Эканаміст Віталь Алейнік: Расейскія тавары разганяюць інфляцыю ў Беларусі


Міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў заявіў на канале «Беларусь-1», што падатковы камітэт Беларусі і Расеі будзе створаны неўзабаве. Эканаміст Віталь Алейнік мяркуе, што гэта можа сведчыць пра яшчэ большае паглынанне Менску Масквой. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

Таксама эканаміст бачыць мэтай стварэння агульнага падатковага камітэту спробу перашкодзіць камерцыйнай дзейнасці, бізнесу, і іхнай дапамозе папулярным палітычным плыням.

«Любы механізм, які кантралюецца дзяржавай, у дадзеных абставінах можа выкарыстоўвацца не па наўпроставым назначэнні».

Абяцанні ж павысіць у наступным годзе якасць жыцця беларусаў Віталь Алейнік называе маніпуляцыяй і падкрэслівае, што калі ўласнаручна адкрыць праект бюджэту, то гэтыя абяцанні пачынаюць рассыпацца:

«Што тычыцца праекту бюджэту Беларусі на 2024 год і нібыта яго традыцыйнай вось такой сацыяльнай скіраванасці, хочацца адразу прыгадаць словы аднаго сумнавядомага дзеяча Беларусі: “Я баюся, каб гэта не стала ў Беларусі традыцыяй – хлусня! Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіну не ўтрымаем”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца».

Эканаміст, разважаючы над закладзенымі сумамі ў бюджэт наступнага году, называе 2,8 мільярды рублёў на сацыяльную дапамогу «здзекам» і нагадвае пра дэвальвацыю:

«Цяжка не пагадзіцца са старшынём Банку развіцця Беларусі, спадаром Ягоравым, які сказаў, што ціск на  інфляцыю варта чакаць менавіта з Расеі, адкуль зараз ідзе такі разбалансаваны імпарт прадуктаў, які ўваходзіць у спажывецкі кошык беларусаў».

Нагадвае Віталь Алейнік і пра пазыкі краіны, якія трэба будзе выплочваць у наступным годзе. Не варта, паводле эканаміста, чакаць і збалансавання эканомікі за кошт аптымізацыі на працоўных месцах, бо скарачэнні закрануць у першую чаргу тых, хто сапраўды працуе.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў