамілі ў траўні сёлета, калі сталі вядомыя вынікі ДНК-экспертызы:

«Нам паведамілі толькі, калі высветлілі асобу. Гэта быў абмен палоннымі і забітымі, целы загінулых прывезлі ва Украіну, і яна трапіла разам з імі».

Бацькі Валерыі і Арыны Яцюк, забітыя расейскімі вайскоўцамі.
Фота: Ksenija Jacuk / Facebook

Суразмоўца «Белсату» адзначыла, што беларусы, у якіх прасілі дапамогі падчас пошукаў Арыны, ніколі не адмаўлялі, хаця і баяліся наступстваў.

«Маю сяброў-беларусаў, вельмі шмат знаёмых, вельмі шмат людзей адгукнулася, я была ў шоку сама. Калі мы шукалі Арыну, вельмі шмат людзей нам дапамагала. Людзі баяліся, мы прасілі, яны нам дапамагалі, казалі: «Вось дапаможам, але не ведаем, чым гэта скончыцца, як гэта будзе». Але дапамагалі».

Hавiны
Падлетак, вывезены з акупаванага Марыупалю ў Расею, вярнуўся на радзіму транзітам праз Беларусь
2023.11.19 18:04

Аксана Яцюк мяркуе, што адказныя за ўтойванне цела пляменніцы ў Беларусі мусяць быць пакараныя:

«Натуральна, хацелася б, каб за гэта было пакаранне, каб пра гэта ўсе ведалі. Яна фактычна была ў Беларусі, але ўсе баяліся даць гэтую інфармацыю».

Малодшая Лера цяпер жыве ў сям’і цёткі і дзядзькі.

«Натуральна, яна ўспамінае. Яна пра гэта не забудзецца. Гэта яе бацькі і яе сястра. А так, вядома, адаптавалася, жыве іншым жыццём», – падсумавала суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Суд пацвердзіў, што расейскія вайскоўцы вывезлі параненае дзіця з Украіны ў Беларусь
2023.12.05 09:52

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў